Былога артыста ансамбля «Харошкі» зноў пакаралі суткамі

Пра гэта распавядае тэлеграм-канал «Вясна назірае».

photo_2021_08_21_15_19_12.jpg

Сёння ў судзе Фрунзенскага раёна разглядзелі справу былога артыста ансамбля «Харошкі» Дзмітрыя Кукса. 21 жніўня ён павінен быў выйсці на волю пасля 15-сутачнага арышту за «непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі», але адразу пасля вызвалення сілавікі пасадзілі яго ў цёмна-сіні мікрааўтобус і звезлі ў невядомым кірунку.
Справу Дзмітрыя 23 жніўня разгледзела суддзя Марыя Ярохіна. На гэты раз на мужчыну склалі пратакол па арт. 19.1 КаАП («Дробнае хуліганства»), згодна з якім Кукс «паводзіў сябе агрэсіўна і задзірліва, гучна крычаў, нецэнзурна лаяўся, на заўвагі не рэагаваў, выбіў з рук Загора А. І. тэчку з дакументамі, чым парушыў грамадскі парадак і спакой грамадзян».
Сведка-міліцыянт на судзе распавёў, што па загадзе кіраўніцтва яму трэба было сустрэць Дзмітрыя на выхадзе з ізалятара, адвезці ў РУУС і правесці з ім гутарку. Па выхадзе Кукс «пагадзіўся на патрабаванні» міліцыянтаў і прайшоў з імі ў машыну. Па дарозе ў РУУС у мужчыны запытвалі, ці ведае ён тых, хто ўдзельнічае ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Паводле слоў міліцыянтаў, Дзмітрый наўпрост у машыне пачаў весці сябе агрэсіўна, а калі выходзіў, то выбіў тэчку з рук міліцыянта.
Адвакатка Дзмітрыя звярнула ўвагу суддзі на тое, што складу «правапарушэння» няма, бо службовая машына міліцыянтаў не з’яўляецца грамадскім месцам. Таксама на судзе эмацыйна выступіла і маці Дзмітрыя, якая хвалюецца за здароўе сына, бо ён хварэе на алергію і цяжка яе пераносіць. Сам Кукс не памятае, каб агрэсіўна сябе паводзіў, але дадаў, што калі і здзейсніў гэта, то праз яго маральны, эмацыйны і фізічны стан, які пагоршыўся пасля мінулых «сутак».
У выніку суддзя Ярохіна пакарала Кукса 12-сутачным арыштам.
Нагадаем, раней праўладныя СМІ пісалі, што Дзмітрый «арганізаваў вытворчасць незарэгістраваных газет і экстрэмісцкіх матэрыялаў у сябе дома». Таксама з ім запісалі пакаяльнае відэа.