Прэзідэнт Літвы вітае рашэнне Польшчы не купляць электраэнергію з Астравецкай АЭС
Услед за нашай літоўскай суседкай, ля межаў якой Беларусь будуе Астравецкую АЭС, Польшча таксама заявіла, што не будзе набываць электраэнергію з Беларускай АЭС.
— Не будзем купляць электраэнергію ў Астраўцы. Кропка. Кампанія PSE (Польскія электрасеткі) прыступіць да разборкі лініі электраперадачы Беласток — Рось, — сказаў ён.
Адна з прычын — «дэсінхранізацыя энергетычных сістэм» краін Балтыі, Беларусі і Расіі, — заявіў упаўнаважаны польскага ўрада па пытаннях стратэгічнай энергетычнай інфраструктуры Пётр Наімскі, паведамляе tut.by са спасылкай на BiznesAlert.pl.
Наімскі таксама сказаў, што Польшча падтрымлівае пратэст Літвы ў дачыненні да будаўніцтва БелАЭС.
— Калі электрастанцыя будзе пабудавана, то яна павінна адпавядаць усім стандартам бяспекі і аховы навакольнага асяроддзя.
Як заявіла прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ, рашэнне Польшчы не закупляць электраэнергію з АЭС, якая будуецца ў Астраўцы, пацвярджае пазіцыю Літвы пра тое, што гэтая станцыя ўяўляе пагрозу для ўсяго рэгіёну.
— Гэтая навіна важная для нас і вельмі пазітыўная таму, што яна адказвае і нашай пазіцыі і разуменню пагроз, якія ўяўляе АЭС у Астраўцы. Вельмі важна, што гэта робіць адна з найбуйнейшых краін, якая магла стаць патэнцыйным пакупніком электраэнергіі, чаго дамагаліся Расія і Беларусь.
У што гэта ператворыцца — ці завершыцца будаўніцтва гэтай станцыі, ці проста будзе спынены доступ гэтай электраэнергіі да еўрапейскіх ЛЭП — магчыма, час пакажа. Але тое, што мы атрымалі яшчэ адну краіну, якая падтрымлівае нашу пазіцыю, яшчэ раз пацвярджае і нашы словы пра тое, што гэтая атамная станцыя з'яўляецца пагрозай не толькі для Літвы, але і для ўсяго рэгіёну, — цытуе словы прэзідэнта Літвы interfax.by.
Адзначым, што доктар тэхнічных навук, прафесар Георгій Лепін, публікаваў вытрымкі з навукова-даследчай работы «Правядзенне комплексу работ па пошуку магчымых пунктаў размяшчэння АЭС (патэнцыйных пляцовак) на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», завершанай яшчэ ў 1993 годзе. У дакуменце Астравецкая пляцоўка, дзе цяпер будуецца атамная станцыя, прызнаная неспрыяльнай для размяшчэння такога аб'екта.Вільня з'яўляецца самым актыўным крытыкам БелАЭС, якая будуецца. Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ лічыць, што станцыя з'яўляецца геапалітычным праектам Расіі, накіраваным супраць Літвы. Раней у Літве заяўлялі аб намеры выйсці з энергакола БРЭЛЛ (Беларусь-Расія-Эстонія-Літва-Латвія), якое злучае энергасістэмы Расіі, Беларусі і балтыйскіх дзяржаў. Літоўскія ўлады неаднаразова заяўлялі, што маюць намер дамагчыся забароны на продаж у ЕС электраэнергіі з БелАЭС.
На сайце Міністэрства замежных спраў Літвы апублікавалі брашуру «# АстравецНебяспечны: 10 прычын, па якіх беларуская атамная электрастанцыя — гэта вялікая праблема».
Экалагічная грамадскасць Беларусі і Літвы патрабавала ад афіцыйнага Мінска безумоўнага выканання рашэння Нарады бакоў Эспа ЕЭК ААН па Беларускай АЭС. Беларускія эколагі патрабуюць неадкладна спыніць будаўніцтва Астравецкай АЭС.
Са свайго боку Мінэнерга Беларусі заявіла, што ўся вырабленая энэргія, на Беларускай атамнай электрастанцыі, якая будуецца ў Астраўцы, будзе запатрабаваная на ўнутраным рынку краіны.
Беларуская АЭС ўзводзіцца побач з Астраўцом ў 50 кіламетрах ад Вільнюса. Крэдыт для будаўніцтва выдзеліла Расія. Станцыя будзе складацца з двух энергаблокаў сумарнай электрычнай магутнасцю да 2400 МВт. Увод у эксплуатацыю першага блока запланаваны на 2019 г., другога — да 2020.
Паводле greenbelarus.info