Са спорту — у бізнес: на чым зарабляюць грошы беларускія спартсмены
Адным спортам, тым больш падсанкцыйным, сыты не будзеш. «Тр*буна» расказвае, на чым, акрамя гульняў і спаборніцтваў, зарабляюць беларускія спартсмены.
Восень праўладнай падпісанткі Дзінары Алімбекавай выйшла насычанай. 1 кастрычніка яна згуляла вяселле з партнёрам па біятлоннай зборнай і таксама адэптам Лукашэнкі Антонам Смольскім. А праз пару тыдняў ураджэнка Казахстана стала прадпрымальніцай — цяпер яна валодае ў Мінску салонам прыгажосці, у якім раней абслугоўвалася як кліентка.
Алімбекава далёка не першая ў белспорце з тых, хто яшчэ падчас кар'еры пайшоў у бізнес — вось іншыя прыклады, якія сабрала «Тр*буна».
Аляксандр Глеб
Экс-хаўбек зборнай Беларусі ўжо доўгі час мае пасіўны прыбытак з арэнды нерухомасці, набытай за час футбольнай кар'еры. А яшчэ ў 2008-м (тады Глеб толькі перайшоў у «Барселону») цяперашні аматар прарэжымных мерапрыемстваў разам з партнёрам уклаўся ў стварэнне фабрыкі па вытворчасці шматслойных мяшкоў з крафт-паперы. Невялікае прадпрыемства знаходзіцца ў гарадскім пасёлку Наваельня ў Гродзенскай вобласці.
Станіслаў Драгун і Міхаіл Сівакоў
Драгун, які працягвае гуляць за БАТЭ — у ліку самых актыўных бізнесменаў белспорту. Першае ўкладанне паўабаронцы здарылася, калі яму было 25 гадоў: ён выкупіў дрэваапрацоўчае прадпрыемства ў Плешчаніцах. Аднак інвестыцыі ў 200 тысяч долараў Стас лічыць няўдалымі. Таксама Драгун у свой час уклаўся ў вытворчасць алкагольнага марозіва.
Самым вядомым набыццём футбаліста з'яўляецца паб у цэнтры Мінска. Доля ва ўстанове належыць таксама экс-гульцу зборнай Міхаілу Сівакову.
«Гэтая ідэя нараджалася доўга. Нас было чацвёра: двое прафесіяналаў у сферы, яшчэ адзін сябар і я. Праз час адзін таварыш выйшаў з праекта. Я тады закрыць усе пытанні не мог, прапанаваў Мішу [Сівакову]. Яму абмалявалі ідэю, ён сказаў, што ўсё супер, і пагадзіўся. У нас падобныя долі: у раёне 40%. І дамоўленасць, што ўсе страты дзелім напалам», — расказваў Драгун.
На пабе бізнес-укладанні Драгуна не заканчваюцца. Ёсць у футбаліста і доля ў кінабізнесе: кампанія, у якой ён стаў адным з сузаснавальнікаў, здае ў арэнду ўсё, што неабходна для здымак.
Сяргей Штанюк і Аляксандр Кульчы
Да Драгуна доля ў прадпрыемстве належала яшчэ аднаму экс-гульцу «нацыяналкі» Аляксандру Кульчаму, які прыйшоў у гэты бізнес разам з калегам па зборнай Сяргеем Штанюком.
— Адзін наш знаёмы ўжо працаваў у гэтай сферы і прапанаваў паспрабаваць і нам. Здаём у арэнду абсталяванне для здымак кінафільмаў і рэкламы. Хоць часы цяпер няпростыя, — неяк расказваў Штанюк.
Акрамя гэтага, Сяргей укладваў грошы ў камерцыйную нерухомасць, якую здаваў у арэнду, а ўжо пасля заканчэння кар'еры таксама адкрыў сетку кавярняў. Аднак гэты бізнес давялося дзяліць пры разводзе — прычым экс-футбалісту засталася меншая частка.
Сяргей Рутэнка
За некалькі гадоў да завяршэння гандбольнай кар'еры (Рутэнка, як і Глеб, тады выступаў за «Барселону») цяперашні кіраўнік Федэрацыі тэніса ўклаўся ў прадпрыемства па вытворчасці арганічных угнаенняў і перапрацоўцы жывёльнага гною. Як прызнаваўся сам падпісант за Лукашэнку, ён больш за год вывучаў прапанаваную яму сферу, перш чым увайсці ў бізнес.
Па выніку з яго дапамогай быў пабудаваны завод пад Магілёвам, галаўны ж офіс кампаніі знаходзіцца ў Маскве з прадстаўніцтвам у Мінску.
Максім Мірны
У экс-тэнісіста хапае бізнес-праектаў, распачатых падчас спартыўнай кар'еры: тут і адкрыццё некалькіх кафэ ў Мінску, і піцэрыя ў Фларыдзе, і будаўніцтва жылой і камерцыйнай нерухомасці.
Ну а самым вядомым праектам Мірнага з'яўляецца адкрыты ў 2011 годзе ў Мінску спартыўны цэнтр уласнага імя, які працуе і па гэты дзень.
Павел Белы
Некалі хакеіст мінскага «Дынама» і зборнай Беларусі яшчэ ў пачатку 2000-х увайшоў у кіруючы склад кампаніі «Тапас», заснаванай яго бацькам Аляксандрам Белым, таксама ў мінулым хакеістам. Фірма ў 2001-м прыйшла ў будаўніцтва, а калі Белы-малодшы, скончыўшы гульнявую кар'еру, трапіў у каманду Лукашэнкі і здолеў прабіцца ў адно звяно з дыктатарам, то кампанія атрымала прэферэнцыі ад рэжыму і ўвайшла ў лік найбуйнейшых забудоўшчыкаў па Мінску. Шмат гадоў Павел стабільна трапляе ў рэйтынг самых уплывовых і паспяховых бізнесменаў Беларусі.
Дар'я Домрачава
У 2016-м экс-біятланістка, якая тады знаходзілася ў дэкрэтным адпачынку, пачала выпускаць пад сваім брэндам спартыўнае адзенне. Яго і зараз можна купіць праз анлайн-краму.
Спартсменка прызнавалася, што спачатку яна планавала ўсё як хобі, але з часам пачала больш сур'ёзна ставіцца да праекта.
Марына Слуцкая
Задоўга да заканчэння кар'еры, якое здарылася ў 2021-м, адна з наймацнейшых дзюдаістак Беларусі адкрыла ўласны дзіцячы клуб адзінаборстваў, у якім заадно і трэніравала. Спартсменка адзначала, што гэта дапамагло ёй у кар'еры, бо яна па-іншаму зірнула на свае дзеянні на татамі.
— Хтосьці хоча зарабіць, хтосьці — вырасціць моцных спартсменаў. У мяне жаданне сумясціць гэтыя задачы. Я дзвюма рукамі за тое, каб кожны спартсмен высокага класа адкрываў падобныя клубы. У такім выпадку спорт у краіне будзе развівацца ў дзесяць, а то і ў дваццаць разоў лепш, — лічыць Слуцкая.
Яўген Касцюкевіч
Галкіпер, найбольш вядомы голам ад брамы да брамы за «Крумкачоў» у вышэйшай лізе, у 2013-м разам з таварышам адкрыў сваю піўную краму пад назвай «Щука» у родным Жодзіне. Прычым галкіпер і сам стаяў за прылаўкам у вольны ад трэніровак і гульняў час.
— Памятаю, бывалі дні, калі даводзілася вельмі цяжка. А восьмай раніцы едзеш у Мінск, ідзеш па кропках і забіраеш тавар. Потым адпраўляешся на трэніроўку. Адпрацоўваеш яе і вяртаешся ў Жодзіна, каб прывезці піва ў «разлівуху». Потым зноў гоніш у Мінск, каб забраць прадукцыю, якая адразу не змясцілася ў машыну. А затым яшчэ 3-4 гадзіны стаіш за прылаўкам у якасці прадаўца. Тады, вядома, адчуваў сябе так сабе, — успамінаў Касцюкевіч.
Андрэй Герашчанка
У Герашчанкі шлях быў адваротны. Ён зрабіў сабе імя ў дыстрыбутарстве: яго кампанія была адным з трох найбуйнейшых пастаўшчыкоў касметыкі і бытавой хіміі, — а ў 2011-м сышоў у IT-сферу. Кампанія бізнесмена распрацоўвае ПЗ для кіравання арганізацыямі. У 1996 годзе прадпрымальніка-пачаткоўца зачапіла трансляцыя алімпійскіх спаборніцтваў па стэндавай стральбе, але ў спорт ён прыйшоў, ужо будучы паспяховым бізнесменам. У 2000-х, стаўшы ўладальнікам стралковага клуба і старшынёй Беларускай федэрацыі стэндавай стральбы, Герашчанка пачаў выступаць сам і ў 2008-м нават адабраўся на Алімпійскія гульні, дзе ў скіце заняў 34-е месца.
На ЧС-2011 прадпрымальнік стаў 111-м—– і фактычна скончыў кар'еру. Але ў 2019-м стэндавую стральбу ўключылі ў праграму Еўрапейскіх гульняў у Мінску, правёўшы спаборніцтвы ў клубе Герашчанкі. Бізнесмен таксама прыняў у іх удзел — без поспеху.