Як праз год пасля пратэстаў сілавікі збіваюць людзей

Магілеўчанін Мікалай Французаў назаўжды запомніць 5 жніўня, калі да яго ўварваліся супрацоўнікі 11-га ўпраўлення ГУБАЗіК МУС РБ. Гісторыю маладога чалавека распавядае рэсурс mspring.media.

balaklava_man.jpg


Раніцай 5 жніўня дадому да Мікалая Французава ўварваліся трое невядомых у цывільным адзенні. У той момант ён яшчэ спаў.

Мікалай Французаў

Мікалай Французаў

Як кажа Мікалай, апранутыя незнаёмцы былі з іголачкі, «нібы толькі прыйшлі з клуба»: штаны, туфлі і кашуля. Менавіта таму ён не адразу зразумеў, хто менавіта знаходзіўся ў той момант у яго дома. Дзверы невядомым адчыніла перапалоханая маці, калі пачула: «Адкрыйце, міліцыя!»
Сонны Мікалай, нацягнуўшы шорты і батнік, паспрабаваў выйсці з пакоя, каб даведацца, што адбылося, і ў лічаныя секунды ён быў адкінуты на канапу адным з людзей у цывільным.
Як сцвярджае Французаў, ён ад нечаканасці схапіў за рукаў таго чалавека, што напаў на яго, пасля чаго яму імгненна звязалі рукі за спінай рэменем ад штаноў. Затым маладога чалавека пачалі скручваць і душыць проста на канапе.
Паводле слоў Мікалая, яго вывелі з дому басанож, у сагнутым становішчы і з капюшонам на галаве.
— Мяне вывелі з дому, пасадзілі ў машыну і там працягнулі збіваць з крыкамі «Ну, што, давы * * * ся?» — успамінае траўматычны досвед Французаў.

«Вас такіх знішчаць трэба, змагар'ё»


Як аказалася, затрымалі Мікалая супрацоўнікі 11-га ўпраўлення ГУБАЗіК МУС РБ. Даставіўшы хлопца ў будынак сваёй канторы, сілавікі завялі яго ў кабінет, шпурнулі на падлогу і працягнулі збіваць — так сцвярджае сам Французаў.
— Батнік, які паспеў дома надзець, вельмі змякчаў удары, — распавядае Мікалай.
У гэты ж час двое сілавікоў з тых, хто забіраў яго з дому, вярнуліся туды і правялі там ператрус.
Ад таго, хто застаўся, Французаў пачуў: «Вас такіх знішчаць трэба, змагар'ё».
У першую чаргу, супрацоўнікаў ГУБАЗіКа цікавіў смартфон Мікалая. Разблакавалі яго лёгка — схапілі хлопца за горла і выкарысталі Face ID.
Паводле слоў Французава, увесь допыт суправаджаўся ўдарамі і пагрозамі.
— Для мяне галоўным было ў той момант захаваць спакой і цвяроза думаць. Думаць пра тое, як выйсці жывым і адносна цэлым з гэтай сітуацыі, — кажа малады чалавек.
Разумеючы, што блізкія й сябры нічога не ведаюць аб тым, што адбылося, ён даў згоду зняцца ў відэароліку ГУБАЗіКа.
Адзначым, што, распавядаючы пра затрыманні цягам апошніх тыдняў, многія магілеўчане паведамлялі, што іх здымалі на відэа, пасля чаго гэтыя нарэзкі публікаваліся ў праўладных тэлеграм-каналах і на дзяржаўным ТБ.
У Французава, паводле яго слоў, мэта была іншая — даць пра сябе ведаць сваім блізкім. Разумеючы, што гэтае відэа будзе размешчана ў інтэрнэце, ён чакаў, што людзі змогуць даведацца, што з ім адбылося (у прыватнасці, валанцёрская праваабарончая група «MAYDAY» даведалася пра затрыманне Мікалая менавіта пасля публікацыі відэа ў ТГ-канале прапагандыста Рыгора Азаронка).
Паводле слоў хлопца, да моманту відэазапісу яго рукі ўвесь час былі звязаны рамянём за спінай. Допыт доўжыўся некалькі гадзін. На просьбы выйсці ў туалет і папіць вады хлопец атрымліваў адмову.

СК, «малпоўнік», таемны суд


Пасля допыту ў ГУБАЗіКу Мікалая Французава павезлі на допыт ва ўпраўленне Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці.
Як адзначае Мікалай, у СК задавалі тыя ж самыя пытанні, але стаўленне было больш карэктным: ні пагроз, ні збіцця не было.
Зрэшты, супрацоўнікі ГУБАЗіКа, якія прыехалі пасля ператрусу ў доме Французава, паводле яго слоў, прымусілі падпісаць пратаколы пад пагрозай фізічнага збіцця.
Затым было амаль паўтара сутак у чаканні суда ў «малпоўніку» Ленінскага РАУС. Паводле прыкладных падлікаў Мікалая, у камеры ён правёў ноч і палову другога дня. Добрай навіной для яго было тое, што супрацоўнікі Ленінскага РАУС выпускалі яго ў туалет і дазвалялі папіць вады з крана.
Судзілі Мікалая Французава па адміністрацыйным артыкуле за непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі проста з будынка РАУС па «скайпе».
Працэс выйшаў таемным — у раскладзе прозвішча, імя Французава не прысутнічалі. Не ведалі, што з ім, і яго блізкія сябры. Прозвішча суддзі ён не запомніў, сказаўшы, што тая вельмі хутка прамармытала свае даныя сабе пад нос.
На пасяджэнні сведкамі выступілі ўсе тыя ж супрацоўнікі 11-га ўпраўлення ГУБАЗіК МУС РБ.
Як распавёў Мікалай, папярэдне з ім правялі гутарку, у якой вельмі пераканаўча настойвалі на тым, каб ён на судзе заявіў, што ўсе прававыя нормы быў выкананыя — маўляў, у дом яны не ўрываліся, а прыйшлі з санкцыяй, прадставіліся і прад'явілі дакументы. Пра факты збіцця і здзекаў, натуральна, было рэкамендавана змаўчаць. У адваротным выпадку Французаву прыгразілі ўжо крымінальнай справай.
Суд доўжыўся 20 хвілін. Суддзя суда Ленінскага раёна, зачытаўшы правы, адразу спытала, ці прызнае сябе Мікалай вінаватым. Памятаючы пагрозы, віну Мікалай прызнаў і адправіўся адбываць пакаранне ў ізалятар часовага ўтрымання УУС Магаблвыканкама на сем сутак.

Заляпляў хлебам дзіркі ад клапоў


Пра тыдзень у ІЧУ Мікалай Французаў успамінае са змяшанымі пачуццямі. Ён распавёў, што «палітычным» па-ранейшаму не даюць матрацы, падушкі і пасцельную бялізну. Ноччу гарыць яркае святло і кожныя дзве гадзіны зняволеных будзяць «на праверку».
За ноч, сцвярджае Мікалай, атрымліваецца паспаць усяго некалькі гадзін. У шэсць раніцы ўключаецца радыё, і на працягу дня не дазваляюць нават сядзець на нарах.
Французаў распавёў, што ў камерах велізарная колькасць клапоў, якія вельмі моцна пакусалі сядзельцаў.
— У нейкі момант мы нават спрабавалі латаць шчыліны ў нарах мякішам ад чорнага хлеба, бо былі ўжо моцна пакусаныя. Але ўсе гэтыя непрыемнасці толькі мацней гуртуюць «палітычных». Мы ўсе там вельмі пасябравалі і дапамагалі адзін аднаму, а тыя, хто быў за дзвярыма, упэўнены, нам зайздросцілі, — успамінае Мікалай.

Запрашэнне на «крыміналку»


Паводле папярэдняй дамоўленасці з супрацоўнікамі ГУБАЗіКа, Французаў па выхадзе з ІЧУ павінен быў адразу ж з'явіцца да іх для допыту па нейкай крымінальнай справе, па якой ён праходзіць у якасці фігуранта.
Мікалай прызнаўся, што, знаходзячыся пад арыштам, ён прадумваў некалькі варыянтаў выезду з краіны. Баяўся, што да моманту, калі выйдзе за браму ІЧУ, яго будуць чакаць супрацоўнікі міліцыі.
Аднак гэтага не адбылося.
Малады чалавек усяго за некалькі гадзін сабраў неабходныя рэчы і дакументы і з'ехаў.
— Першыя суткі мне прыйшлося хавацца ў Беларусі. Нават родныя не ведалі, дзе я. Затым я пакінуў межы Рэспублікі Беларусь і цяпер знаходжуся ў іншай краіне, — кажа Мікалай.
Першае прыемнае адчуванне пасля перажытага жаху — сон у мяккім, чыстым ложку. Французаў галоўнай прыкметай свабоды лічыць пачуццё бяспекі.
Наконт будучыні Беларусі прагнозы ў Мікалая песімістычныя:
— У мяне няма ілюзій. Я думаю, што сітуацыя будзе толькі пагаршацца і ў плане ціску з боку ўлад, і ў плане далейшага падзення ўзроўню жыцця беларусаў. Аднак, пры магчымай змене сітуацыі, у прыватнасці, не проста змене ўлады, а менавіта сістэмы, я гатовы вярнуцца дадому, і ўпэўнены, што большасць беларусаў, вымушаных бегчы, зробяць тое ж самае.
У найбліжэйшых планах у Мікалая — аднаўленне сваёй працы: ён працуе выдалена ў сферы IT.
І, вядома ж, запэўнівае Французаў, ён будзе і далей рабіць усё, каб гуртаваць людзей, блізкіх яму па поглядах і дапамагаць ім.
— Галоўнае — быць разам і нічога не баяцца. І ўсё будзе добра, — упэўнены малады чалавек.