У ААН зарэгістравана скарга ўдзельніцы прэзідэнцкай гонкі-2020 Наталлі Стрэльчанкі
Актывістка партыі «Народная Грамада» з Дуброўна Наталля Стрэльчанка атрымала афіцыйны ліст з камітэту ААН па правах чалавека. Яе індывідуальная скарга зарэгістраваная пад нумарам 3946/2021. Падчас прэзідэнцкай кампаніі 2020 году яна вылучалася ў межах стратэгіі «30 кандыдатаў пратэсту». Але яе ініцыятыўная група, як і групы Мікалая Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага ды іншых кандыдатаў, не была зарэгістраваная выбарчай камісіяй, распавядае «Віцебская вясна».
20 студзеня 2020 году суд Дубровенскага раёну пакараў Наталлю Стрэльчанку за ўдзел у мірнай акцыі ў падтрымку незалежнасці Беларусі і супраць інтэграцыі з Расіяй, якая праходзіла ў Мінску 20 снежня 2019 года. Суддзя Марыя Цыклінская аштрафавала актывістку на 25 базавых велічынь (на той час — 675 рублёў). Суд трактаваў дзеянні Стрэльчанкі як «удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» (арт. 23.34 КаАП). У інтэрв'ю «Віцебскай Вясне» у 2019 годзе Наталля Стрэльчанка заявіла, што выступае супраць інтэграцыі з Расіяй бо не хоча, каб яе дзеці служылі ў расійскім войску.
З выракам райсуду актывістка не пагадзілася і абскардзіла
штраф у абласным судзе. 5 лютага 2020 году суддзя Ірына Смалякова пакінула яе
скаргу без задавальнення, а рашэнне Дубровенскага суду без зменаў. Прайшоўшы
ўсе ступені нацыянальнай судовай сістэмы (у тым ліку і Вярхоўны суд),
актывістка была вымушаная звярнуцца ў Камітэт па правах чалавека. Напісаць
скаргу ў КПЧ ёй дапамог праваабаронца Леанід Судаленка. Цяпер дзяржава Беларусь
мусіць адказаць КПЧ і прывесці свае довады.
На дадзены момант Наталля Стрэльчанка знаходзіцца па-за
межамі Беларусі. «Я ўжо не вытрымала іх рэгулярных «наведванняў» і ціску, праз
магчымае затрыманне і арышт вымушаная была зʼехаць», — кажа Наталля.
Усяго за апошні час у доме дубровенскай актывісткі адбыліся
5 ператрусаў. Апошні ператрус прайшоў 30 мая, пасля чаго яна прыняла рашэнне
зʼехаць з краіны.
Канфіскаваныя рэчы ёй так і не вярнулі.
Нагадаем, што раней у камітэт ААН па правах чалавека звярнулася Таццяна Севярынец. Яна мяркуе, што беларуская дзяржава парушыла яе права свабодна выказваць сваё меркаванне і ўдзельнічаць у мірных сходах.