2016 год можа стаць самым цёплым за ўсю гісторыю назіранняў

Тэмпературныя паказнікі за 2016 год паказваюць на тое, што ён пабіў рэкорд 2015-га і стаў самым цёплым годам за ўсю гісторыю назіранняў.

_93650637_gettyimages_480589822.jpg

Па дадзеных НАСА і брытанскага Метэаралагічнага кіравання, глабальныя тэмпературы перавысілі ў мінулым годзе паказнікі 2015 года на 0,07 градуса па Цэльсіі.

Хоць гэтыя лічбы знаходзяцца на мяжы статыстычнай хібнасці, НАСА паказвае, што за апошнія гады тэмпературныя рэкорды былі пабіты тройчы.

На думку навукоўцаў, пэўную ролю адыграў феномен Эль-Ніньё, але асноўным фактарам сталі выкіды парніковых газаў у атмасферу.

«2015 год быў афіцыйна прызнаны самым цёплым годам у гісторыі назіранняў, але цяпер з'явіліся дадзеныя аб тым, што яго паказнікі перавышаныя ў 2016 годзе на 0,1-0,12 градуса, што здаецца невялікім ростам, але калі паглядзець на гэта ў доўгатэрміновым плане , то гэта вельмі вялікае перавышэнне», — сказаў Гэвін Шміт з НАСА.

Дадзеныя пра ваганні тэмператур былі апублікаваныя ў сераду некалькімі метэаралагічнымі агенцтвамі розных краін свету. Усе яны згаджаюцца з тым, што рост тэмператур ў 2016 збольшага абумоўлены уздзеяннем Эль Ніньё.

Брытанскае Метэакіраванне лічыць, што Эль Ніньё дадаў 0,2 градуса да сярэдняй тэмпературы мінулага года.

Іншыя фактары таксама ўздзейнічалі на рост тэмператур ў 2016 годзе, у тым ліку незвычайна цёплае надвор'е ў Арктыцы.

Метэаролагі з усяго свету адзначаюць важную ролю феномену Эль-Ніньё ў павышэнні тэмператур за мінулы год, аднак яны таксама згодныя ў тым, што ён не з'яўляецца галоўным фактарам у працэсе глабальнага пацяплення.

«Нават калі прыбраць уплыў Эль-Ніньё, два апошнія гады сталі самымі цёплымі за гісторыю назіранняў, а гэта азначае, што ў гэтым вінаватыя глабальнае пацяпленне і парніковы эфект», — кажа прафесар Элі Хайвуд з універсітэта Рэдынга.

«Мы таксама назіраем рэкорднае зніжэнне лядовага покрыва ў Арктыцы і Антарктыцы», — кажа супрацоўнік Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі Петэр Таалас.

«Арктыка награецца ўдвая хутчэй, чым у сярэднім свет. Пастаяннае скарачэнне марскіх ільдоў спрыяе змене клімату і цыркуляцыі акіянскіх вод у іншых раёнах свету. Мы таксама павінны надаваць увагу патэнцыйнаму росту выкідаў метану ў выніку раставання вечнай мерзлаты», — дадае ён.

Навукоўцаў і палітыкаў трывожыць той факт, што новыя дадзеныя пацвярджаюць павышэнне глабальнай тэмпературы на 1 градус у параўнанні з даіндустрыяльнай перыядам гісторыі чалавецтва. Новы паказнік набліжаецца да мяжы ў 1,5 градуса, устаноўленай Парыжскім пагадненнем па клімаце.

Навукоўцы лічаць, што 2017 год наўрад ці стане самым цёплым за гісторыю назіранняў, але напэўна ўвойдзе ў лік пяці самых цёплых гадоў.

Паводле BBC