Адхілены лідар Каталоніі заклікаў да дэмакратычнага супраціву
Адхілены ад улады лідар Каталоніі Карлес Пучдэмон заклікаў прыхільнікаў да дэмакратычнага супраціву супраць прамога кіравання з Мадрыда.
Парламент Каталоніі ў пятніцу прагаласаваў за выхад са складу Гішпаніі, ухваліўшы адпаведную дэкларацыю.
Адразу пасля гэтага гішпанскі сенат увёў у аўтаноміі прамое кіраванне з Мадрыда, а следам урад Гішпаніі аб'явіў аб роспуску каталонскага парламента і прызначыў новыя выбары на 21 снежня.
Прэм'ер краіны Марыяна Рахой абвясціў аб зняцці з пасады кіраўніка ўрада Каталоніі Карлес Пучдэмона і паабяцаў дамагчыся прызнання каталонскай дэкларацыі незалежнасці незаконнай.
Пазбавіліся сваіх пасад усе члены каталонскага ўрада, а таксама многія іншыя чыноўнікі, у ліку якіх кіраўнік паліцыі Каталоніі — Жузэп Луіс Трапэра.
Трапэра лічыўся саюзнікам лідараў Каталоніі, якія выступалі за аддзяленне рэгіёна. Мадрыд абвінавачвае яго ў мяцежы з-за невыканання абавязкаў па ахове супрацоўнікаў нацыянальнай паліцыі Іспаніі ад удзельнікаў пратэстаў перад рэферэндумам аб незалежнасці.
Дэманстрацыі за і супраць аддзялення Каталоніі працягваюцца да ночы. У Мадрыдзе запланаваная дэманстрацыя «ў абарону адзінства Іспаніі і Канстытуцыі».
Пра непрызнанне аддзялення рэгіёну выказаліся лідары большасці вядучых краін свету. Дзяржаўны дэпартамент ЗША заявіў, што Каталонія з'яўляецца неад'емнай часткай Гішпаніі.
Маштабны палітычны крызіс у Гішпаніі пачаўся, пасля таго як каталонскія лідары 1 кастрычніка, насуперак рашэнню Канстытуцыйнага суда, правялі рэферэндум аб незалежнасці.
Урад Каталоніі сцвярджаў, што пры яўцы ў 43% за незалежнасць прагаласавалі 90,18% удзельнікаў, супраць — 7,83%. Яшчэ 1,98% тых, хто прыйшоў на ўчасткі, кінулі ў урны пустыя бюлетэні.
Паводле рускай службы Бі-бі-сі