Ад яго залежыць лёс Французскай рэспублікі
У нядзелю, 22 мая, французы абіраюць прэзідэнта. Ужо зараз зразумела, што спатрэбіцца другі тур, у якім усё можна вызначыць пазіцыя Франсуа Байру, кандыдата ад ліберальнага «Дэмакратычнага руху» (MoDem).
У нядзелю, 22 мая, французы абіраюць прэзідэнта. Ужо зараз зразумела, што спатрэбіцца другі тур, у якім усё можна вызначыць пазіцыя Франсуа Байру, кандыдата ад ліберальнага
«Дэмакратычнага руху» (MoDem).
Арыфметыка другога туру прэзідэнцкіх выбараў у Францыі нагадвае славуты выраз: хлопчыкі — налева, дзяўчынкі — направа. У праекцыі на французскі выбарчы працэс гэты значыць: левыя
пры ўсіх раскладах прагаласуюць за левага кандыдата, сацыяліста Франсуа Аланда (хаця шмат хто лічыць яго апартуністам, рэвізіяністам, рэнегатам і г.д). Падобным чынам паводзяць сябе і правыя. Пры
ўсіх супярэчнасцях курсу цяперашняга французскага прэзідэнта, яны абяруць Сарказі толькі таму, што ён не падабаецца левай публіцы.
Калі Сарказі атрымае ўсе галасы правых выбарцаў (галісты, радыкалы, Нацыянальны фронт), то ў яго, па цяперашніх разліках, будзе каля 46 працэнтаў. Яго галоўны апанент з улікам падтрымкі электарату
ўсіх левых партый і прафсаюзаў (трацкісты, Зялёныя, Левы фронт, Сацпартыя) здольны атрымаць 48 працэнтаў. 46 + 48 = 94. Куды падзеліся яшчэ шэсць працэнтаў? Яны — у Франсуа Байру. Такім
чынам, ад яго залежыць лёс Французскай Рэспублікі.
MoDem — адначасова і новы, і стары актор у французскай палітыцы. Партыя ўзнікла ў 2007 годзе на базе Саюза за французскую дэмакратыю (UDF), які доўгі час увасабляў ліберальную традыцыю ў
краіне. Пры гэтым, аднак, пачынаючы з 1980-х гадоў, UDF знаходзіўся ў ценю галістаў. Стан рэчаў змяніўся з прыходам да ўлады ў партыі Франсуа Байру.
Байру нарадзіўся ў 1951 годзе ў сям’і небагатага селяніна. Вучыў класічную літаратуру ва ўніверсітэце Бардо, які скончыў ва ўзросце 23 гадоў, калі ўжо быў сябрам ліберальнай партыі. Байру
лічыць сябе заўзятым каталіком, хаця выступае прыхільнікам прынцыпу аддзялення рэлігіі ад дзяржавы.
Дзякуючы таму, што Франсуа пайшоў у палітыку, калі краінай кіраваў ліберал Жыскар д’Эстэн, зрабіць кар’еру было няцяжка. Ужо напрыканцы 1970-х гадоў ён працуе ў адным з
міністэрстваў. Байру адказваў за барацьбу з непісьменнасцю.
Пасля перамогі на выбарах галістаў пад кіраўніцтвам Эдуара Баладзюра ў 1993 годзе, Байру быў запрошаны ва ўрад у якасці міністра адукацыі. Падчас яго знаходжання на гэтай пасадзе былі праведзены
сур’ёзныя рэформы ў французскай сістэме адукацыі. Пасаду Байру захаваў і пасля таго, як у 1995 годзе новым прэм’ер-міністрам стаў Ален Жупэ, які дапоўніў паўнамоцтвы Байру кіраваць
сферай навукі.
Аднак на пачатку нулявых гадоў адносіны паміж галістамі і лібераламі рэзка пагоршыліся. З аднаго боку, Жак Шырак вырашыў аб’яднаць правы фланг і ліберальны цэнтр у «Саюз за народны
рух» (UMP). З іншага — Байру ніколі не хаваў, што марыць пра стварэнне цэнтрысцкай палітычнай сілы, здольнай на роўных супрацьстаяць галістам з правага флангу палітычнага
спектру.
Усё гэта закончылася тым, што UMP і UDF перасталі ўспрымацца як нешта адзінае. Тэндэнцыю на стварэнне ў Францыі асобнага ліберальнага полюса замацавалі прэзідэнцкія выбары 2007 года, калі Байру ў
першым туры адхапіў 18 працэнтаў. На хвалі поспеху ён заклікаў да рэструктурызацыі ліберальнага руху і да стварэння таго самага MoDem. Цікава, што першапачаткова Байру марыў, каб новая структура
называлася Партыя дэмакратаў. Ад ідэі давялося адмовіцца, паколькі скарочана назва гучыць на французскай мове «педэ», што на жаргоне значыць «гомасэксуалісты».
Давялося стаць «мадэмамі».
Вынікі пяцігодкі існавання MoDem дастаткова супярэчлівыя. З аднаго боку, лібералы сапраўды ператварыліся ў нешта аўтаномнае ад галістаў. Стварыўся асобны палітычныя дыскурс, які патрапіў у сферы
грамадства, дзе ніколі не было лібералаў. Так, MoDem падтрымліваюць брэтонскія і баскскія ўмераныя нацыяналісты, некаторыя эколагі, студэнцкая моладзь і дзеячы культуры. Байру па вялікаму рахунку
слушна кажа, што падзел французаў на правых і левых дастаткова штучны. У масе сваёй жыхары Францыі ў побыце прытрымліваюцца ліберальных цэнтрысцкіх поглядаў, і праблема ў тым, каб гэты голас быў
пачуты.
З іншага боку, сваю галоўную задачу — разбурэнне біпалярнай мадэлі французскай палітыкі, якая склалася пры Мітэране, — Байру не вырашыў. Апошнія буйныя выбары — выбары ў
Еўрапейскі парламент 2009 года — засведчылі, што партыя страціла дынаміку. Партыя MoDem атрымала 8 працэнтаў галасоў, хаця на папярэдніх выбарах мела 11%. Трэба адзначыць, што звычайна
выбары ў Еўрапарламент мала што значаць, і людзі любяць галасаваць за радыкальныя спісы. Выбарчая кампанія 2012 года аказалася яшчэ горшай. Рэйтынг Байру балансуе на мяжы 10 працэнтаў.
Магчыма, нейкую маральную кампенсацыю Байру зараз атрымае. Як ужо казалася, расстаноўка сіл сведчыць, што менавіта фармацыя лібералаў будзе вызначаць пераможца кампаніі.
Сам Франсуа, адпаведна, усё часцей трапляе ў аб’ектывы камер журналістаў. Пакуль ён упарта адмаўляецца адказваць на пытанне, за каго ён і яго партыя прагаласуюць у другім туры. Не
выключаюць, што Франсуа напярэдадні галасавання ў другім туры афіцыйна адмовіцца падтрымліваць усіх, як і 5 гадоў таму. Тады ён перад журналістамі кінуў у выбарчую скрыню чысты бланк для
галасавання.
Аднак тут ёсць нюанс. Не факт, што гэтак жа, як Байру, будуць дзейнічаць іншыя выбарцы MoDem. У 2007 годзе 40 працэнтаў усё ж адмовіліся ад байкоту і прагаласавалі за сацыялістку Сігален Руаяль. Калі
гэта паўторыцца, інтарэс да праекту Байру можа зменшыцца. І гэта ўжо зразумелі некаторыя партыйныя кіраўнікі, якія не хочуць быць маргіналамі. Яны дазваляюць сабе заклікі ў падтрымку таго ці іншага
кандыдата. Моладзевая секцыя, у сваю чаргу, ужо заявіла, што ў другім туры будзе агітаваць за кандыдата ад сацыялістаў.
Гэта разумеюць і сябры выбарчага штабу кандыдата. Як піша «Figaro», зараз атачэнне Байру думае, як выйсці з пасткі. Праблема ў тым, што ў час уздыму MoDem Франсуа адчуваў сябе
вельмі смела і казаў на адрас як сацыялістаў, так і галістаў усё, што, як гавораць, накіпела. Так, Сарказі ён назваў «дзіця варвара». Ад праграмы сацыялістаў з іх ідэяй увесці новыя
падаткі і павялічыць сацыяльныя дзяржаўныя фонды Байру не пакінуў мокрага месца.
Акрамя таго, сам Франсуа Аланд можа не прыняць жэсту замірэння. Напярэдадні другога туру яму патрэбна захаваць добрыя адносіны з электаратам камуністаў, чый кандыдат мае 15 працэнтаў падтрымкі.
Апошнія могуць не зразумець з’яўлення ў лагеры сацыялістаў ліберала. Тым больш, што блок камуністаў і сацыялістаў — гэта частка левай традыцыі ў Францыі.
Не кажучы пра тое, што Аланд і Сарказі ўжо дакладна маюць нейкія контуры персанальнага складу будучай адміністрацыі і наўрад ці будуць зараз займацца ракіроўкамі для Байру.
Вось такая драма: чалавек, які вырашае ўсё, не атрымае з гэтага нічога. Хаця, каб ацаніць маштабы спектакля, трэба дачакацца вынікаў першага туру.