Беларускія канькабежцы сёння ўдзельнічалі ў дзвюх гонках на Алімпіядзе. І там, і там — апошнія
Рэдкая з'ява на Гульнях: дзве гонкі правялі беларускія канькабежцы — камандную і індывідуальную — і ў абедзвюх фінішавалі апошнімі.
Спачатку жаночая зборная Беларусі па канькабежным спорце не змагла прабіцца ў паўфінал каманднай гонкі пераследу. Беларусь прадстаўлялі Кацярына Сілаева, Яўгенія Вараб'ёва і Марына Зуева. Беларускі фінішавалі восьмымі з васьмі ўдзельнікаў. Цяпер яны выступяць у фінале D і пазмагаюцца з камандай Польшчы за сёмае месца. Заезд пройдзе 15 лютага.
Затым беларускі канькабежац Ігнат Галавацюк заняў апошняе, 30 месца на дыстанцыі 500 метраў.
Варта адзначыць, што на віражы беларус няўдала паставіў канёк і страціў хуткасць, прайграўшы ў выніку пераможцу больш за дзве секунды.
Нагадаем, што Беларусь на Гульнях у Пекіне мае пакуль толькі адзін медаль — срэбра ў біятлоне выйграў Антон Смольскі.