Ад Партугаліі да Аўстраліі: навукоўцы як супершпіёны прыроды
Навукоўцы спадзяюцца, што па гуках прыроды ўдасца адсачыць нават змяненне клімату.
Навукоўцы ў Індыяне на чале з Браянам П’яноўскі ўзяліся за цікавы праект. Яны вырашылі прыслухацца да Зямлі, літаральна — слухаць, што там у ёй дзеецца, паведамляе тэлеграм-канал «I have a Green».
І не проста так слухаць, а каб лепш зразумець, як мы ўплываем на нашу планету.
Навукоўцы ставяць свае датчыкі і мікрафоны паўсюль, як супершпіёны прыроды. Задача — запісаць усе гукі, якія выдаюць нашы лясы, рэкі, горы — агулам уся наша прырода. Ад Партугаліі да Аўстраліі. Гэта не толькі цікава, але і карысна!
Дапусцім, яны чуюць, што птушкі перасталі шчабятаць у нейкім лесе. І тут яны пачынаюць капаць глыбей: чаму так здарылася? Можа, недзе чалавек нешта нарабіў? Ці, наадварот, яны запісалі, як гукі прыроды становяцца гучнейшымі, а гэта можа казаць аб узнаўленні экасістэмы.
П’яноўскі ўпэўнены: па гуках яму ўдасца адсачыць нават змяненне клімату.
Напрыклад, казуркі, вельмі залежныя ад тэмпературы навакольнага асяроддзя, будуць з’яўляцца раней за сезон, а вось птушкі і сысуны, чый жыццёвы цыкл вызначаецца хутчэй распарадкам дня, да пары да часу не адрэагуюць на кліматычныя скокі. Таму найбольшую цікавасць уяўляюць земнаводныя, якія залежаць ад абодвух фактараў. Пакуль незразумела, як менавіта яны сябе паводзяць.
Так што гэтыя хлопцы не проста слухаюць прыроду дзеля забавы, яны ствараюць сапраўдны музычны альбом Зямлі, і кожная нота — гэта крок да захавання нашага прыгожага свету!