Адкуль пайшоў Дзень роднай мовы?

21 лютага ў свеце адзначаецца Дзень роднай мовы. Гісторыя з'яўлення свята звязана з трагічнымі падзеямі, якія адбыліся 21 лютага 1952 года ў цяперашняй сталіцы Бангладэш, горадзе Даке. 

Фота ittefaq.com

Фота ittefaq.com

Зрэшты, на той час ніякага Бангладэшу яшчэ не было. Нагадаем, што пасля сыходу брытанцаў з паўвострава Індастан у 1947 годзе на базе былой калоніі былі ўтвораны Індыя і Пакістан. Апошні складаўся з дзвюх ізаляваных адна ад адной частак — Заходні Пакістан і Усходні Пакістан. Гэтыя рэгіёны рэзка адрозніваліся па культуры і мове: у Заходнім Пакістане пераважала мову ўрду, а ва Усходнім — бенгальская.

У 1948 годзе ўрад аб'явіў урду адзінай афіцыйнай мовай на ўсёй тэрыторыі Пакістана. Рашэнне ўрада выклікала незадаволенасць большасці насельніцтва на ўсходзе. Аднак урад Пакістана не толькі не ўлічыў патрабаванняў жыхароў усходніх правінцый, але і забараніў дэманстрацыі ў падтрымку бенгальскай мовы.

Першапачаткова бенгальцы рабілі стаўку на парламент. Мясцовыя палітыкі прапанавалі да разгляду законапраект, які дазваляе выкарыстанне бенгальскай ў дзяржаўных справах. Але прэм'ер-міністр Пакістана дэнансаваў законапраект, угледзеўшы ў ім спробу падзяліць пакістанскі народ. Сярод часткі пакістанскай эліты была папулярная ўстаноўка, што  бенгальская — мова брудная, паколькі ўзнікла пад уплывам індыйскай культуры.

Глядзіце таксама

Менавіта пасля правалу заканадаўчай ініцыятывы пачаліся масавыя студэнцкія хваляванні, якія дасягнулі сваёй кульмінацыі ў лютым 1952 года. Яшчэ 31 студзеня на сустрэчы ва Універсітэце Дакі быў сфарміраваны «Цэнтральны камітэт па моўных пытаннях», які стаў каардынатарам пратэстаў. На 21 лютага была прызначаная чарговая дэманстрацыя, напярэдадні якой урад забараніў несанкцыянаваныя сходы больш за трох чалавек. Улады цэнзуравалі таксама навіны. Большасць прадзяржаўных СМІ называлі віноўнікамі студэнцкіх пратэстаў індуістаў і камуністаў.

21 лютага ў раёне ўніверсітэта адбыліся маштабныя сутыкненні. Па ходзе паліцыя адкрыла агонь і забіла некалькі чалавек. Навіны аб забойствах хутка распаўсюдзіліся па горадзе, пачаліся беспарадкі. Крамы закрыліся, грамадскі транспарт спыніў працу. Пачалася ўсеагульная забастоўка, якую часткова падтрымліваў дырэктарат і ўладальнікі фірм. На наступны дзень маніфестацыі і сутычкі працягнуліся і працягнуліся аж да сярэдзіны красавіка, калі кіруючая ў Пакістане партыя Мусульманская ліга пагадзілася абмеркаваць моўнае пытанне.

Адначасова адна з бенгальскіх левых партый выступіла з ініцыятывай адзначаць 21 лютага «Дзень пакутнікаў». На першую гадавіну пратэстаў многія жыхары Усходняй Бенгаліі ў памяць аб трагедыі надзелі чорныя стужачкі. Большасць офісаў, банкаў і адукацыйных устаноў у гэты дзень не працавалі. Студэнцкія арганізацыі дамовіліся з паліцыяй аб захаванні парадку, і больш за 100 тысяч чалавек сабраліся на мітынг, на якім лідары патрабавалі неадкладнага вызвалення палітычных зняволеных і моўнай рэформы.

Помнік пакутнікам за мову ў Даке, Бангладэш. Фота зроблена Карлам Эрнстам Рэмам, wefer-roehl.de

Помнік пакутнікам за мову ў Даке, Бангладэш. Фота зроблена Карлам Эрнстам Рэмам, wefer-roehl.de

Праз нейкі час цэнтр ужо не мог ігнараваць сітуацыю ва Усходнім Пакістане. 7 траўня 1954 года асамблея Пакістана прыняла рашэнне даць бенгальскай афіцыйны статут. Яна стала другой афіцыйнай мовай. Адпаведна тэкст артыкула канстытуцыі, прысвечаны мове, быў зменены на «Дзяржаўнымі мовамі Пакістана з'яўляюцца ўрду і бенгальская».

У 1956 годзе пасля прыходу да ўлады ў рэгіёне кааліцыі бенгальскіх партый 21 лютага атрымала назву Дзень роднай мовы і пачало набываць прыкметы афіцыйнага свята. Урад падтрымаў праект па стварэнні новага помніка пацярпелым за бенгальскую мову. Пасяджэнне парламенцкай асамблеі перапыніла хвіліна маўчання ў памяць аб студэнтах, застрэленых паліцыянтамі. Лідары бенгальскага руху арганізавалі масавыя мерапрыемствы ў гонар гадавіны, усе дзяржаўныя ўстановы і кампаніі аб'явілі 21 лютага выхадным.

Глядзіце таксама

Гэтым гісторыя не закончылася. Рух за статус бенгальскай мовы моцна паўплываў на бенгальскае грамадства і ў тым ліку ўзняў калектыўную самасвядомасць. Тым больш, што Усходні Пакістан заставаўся слаба прадстаўленым у грамадзянскіх і вайсковых структурах, атрымліваў меншую долю фінансавання і дзяржаўнай дапамогі. 

Як вынік пачалі гучаць лозунгі наконт пашырэння аўтаноміі. Напрыклад, узнікла ідэя даць правінцыі Усходні Пакістан новую назву — Бангладэш, з-за чаго ў перспектыве пачалася вайна за незалежнасць, у якой бенгальцы перамаглі. Вось так рух за мову прывёў да таго, што ў бенгальцаў з’явілася дзяржаўнасць.

Улічваючы, якую ролю ў дасягненні незалежнасці Бангладэша адыграў рух за моўныя правы, у 1999 годзе ААН выбрала менавіта 21 лютага Міжнародным днём роднай мовы.