Антраполагі шукаюць сваякоў Кастуся Каліноўскага
Празь некалькі дзён на Замкавай гары ў Вільні будуць адноўленыя працы археолагаў на месцы пахавання кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў.
Вымушаныя раскопкі былі распачатыя сёлетняй зімой, калі на знакамітай гары Гедыміна паплыў грунт, і рабочыя, што рабілі ўмацаванне схілу, выявілі чалавечыя парэшткі. Натуральна, паклікалі археолагаў. Аднак неўзабаве моцныя маразы прымусілі адкласці даследчыя працы да вясны.
Як распавёў старэйшы музеязнаўца аддзелу Сярэднявечча і Новага часу Нацыянальнага музею Літвы археолаг Арунас Калеюс (Arūnas Kalėjus) падчас круглага стала на Літоўскім радыё, навукоўцы схіляюцца, што выяўленыя ў пахаванні парэшткі людзей адносяцца да сярэдзіны – другой паловы ХІХ ст.Нябожчыкі былі пахаваныя бяз трунаў, абсыпаныя вапнай.
"Цікавейшая канфігурацыя пахавання мярцоў. Нават не пахавання, а закопвання. У групавой магіле трое мярцоў. Двое пахаваныя раўналежна адзін аднаму. Адзін з іх пахаваны на спіне і са звязанымі за спінай рукамі. Вядома, вяроўкі ці іншага рыштунку мы не знайшлі, але з размяшчэння касцей відаць, што ён пахаваны са звязанымі за спінай рукамі", — распавёў пра знаходку археолаг Арунас Калеюс.
Ён адзначыў, што гэта сведчыць пра пахаванне людзей без належнай пашаны.
Гісторыкі Нацыянальнага музею Літвы цяпер праводзяць дадатковае даследаванне, шукаючы дакументы, якія б пацвердзілі, так бы мовіць, аўтэнтычнасць гэтых паўстанцаў. У тагачасным расійскім вайсковым карным кодэксе былі строга вызначаныя правілы, рэгламент выканання смяротнага прысуду. Перад павешаннем так званага злачынцы (выкарыстоўваючы тэрміны тагачаснай Расійскай імперыі) рыхтавалі для гэтага спецыяльнае месца — у гэтым выпадку ўсе такія экзекуцыі (расстрэлы, павешанні) у Вільні адбываліся на Лукішскім пляцы. Гэта былі публічныя працэсы.
Дык чаму меркаваных паўстанцаў пахавалі на гары Гедыміна? Навукоўцы гавораць, што ў той час гара была на тэрыторыі расійскай фартэцыі. Тая тэрыторыя была закрытая, яе ахоўвалі, людзі з гораду не маглі туды патрапіць, там стаялі вайсковыя часткі. Гэта не дазваляла грамадзянам стварыць з магілы паўстанцаў культавае месца.
Літоўскія антраполагі кажуць, што для генетычнай экспертызы ім трэба знайсці жывых сваякоў Кастуся Каліноўскага. У гэтым маглі б дапамагчы беларускія даследчыкі.
Цалкам матэрыял па выніках круглага стала можна прачытаць на сайце "Радыё Свабода".
eurobelarus.info