Апошнія дні Брытаніі

Алекс Салмонд, прэм’ер Шатландыі, абвясціў пра намер правесці рэферэндум наконт выхаду краю са складу Вялікабрытаніі. Як ні парадаксальна, аднак галоўны саюзнік шатландскіх сепаратыстаў — англійскія нацыяналісты.



e564618b1a0f9a0e5b043f63d43fc065.gif

Алекс Салмонд, прэм’ер Шатландыі, абвясціў пра намер правесці рэферэндум наконт выхаду краю са складу Вялікабрытаніі. Як ні парадаксальна, аднак галоўны саюзнік шатландскіх сепаратыстаў — англійскія нацыяналісты.
Заява, якую шатландскі прэм’ер агучыў 11 студзеня, на першы погляд падаецца актам палітычнага валюнтарызму. Толькі трэцяя частка шатландцаў, адпаведна апошнім апытанням, выступае за з’яўленне на мапе незалежнай Шатландыі. І гэта не дзіўна: інкарпарацыя Шатландыі ў склад Вялікабрытаніі была ў свой час настолькі моцная, што шатландцы нават забылі сваю мову (у 2001 годзе на матчынай мове размаўлялі 1,2 працэнта насельніцтва). Часам у брытанскай палітычнай дыскусіі нават ужываўся тэрмін не “Шатландыя, а “Шатландскі раён (Scotlandshire).
За кошт каго і чаго можа павялічыцца да 2014 года (дата запланаванага рэферэндуму) колькасць аматараў адраджэння зніклай у 1707 годзе з мапы свету шатландскай дзяржавы, на першы погляд, не зразумела. Зараз, у час крызісу, усе вымяраецца праз эканоміку. А тут нацыяналістам прапанаваць асабліва няма чаго. Урадавая Шатландская нацыянальная партыя (SNP) раней шмат казала пра тое, што Шатландыя можа стаць другім пасля Ірландыі “эканамічным кельцкім тыграм. Аднак пасля таго, як ірландская эканоміка ляснулася, перспектыва стаць другой Ірландыі мала каго прываблівае.
Аднак, магчыма, надзеі Салмонда перамагчы на рэферэндуме не такія ўжо і кепскія. Варта згадаць кнігу “Не будзіце мой меч Сімона Хефера, прысвечаную феномену англійскага і шатландскага нацыяналізму. Галоўная ідэя кнігі — “шатландскі нацыяналізм — гэта штуршок англійскага. Іншымі словамі, калі заява Салмонда выклікае ўздым у Англіі нацыяналістычных настрояў, то шансы на перамогу ў SNP ёсць.
Англія і без таго апошні часам перажывае час буйнага станаўлення англійскай свядомасці, і галоўным чыннікам тут сапраўды выступае адмоўнае стаўленне да шатландцаў.
Па-першае, у англійскім соцыуме гістарычна існуюць падставы для антыпатый супраць горцаў. Яны ўзніклі ў ХVІІ стагоддзі, калі Эдынбург актыўна падтрымліваў змовы ў Англіі з мэтай вярнуць на брытанскі трон прадстаўнікоў дынастыі Сцюартаў, якія таксама сядзелі на шатландскім троне. У якасці адказу каралеўскі двор у Лондане пачаў прапагандысцкую вайну. Актыўна друкаваліся памфлеты пра дзікуноў-шатландцаў, якія ў дадатак быццам былі канібаламі.
Менавіта з першымі дэбатамі ў 1960-я гады наконт стварэння шатландскай аўтаноміі звязаныя спробы арганізацыі англійскіх нацыяналістычных партый. Іх стваральнікамі былі радыкальныя левыя, якія разглядалі англійскі нацыяналізм таксама як пратэст супраць брытанскага нацыяналізму, які абараняла кансерватыўная партыя. Найбольш далёка тут пайшла мааісцкая тэрарыстычная групоўка “Фронт нацыянальнага вызвалення Англіі, якая планавала забіць Дзіяну Спенсер у дзень яе шлюбу з прынцам Чарльзам.
Новая хваля адраджэння пачынаецца пасля 1988 года, калі шатландцы дзякуючы лейбарыстам Тоні Блэра атрымалі аўтаномію і парламент. Адразу на павестцы дня паўстала дылема пад назвай West Lothian Question. Гэта тэма ўзнікла яшчэ ў 1977 годзе, калі падчас дэбатаў наконт магчымага стварэння шатландскага парламенту дэпутат лейбарыстаў з акругі West Lothian адзначыў супярэчнасць законапраекту. Калі парламент у Эдынбургу будзе створаны, то шатландцы ў брытанскім парламенце змогуць галасаваць па пытаннях унутранай англійскай палітыкі. У сваю чаргу, англійскія дэпутаты не маюць права лезці ў справы аўтаномнай Шатландыі.
Гэта пытанне стала вельмі актуальным апошнім часам. Так здарылася, што менавіта дзякуючы галасам дэпутатаў з Шатландыі вырашаецца лёс галоўных законапраектаў у парламенце Вялікабрытаніі, у тым ліку тых, якія тычацца Англіі. Сярод палітолагаў нават узнік тэрмін “шатландская мафія. Часам тыя галасаванні выклікаюць масавае незадавальненне. Так, дзякуючы галасам шатландцаў быў прыняты закон аб платнай адукацыі ў англійскіх ВНУ (у Шатландыі вышэйшая адукацыя засталася бясплатнай).
Яшчэ ў 1989 годзе на глебе праблемы West Lothian Question пачалася грамадская кампанія за стварэнне англійскага парламенту, які б як мінімум меў тыя ж паўнамоцтвы, які і шатландскі. Адначасова як грыбы пасля дажджу паўсталі англійскія нацыяналістычныя партыі кшталту Свабоднай англійскай партыі або Англійскіх дэмакратаў. Англійскія дэмакраты ўвогуле заклікалі да перагляду адміністратыўных межаў паміж Англіяй і тым жа Уэльсам. Праўда, уплыў англійскіх незалежнікаў на грамадства невялікі і звязаны з тым, што ролю полюса англійскага нацыяналізму ўсё больш і больш пачынае выконваць партыя кансерватараў.
Усё таму, што англійскі нацыяналізм, у адрозненні ад шатландскага, больш правы. Гэта часткова звязаны з тым, што SNP — па-сутнасці сацыял-дэмакратычная партыя. Увогуле, Шатландыя галасуе за левых. Нядзіўна, што пасля дзяжурнага катастрафічнага правалу кансерватараў у Шатландыі на выбарах 1997 года сярод кансерватараў узнікла крамольная думка — даць шатландцам волю і такім чынам змяніць расклад у брытанскім парламенце. Калі прыбраць адтуль 119 дэпутатаў з Шатландыі (галоўным чынам нацыяналісты і лейбарысты), фракцыя торы становіцца дамінуючай. Адсюль новыя трэнды сярод правых. Яны гатовыя адмовіцца ад гістарычнай канцэпцыі “брытанскасці на карысць ідэі англійскага нацыяналізму.
Як толькі ў 2010 годзе на выбарах у Палату абшчынаў перамаглі кансерватары, Дэвід Кэмеран стварыў так званую камісію Кенета Кларка, якая мусіла вырашыць праблему West Lothian Question. На самай справе, на думку аналітыкаў, тая камісія рыхтуе юрыдычнае абгрунтаванне для стварэння асобнага англійскага парламенту. Гэта будзе значыць ператварэнне Вялікабрытаніі ў федэральную дзяржаву, дзе парламент будзе вызначаць толькі глабальныя праблемы кшталту абароны або міжнароднай палітыкі.
Дэбаты вакол рэферэндуму могуць стаць пачаткам таго, што торы канчаткова адмовяцца ад канцэпцыі “брытанскі народ. Нават калі не адмовяцца, каскад англійскай нацыяналістычнай (чытай, ксенафобскай антышатландскай рыторыкі) з іх боку забяспечаны, што прывядзе ў дзеянне тую самую формулу Сімона Хефера і можа даць партыі Салмонда патрэбную колькасць галасоў на плебісцыце.
Пра ролю псіхалагічнага фактара ў цяперашняй палітыкі сведчыць цікавая гісторыя 2006 года, калі ў лонданскай жоўтай газеце “The Sun з’явіўся артыкул, прысвечаны бойкам фанатаў англійскай і шатландскай зборных па футболу. Выданне суцешыла англічан тым, што шатландцы “памруць раней за нас, спасылаючыся на тое, што ўзровень жыцця на поўначы ніжэй, чым у Англіі. Публікацыя мела вялікі негатыўны рэзананс у Шатландыі. Застаецца сказаць, што праз год SNP упершыню выйграла выбары ў шатландскі парламент, а Алекс Салмонд стаў прэм’ерам.