Аперацыя «Дэметрыўс»: катаванні без суда і следства

Роўна 50 гадоў таму ў Паўночнай Ірландыі пачалася беспрэцэдэнтная хваля арыштаў каталікоў-ірландцаў. Многіх з іх наперадзе чакала турма без суда і бесчалавечныя катаванні.

cl_j47rwcaabofj.jpg


У 1971-м супрацьстаянне на поўначы Ірландыі перайшло ў амаль адкрыты ўзброены канфлікт. Гэтаму папярэднічала актывізацыя ў канцы 1960-х руху за грамадзянскія правы ірландцаў-каталікоў. Яны патрабавалі для сябе тых жа палітычных, сацыяльных і культурных правоў, што і пратэстанцкая большасць.
Брытанскі ўрад расцаніў гэта як выклік і рабіў усё, каб захаваць у рэгіёне статус-кво. Летам 1969-га ў правінцыю была адпраўлена брытанская армія. Спачатку насельніцтва вітала ўвод войскаў, спадзяваючыся, што салдаты будуць гарантамі міру. Але армія не стала нейтральным арбітрам. Жаўнеры выступілі саюзнікам лаяльных Лондану, часам вельмі агрэсіўных, пратэстантаў і далучыліся да брутальнай пацыфікацыі каталіцкіх кварталаў. У працоўных трушчобах Белфасца і Дэры ў адказ пачалося фарміраванне Ірландскай рэспубліканскай арміі (ІРА).


Многія вайсковыя афіцэры, камандзіраваныя ў Паўночную Ірландыю, раней змагаліся супраць паўстанцаў у калоніях — у Кеніі, на поўдні Емена, у Малайзіі. Сярод іншага брытанскімі каланізатарамі практыкавалася інтэрнаванне мясцовага насельніцтва і асоб, якія сімпатызавалі супраціву. Збольшага гэтым можна растлумачыць з'яўленне ідэі інтэрнаваць увесь актыў ірландскага руху.
9 жніўня 1971 года ў рамках аперацыі «Дэметрыўс» пачаліся маштабныя арышты. З раніцы ў сотнях дамах, дзе жылі фігуранты адпаведнага спісу, адбыліся ператрусы. Усе мужчыны, якіх знаходзілі ў памяшканнях, затрымлівалі і адпраўлялі ў спецыяльныя лагеры. Адтуль, пачынаючы з 1976 года, усе яны былі пераведзены ў турмы.
Усяго за першыя два дні аперацыі «Дэметрыўс» брытанскія ўлады інтэрнавалі 342 чалавека. На момант заканчэння аперацыі (снежань 1976-го) было затрымана больш за 2000 чалавек.
Пры гэтым ніякіх абвінавачванняў падчас арышту людзям не выстаўлялася. Салдаты спасылаліся выключна на загады камандавання. Зрэшты, першапачаткова інтэрнаваныя карысталіся асаблівым статусам палітвязняў, які пазней быў адменены.
Поўная невядомасць свайго прававога статуса была цяжкім псіхалагічным выпрабаваннем для затрыманых. Адзін з інтэрнаваных пазней успамінаў: «Мы ўвесь час думалі: усё гэта нейкая памылка, якая зойме дзень або два і цябе выпусцяць, паколькі табе ніколі не прад'яўлялі абвінавачванняў, ні разу не дастаўлялі ў суд. Таму ты наогул нічога не разумеў, што адбываецца. У рэшце рэшт, прайшло чатыры з паловай гады, перш чым я быў вызвалены з зоны для інтэрнавання».

By The original uploader was GiollaUidir at English Wikipedia. commons.wikimedia.org

By The original uploader was GiollaUidir at English Wikipedia. commons.wikimedia.org


Умовы ў месцах інтэрнавання былі далёка не курортнымі. Напрыклад, інтэрнаваных штодня прымушалі выконваць бессэнсоўныя фізічныя практыкаванні: рукі ўгару над галавой, рукі наперад перад целам, рукі за галаву, а затым нахіл галавы ўніз. Гэта працягвалася некалькі гадзін без перапынку. Некаторыя ў выніку падалі ад стомы.
У іншых турмах ад вязняў патрабавалі доўгі час стаяць смірна, трымаючы галаву прама. Пры гэтым вочы заўсёды павінны былі быць накіраваны ў столь. Адначасова наглядчык хадзіў паміж шэрагамі вязняў, правяраючы, ці яны сапраўды глядзяць куды трэба. Той, хто парушаў правіла, атрымліваў па спіне або галаве дубінкай.
Але тым, хто трапіў у турмы, магчыма, яшчэ пашанцавала. Адну з партый інтэрнаваных адправілі на вайсковыя базы, дзе катаванні былі яшчэ больш жорсткімі. Пры гэтым такія прыёмы як пазбаўленне магчымасці спаць на працягу некалькі сутак або пазбаўленне ежы і вады лічыліся амаль дзіцячым садком. На вязняў уздзейнічалі гукам, прымушалі ўвесь час знаходзіцца ў насунутым на вочы капюшоне. Каб напалохаць людзей да смерці іх на канаце кідалі з верталётаў з завязанымі вачыма ці ўнушалі, што іх выкідаюць з вялікай вышыні, хаця насамрэч яны былі скінуты з адносна невялікай адлегласці.

internment_in_ni_british_soldiers_round_up_suspects.jpg


Дасюль ідуць спрэчкі, навошта былі патрэбныя такія жорсткія здзекі? Ёсць версія, што менавіта тады спецслужбы вырашылі пачаць выкарыстоўваць падобныя метады здабывання інфармацыі. Ім была патрэбная эксперыментальная пляцоўка, якой і стала Паўночная Ірландыя.  
Нельга сказаць, што грамадства глядзела на гэты жах пасіўна. Ужо ў лютым 1972 года пры падтрымцы саюза ірландскіх юрыстаў адзін з інтэрнаваных, нехта Джон Мур падаў у суд на брытанскі ўрад. Асноўнымі абвінавачанымі былі міністр абароны Вялікабрытаніі і начальнік паліцыі Паўночнай Ірландыі. У выніку феміда стала на бок Мура. Ён атрымаў 300 фунтаў стэрлінгаў — самую высокую кампенсацыю на той момант за «наўмыснае незаконнае затрыманне і жорсткае абыходжанне падчас інтэрнавання».
У сярэдзіне 70-х сталі вядомыя факты, як абыходзіліся з людзьмі на вайсковых базах, што дазволіла абвінаваціць урад Брытаніі ў катаваннях. Аднак першая спроба аказалася няўдалай. У 1978-м Еўрапейскі суд па правах чалавека (ЕСПЧ) пастанавіў, што метады, якія выкарыстоўваліся брытанскімі сілавікамі супраць інтэрнаваных, былі «бесчалавечнымі і зневажаючымі годнасць». Такім чынам, яны сапраўды супярэчылі Еўрапейскай канвенцыі аб правах чалавека, але іх не варта прыраўноўваць да катаванняў.
Пад ціскам грамадскасці 2 снежня 2014 года тагачасны міністр замежных спраў Ірландыі Чарльз Фланаган ад імя ўрада ў Дубліне звярнуўся ў ЕСПЧ з просьбай адмяніць рашэнне 1978 года. Хаця ў 2018 годзе ЕСПЧ вырашыў не аднаўляць справу, вынік для праваабаронцаў быў не самы кепскі. Судзі патрабавалі прывесці больш фактаў згаданых вышэй катаванняў. Гэтым цяпер і займаюцца ў Ірландыі. Такім чынам, пакуль кропку ў гэтай справе ставіць заўчасна.