У Рэчыцы гіне футбол

Падводзячы вынікі першай паловы сезона, мы коратка сфармулявалі невялічкі прагноз на заўтра — пра тое, што ў нейкай бачнай будучыні беларускія футбольныя клубы пачнуць пакутаваць ад фінансавай смагі. І вось табе на: не прайшло і паўгода, а малочныя рэкі ў вышэйшай лізе ўжо памалу перасыхаюць, як Аральскае мора. Сігналы бедства ідуць адразу з некалькіх бакоў і падаецца, што гэта толькі пачатак.

Рэчыцкі «Спадарожнік»: пралёт нармальны. Фота прэс-службы ФК «Спадарожнік»

Рэчыцкі «Спадарожнік»: пралёт нармальны. Фота прэс-службы ФК «Спадарожнік»

 Перад аднаўленнем нацыянальнага чэмпіяната пройдземся па асноўных балявых кропках на футбольнай карце краіны.

Віцебск: час зацягнуць паясы

Віцебск — горад Марка Шагала, «Славянскага базара» і футбола, якому ўсю дарогу чагосьці не хапае. Часам не хапае кваліфікаваных гульцоў, часам — дасведчаных менеджэраў, але часцей за ўсё не хапае грошай.Не, па мерках вышэйшай лігі паўночны клуб не тое, каб голы-босы — тут заўсёды ёсць што нашмараваць на хлеб, наліць у шклянку, і наогул ні адзін футбаліст яшчэ з голаду не апух. Іншая справа, што каманда месціцца ўсё ж буйным горадзе, абласным цэнтры — магло б на пражытак перападаць і больш. Але ёсць праблема: тамтэйшы клуб ніколі не меў заможнага генеральнага партнёра — як тыя ж «Белкалій» у Салігорску ці БелАЗ у Жодзіна. Пупавіна цягнецца да мясцовых уладаў, а ў тых пад рукой па вялікаму рахунку толькі адна жыццёвая крыніца — бюджэтныя сродкі. Плюс, вядома, штогод нешта набягае ад дробных спонсараў, неабыякавых да лёсу каманды.
Так і гуляюць віцебляне, маючы фінансаванне добра калі на медыянным ўзроўні па лізе. Аднак неўзабаве — і тое ўжо анансавана — скончацца і гэтыя адносна дабрабытныя часы.
Цікава, што пра чаканае ў «Віцебску» безграшоўе футбольнае грамадства даведалася наўпрост ад першакрыніцы — з інтэрв’ю клубнага дырэктара Мікалая Вайцюхоўскага, дадзенага прэс-службе. То бок не журналісты дазналіся пра праблемы, не чуткі дапаўзлі да шырокіх заўзятарскіх колаў, як гэта звычайна бывае. Па сутнасці, вынас смецця з хаты ініцыяваў сам клуб. Што ёсць дакладная прыкмета: справа насамрэч — дрэнь.
«Першы круг каманда гуляла, не атрымліваючы некаторыя выплаты з абяцаных, — скардзіўся ў тым каментары Вайцюхоўскі. — Я ўдзячны хлопцам, што з разуменнем ставіліся да сітуацыі і выконвалі сваю працу». І тлумачыў далей: «З нечаканымі непаступленнямі спонсарскіх сродкаў мы сутыкнуліся яшчэ ў снежні мінулага года. Тады атрымалася гэта перакрыць грашыма, атрыманымі за трансферы Шкурына, Пячэніна, Волкава і арэнды Дыега. Сёлета ж фінансавая сітуацыя па незалежных ад клуба прычынах яшчэ больш пагоршылася. Прычыны? Я не магу гэта каментаваць, лепш спытаць у кіраўніцтва абласнога ўпраўлення спорту».
Як бачым, сляды вядуць да мясцовых уладаў, а тым хіба шкада грошай? Былі б — далі б. А як не хапае, то не звяртацца ж у Міжнародны валютны фонд ці якую Лігу сексуальных рэформ.
У выніку на сёння становішча ў Віцебску наступнае. Да камады даведзена, што ў другім крузе паясы прыйдзецца зацягнуць, што прэміяльных і бонусаў футбалісты не ўбачаць, што гуляць прыйдзецца толькі за аклад (у сярэднім па камандзе ён скалдае каля трох тысяч рублёў). Хто пагаджаецца на такія ўмовы — таму гонар і павага. Хто не — таму абрусам дарога.
Гульцы чухаюць рэпу, думаюць.

Рэчыца: каманда на мяжы знікнення

Яшчэ горай усё з рэчыцкім «Спадарожнікам». Там, фігуральна кажучы, грошы скончыліся, бо не паспелі і з’явіцца. Там, кажучы прама, катастрофа. Заробкаў у камандзе не бачылі ажно з лютага. Перспектыў не бачыць ніхто. Ідэя перайменаваць клуб у «Тытанік» слушная, хаця што казаць — вельмі банальна ўсё гэта…
Пасярод сезона клуб у форменнай роспачы, дый ад клуба амаль нічога не засталося. Сышоў ужо другі галоўны трэнер, разбегліся, хто куды футбалісты і персанал, засталіся хіба дублёры, якім некуды бегчы… Няма каму выходзіць на поле, няма каму плаціць грошы, няма і грошай. Засталося толькі імя, але імя галоў не забівае.
У старой беларускай камедыі «Белыя Росы» герой казаў: вам трэба было так сыходзіцца, як мне ў космас ляцець. Во-во: гарушчай Рэчыцы трыба было так у вышэйшую лігу перціся, каб прыкра збанкрутаваць у першым жа «элітным» сезоне.
А лёс жа дасылаў перасцярогу яшчэ тады, калі можна было адмовіцца ад авантурнага дэбюту на вышэйшым узроўні. Зімой, пасля асэнсавання ўзросшых выдаткаў, ад фінансавання праекта ўхіліўся колішні галоўны донар — прадпрыемства «Рэчыцадрэў». Тут бы і скеміць клубнаму кіраўніцтву, што вышэйшая ліга — гэта шыбеніца, куды лепш не лезці. Аднак палезлі — ледзьве перахапіўшы нейкія капейкі на першы час — нібыта з голым азадкам на мурашнік. Каб заенчыць ад болю ў сярэдзіне лета.
Што будзе далей — лёгка здагадацца. Друкаваць грошы ў «Спадарожніку» не ўмеюць, а сабесаў для бясплатнага харчавання гаротных футбалістаў не прадугледжана нават у нашай «сацыяльна арыентаванай» рэчаіснасці. Верагоднасць раптоўнага зъяўлення новай крыніцы фінансавання ўпэўнена імкнецца да нуля, таму да канца сезону клуб, мабыць, не дацягне і сканае дзе-небудзь паміж чарговымі турамі каляндара. Кажучы афіцыйнай мовай, здымецца з чэмпіянату праз невырашальныя эканамічныя праблемы.
На момант напісання гэтых радкоў ужо прайшла неафіцыйная інфармацыя, што бліжэйшы матч рэчыцкай каманды супраць брэсцкага «Дынама» не адбудзецца. У «Спадарожніка» няма каму гуляць…


Мінск: пакуль жыць можна, але…

Мінск у дадзеным выпадку — аднайменны футбольны клуб з офісам на праспекце Пераможцаў. Адтуль пакуль не даносіцца апакаліптычны лямант, але трывожная сімптаматыка ў прэсу прасочваецца.
Галоўнае, што зафіксавана на гэты момант: паводле інсайдаў сайта footbik,by, клуб імкліва страчвае спонсараў. Увогуле «Мінск» цалкам бюджэтная арганізацыя — і калі сярод яго ўпраўленцаў ёсць людзі глыбока ўцаркоўленыя, то пры выпадку яны пэўна ставяць свечкі за здароўе сваіх мінгарвыканкамаўскіх куратараў. Бо іх шчодрасцю найперш клуб і жыве.
Аднак дапамагаюць мінчанам і спонсары, і вось менавіта гэты напрамак сёлета пачаў моцна прасядаць. Кажуць, гэта неяк звязана са звальненнем шматгадовага генеральнага дырэктара клуба Ігара Шлойда, але прама зараз гэтая падрабязнасць — другасная. Першасна тое, што праз сыход спонсараў «Мінск» не далічыцца ажно мільёна долараў. Да таго ж прыпыняецца прэстыжнае супрацоўніцтва — хай сабе і больш іміджавае — с расійскім клубам «Краснадар».
Усё гэта, канешне, не смяротна, але сітуацыю варта ўспрымаць у дынаміцы, а яна не радуе. І раней, калі ў краіне не было аніякага грамадска-палітычнага крызісу, футбольныя каманды мелі схільнасць да раптоўнага знікнення. Настолькі, што з такіх пакутнікаў лёгка скласці цэлы «мартыролаг» — і будуць там і мінскае «Тарпеда» з «Партызанам», і прысталічныя «Смалявічы» з «Дарыдай», і яшчэ доўгі шлейф з тых, пра каго альбо добра, альбо ніяк.
Што тады казаць пра сучаснасць з яе вечным саспенсам, калі ўпэўненасці ў заўтрашнім дні не дасць нікому ні страхавы поліс, ні старшыня Нацбанка.
Што асабліва паказальна, аніякіх гарантый не дасць сёння нават лаяльнасць да генеральнай лініі. Маркер лаялістаў у беларускім футболе вядомы — падпісанне знакамітага ліста праўладных спартсменаў. Алгарытм, калі зусім простымі словамі: ёсць пэўная колькасць аўтографаў — ёсць і віза Мінспорта на дзяржаўнае фінансаванне. Дык вось «Спадарожнік» і «Віцебск» сталіся ці не першымі, хто пайшоў на гэтыю здзелку. Падпісаў ліст і вышэйзгаданы Ігар Шлойда. Але, як бачым, гэта не выратавала адных ад разбуральных фінансавых праблем, а другога — ад заўчаснага звальнення.

Замежжа: ніколі не позна

Серыйная эканамічная рэцэсія ўжо накрывала беларускі футбол. У прыватнасці — у сярэдзіне нулявых гадоў, калі ў кароткі тэрмін абвальна дэвальвалася нацыянальная валюта. У доларавым вымярэнні даходы гульцоў рэзка панізіліся, але ці панізіўся ўзровень футбола — пытанне не відавочнае. Бо рынак працы адрэагаваў на сітуацыю прадказальна: беларусы, большай часткай людзі аседлыя, пачалі азірацца па баках — і ў рэшце рэшт пацягнуліся жураўліным клінам за мяжу.
І раптам выявілася, што пры дастатковай руплівасці здабыць добры кантракт на чужыне не такая ўжо праблема. Хтосьці ўладкаваўся ў Ізраілі, кагосьці прывабілі чэмпіянаты кшталту Румыніі, Венгрыі ці Грэцыі, нехта не пагрэбаваў другімі расійскім дывізіёнам. Не ад вялікага жадання, але пад ціскам абставін беларускія футбалісты ўліліся ў сусветныя трэнты, і ў тым дакладна няма нічога анамальнага. Еўрапейскі футбол ужо колькі дзесяцігоддзяў сцірае межы, і кожны амбітны гулец як тая рыба з прыказкі заўсёды шукае, дзе глыбей і лепей. І ад гэтага выйграюць усе.
Магчыма, што аналагічныя часіны чакаюць футбольную Беларусь і зараз. Што з фінансамі ў бліжэйшай будучыні, мякка кажучы, не палепшае — факт амаль што медыцынскі. Што айчынныя гульцы зноў пачнуць заглядвацца да замежжа — таксама прадказальна. Пытанне толькі ў тым, якая колькасць з іх будзе запатрабавана ў Еўропе на годным узроўні. Таму што цягам апошніх гадоў беларускі футбол занадта відавочна дэградаваў, а футбол заходні занадта бурна развіваўся, каб усё тут сыйшлося ва ўзаемнай гармоніі.