Абдэльазіс Бутэфліка. Балтазар Гарсон. Прамод Муталік.

Абдэльазіс Бутэфліка

Абдэльазіс Бутэфліка

Прэзідэнт Алжыра, які лічыцца аўтарытарным палітыкам, ужо двойчы абіраўся прэзідэнтам, і 7 красавіка збіраецца атрымаць мандат у трэці раз (хоць пра тое, што выбары прэзідэнта будуць нагадваць фарс, ведаюць у Алжыры ўсе). Аднак на гэты раз на шляху рэалізацыі плану ў прэзідэнта ўзніклі перашкоды. Галоўная апазіцыйная партыя нечакана заявіла, што будзе байкатаваць мерапрыемства. Мова пра «Фронт сацыялістычных сілаў» (FFS), самую старую партыю апазіцыі, заснаваную яшчэ ў 1963 годзе. Карым Табу, старшыня FFS, заявіў: «Байкот у цяперашніх умовах — гэта форма праяўлення любові да сваёй радзімы». FFS стала апошняй буйной палітычнай структурай краіны, якая падтрымала ідэю байкоту. Раней падобнае рашэнне прынялі іншыя ўплывовыя партыі апазіцыі — «Асамблея за культуру і дэмакратыю» (RCD) і партыя ісламістаў. Цяпер усе чакаюць рэакцыі ўладаў. Пойдуць яны на дэмакратызацыю выбарчага працэсу або рэжым рызыкне праводзіць выбары з адным кандыдатам? Шмат што можа залежаць ад пазіцыі Парыжу — галоўнага эканамічнага партнёра Алжыру. Праўда, у студзені Нікаля Сарказі заявіў, што «ўрад Бутэфліка неабходна падтрымліваць, паколькі ніхто не жадае з’яўлення ўраду талібаў у Алжыры».

Балтазар Гарсон

Калі называюць імя генеральнага пракурора Іспаніі, першае, што прыходзіць на памяць, пераслед баскскіх сепаратыстаў. Менавіта з падачы пракурора былі забаронены ўсе палітычныя партыі прыхільнікаў незалежнасці Краіны Баскаў. Аднак у зоне ўвагі пракурора знаходзяцца не толькі сепаратысты, але і імперыялісты, якіх у Іспаніі ўвасабляе кансерватыўная «Народная партыя» (РР). Балтазар пачаў аперацыю «Пояс», мэта якой — высветліць крыніцы даходу прадпрымальніка Францыска Карэа, аднаго з галоўных партнёраў народнікаў на працягу апошніх 20 гадоў. Звычайна партыя, якая па іспанскіх законах дзейнічае за грошы дзяржавы, замаўляла яму праводзіць розныя партыйныя мерапрыемствы. Па версіі пракурора, частка тых грошай сыходзіла ў кішэні кіраўніцтва РР. Пад следствам ужо аказалася 37 парламентарыяў. Пакуль Карэа дае паказанні, лідэры РР спяшаюцца пазбавіцца ад патэнцыйных фігурантаў афёры. У добраахвотную адстаўку сышлі некалькі мэраў — сяброў РР. У скандалу ёсць важны аспект: ён выбухнуў за тры тыдні да выбараў у рэгіянальныя парламенты Галісіі і Краіны Баскаў, што можа адбіцца на выніках галасавання. Гэта супадзенне дало падставу кансерватарам заявіць, нібыта сацыялісты, якія знаходзяцца пры ўладзе, замовілі аперацыю «Пояс».


Прамод Муталік

Імя індуісцкага фундаменталіста, заснавальніка групы «Sri Ram Sena» («Войска бога Рамы»), нечакана згадалі самыя вядомыя СМІ свету. Прычына — экзатычная ініцыятыва рэлігійнага фанатыка. Напярэдадні Дня святога Валянціна Муталік заявіў, што ягоныя паслядоўнікі арганізуюць рэйд па барах і кафэ краіны ў пошуках тых, хто святкуе гэтае глыбока варожае індуісцкай веры свята «заходніх геданістаў». Хаця парушальнікам рэлігійных канонаў Муталік пагражаў толькі прымусовай лекцыяй пра асновы індуізму, усе чакалі актаў гвалту. У студзені сябры «Войска бога Рамы» правялі зачыстку бараў у пошуках жанчын, якія наведвалі падобныя ўстановы. Вайна за рэлігію вылілася ў банальнае збіццё наведвальніц кафэ. 14 лютага ў індыйскіх гарадах, дзе «Sri Ram Sena» дзейнічае найбольш актыўна, паліцыя ўзяла пад ахову бары, аднак да сур’ёзных сутыкненняў справа не дайшла. Застаецца дадаць, што выхадкі «індыйскіх талібаў» (так называюць групу Муталіка ў прэсе) самі індуісцкія кансерватары часта называюць вельмі правакацыйнымі і кампраметуючымі іх рух. Так, у снежні 2008 года фундаменталісты сарвалі паказ жаночай моды на падставе таго, што за дэфіле індыйскіх жанчын могуць назіраць заклятыя ворагі індусаў — мусульманскія мужчыны.