2024-ты — год бясконцых выбараў. Дасье ў карыкатурах
Гэты год унікальны. У 2024 годзе прагаласуюць больш людзей ва ўсім свеце, чым калі-небудзь раней у гісторыі — прыкладна 40-50 працэнтаў насельніцтва планеты! Агляд галоўных выбараў, вынікі якіх могуць змяніць свет.
13 студзеня. Выбары на Тайвані
На Тайвані пройдуць выбары кіраўніка адміністрацыі, вынікі якіх могуць ускладніць узаемаадносіны вострава з Пекінам і павысіць градус напружання ў рэгіёне. Вядучы кандыдат выступае за незалежнасць і збліжэнне з ЗША, якія працягваюць узбройваць Тайбэй. Апазіцыя, якая выступае за дыялог з «мацерыком», аказалася няздольнай вылучыць адзінага кандыдата, што зніжае яе шанцы. Пры гэтым нядаўна кітайскі лідар Сі Цзіньпін паабяцаў, што Тайвань будзе аб'яднаны з Кітаем. Многія тлумачаць гэтыя словы як намер Пекіна арганізаваць на востраве пасля выбараў нешта накшталт Майдану. Спробы Пекіна паўплываць на вынікі выбараў на Тайвані — тэма мастака выдання Cartoon Movement.
15-17 сакавіка. Выбары прэзідэнта РФ
Тое, што Уладзімір Пуцін зноў стане прэзідэнтам, амаль ніхто не сумняваецца. У тым ліку мастак выдання Deutsche Wellе. Таму галоўным паказчыкам для Крамля заўсёды з'яўляўся нават не працэнт галасоў, які набраў Пуцін, а яўка выбаршчыкаў. Гэта пытанне міжнароднай рэпутацыі, якое шчыльна завязана з афіцыйнай рыторыкай аб тым, што з Пуціным большасць насельніцтва. Дадатковая інтрыга — ці не паспрабуе Масква напярэдадні галасавання зрабіць падарунак электарату ў выглядзе поспехаў на фронце? У сваю чаргу, Кіеў можа таксама паспрабаваць сапсаваць ВУП чакаемы трыумф за кошт вайсковых аперацый.
Красавік-травень. Парламенцкія выбары ў Індыі
Вынік выбараў у Індыі 2024 года акажа значны ўплыў на палітычную і эканамічную сітуацыю ў краіне. Магчымыя два асноўныя сцэнары: перамога ўрадавай партыі — Бхаратыйя Джаната Партыі (BJP), што прывядзе да працягу цяперашняй нацыяналістычнай палітыкі. У такім выпадку дзейны прэм'ер-міністр Індыі Нарэндра Модзі можа застацца на пасадзе кіраўніка ўрада на трэці пяцігадовы тэрмін. Прыход да ўлады апазіцыі ў выглядзе шырокай кааліцыі адкрые новую старонку ў гісторыі краіны. Мастакі, якія сімпатызуюць апазіцыянерам, спадзяюцца, што ім нарэшце атрымаецца адправіць Модзі на звалку гісторыі.
Май. Парламенцкія выбары ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы (ПАР)
На гэтых выбарах Афрыканскі нацыянальны кангрэс (АНК), які кіруе краінай пасля падзення апартэіду ў 1994 годзе, будзе абараняць сваю абсалютную парламенцкую большасць. Паколькі на папярэдніх выбарах АНК перамог, набраўшы рэкордна нізкія 60 працэнтаў, не ўсе ўпэўненыя ў новай перамозе Кангрэса. Тым больш, што частка актыву АНК вырашыла стварыць сваю партыю. Такі працэс пагражае фрагментацыяй партыйнага ландшафту Паўднёвай Афрыкі і надыходам эпохі палітычнай нестабільнасці. Магчымую развязку выбараў метафарычна адлюстраваў мастак газеты Mail and Guardian. На яго малюнку гіганцкі баксёр у шортах з партыйнымі фарбамі Кангрэса церпіць паразу ад трох маленькіх баксёраў, якія носяць форму з сімволікай апазіцыйных партый.
11-12 чэрвеня. Выбары ў Еўрапарламент (ЕП)
Насельніцтва ЕС дастаткова абыякава адносіцца да Еўрапарламента. Яўка на выбары ў ЕП, як правіла, на парадак ніжэйшая, чым на нацыянальныя. Як вынік, перавагу атрымліваюць антысістэмныя і маргінальныя партыі. У апошні час гэтая з'ява набыла характар устойлівага трэнду. Таму ў чэрвені нацыянал-кансерватары, еўраскептыкі і іншыя правыя сур'ёзна маюць шанец умацаваць свае пазіцыі ў ЕП. На малюнку выдання Vox Pol правыя папулісты сустракаюць 2024 год, як год будучага трыумфу. У сваю чаргу, кіруючая эліта рыхтуецца даць бой. Урсула фон дер Ляен заявіла, што гэты год — вырашальны для дэмакратыі.
Восень. Выбары ў Вялікабрытаніі
Дзейны прэм'ер-міністр Рышы Сунак, верагодна, прайграе. Лейбарысцкая апазіцыя пад кіраўніцтвам Кейра Стармера знаходзіцца далёка наперадзе па ўсіх апытаннях. Вось так стартавыя пазіцыі канкурэнтаў выявіў карыкатурыст выдання Evening Standart.
Больш за тое, лейбарысты маюць шанцы атрымаць у парламенце большасць і сфармаваць аднапартыйны ўрад. Буйная перамога лейбарыстаў на выбарах паклала б канец 13-гадоваму праўленню торы. Але ці зменіцца штосьці кардынальна — вялікае пытанне. Кейр Стармер многім нагадвае Тоні Блэра, які шмат казаў, аднак мала рабіў. Хіба што адносіны Лондана з Еўрасаюзам пры лейбарыстах напэўна пацяплеюць.
5 лістапада. Выбары прэзідэнта ЗША
Ну і вішанька на торце — выбары прэзідэнта ЗША 5 лістапада 2024-га. Прэзідэнцкая дуэль у ЗША паміж Дональдам Трампам (ці нейкім іншым рэспубліканцам) і Джо Байдэнам абяцае быць вельмі напружанай. Узаемныя абвінавачанні і пагрозы, якія пераходзяць этычныя рамкі, ствараюць выбухованебяспечную атмасферу ў краіне, калі пагроза палітычнага гвалту становіцца ўсё больш рэальнай. Нават не выключаецца варыянт рымейку грамадзянскай вайны. На малюнку выдання Orange Country Register дзядзька Сэм (сімвал ЗША) канстатуе, што ён стаіць перад фатальным выбарам.
Застаецца дадаць, што акрамя пералічаных выбарчыя кампаніі сёлета пройдуць у Венесуэле, Сенегале, Інданезіі, Мексіцы, Уругваі, Сальвадоры, Дамінікане, Мазамбіку, Намібіі, Судане, Пакістане, Беларусі. Як бачым, у 2024-м сумна не будзе.