Апошні самазванец
18 жніўня ў Барселоне памёр Карлас Уга, прадстаўнік вядомага арыстакратычнага роду Бурбонаў Пармскіх, былы галоўны канкурэнт цяперашняга іспанскага караля Хуана Карласа ў барацьбе за іспанскі трон.
18 жніўня ў Барселоне памёр Карлас Уга, прадстаўнік вядомага арыстакратычнага роду Бурбонаў Пармскіх, былы галоўны канкурэнт цяперашняга іспанскага караля Хуана Карласа ў барацьбе за
іспанскі трон.
У біяграфія нябожчыка нават чалавек, які слаба ведае гісторыю Іспаніі, знойдзе шмат парадоксаў. Па-першае, Карлас Уга папросту па факту нараджэння ў сям’і Бурбонаў Пармскіх стаў адным з
лідэраў руху карлістаў. Карлісты — прыхільнікі адной з галінаў бурбонскай дынастыі, якія лічылі, што іспанская карона павінна належаць прадстаўнікам іхняга роду. У ХІХ стагоддзі карлісты
тройчы ўздымалі маштабныя паўстанні (адно з іх знесла жыцці 200 тысяч чалавек), каб пасадзіць на трон «легітымнага» караля. Спробы змены дынастыі ў той ці іншай форме працягваліся
фактычна да пачатку 1980-х гадоў.
Пры гэтым піянеры карлісцкага руху былі не проста манархістамі. Гэта былі жалезабетонныя рэакцыянеры, якія марылі вярнуць Іспанію ў часы інквізіцыі і абсалютызму. Нянавісць карлістаў да прагрэсу была
настолькі вялікай, што на захопленых імі тэрыторыях разбуралася чыгунка і знішчалася тэлеграфная сувязь.
Калі ў 1930-я гады да ўлады ў Іспаніі прыйшлі левыя партыі, карлісты аўтаномна ад Франка пачалі рыхтаваць свой антырэспубліканскі мяцеж. Паколькі каўдыльё іх усё ж апярэдзіў, карлістам давялося
змагацца пад яго кіраўніцтвам. Каб хутчэй пакончыць з рэспублікай, яны нават вырашылі распусціць сваю арганізацыю Карлісцкая Грамада і разам уступілі ў франкісцкую партыю Іспанская Фаланга. І вось
такой публіцы Карлас Уга змог у 1960-я гады навязаць ідэі сацыялізму і дэмакратыі.
Карлас Уга быў сынам Ксаўера Бурбона Пармскага. Падчас грамадзянскай вайны Ксаўер настолькі паслядоўна змагаўся з рэспубліканцамі, што ўсе лічылі: вакантная на той час іспанская карона ў яго ў
кішэні. Дасюль не зразумела, чаму Франка ў 1962 годзе вырашыў прызначыць каралём не Ксаўера, а Хуана Карласа — прадстаўніка іншай лініі Бурбонаў. Інакш менавіта Карлас Уга пасля смерці
Франка стаў бы кіраўніком дзяржавы. Якой бы ў такім выпадку была гісторыя іспанскай трансфармацыі — пераход ад дыктатуры да дэмакратыі?
Карлас Уга нарадзіўся ў 1930 годзе ў Парыжы. Яго дзяцінства прыйшлося на часы крызісу Трэцяй рэспублікі і фашысцкай акупацыі. Нягледзячы на арыстакратычны тытул яго бацька, які па дамове з Франка жыў
у Францыі, Ксаўер актыўна ўключыўся ў антыгітлераўскі супраціў. Гэта прывяло да арышту і нават адпраўкі ў канцэнтрацыйны лагер Дахау, адкуль яго вызвалілі саюзнікі.
Прынц Карлас Уга дэ Бурбон Пармскі
Што да маладога Карласа Уга, ён пасля вайны закончыў Оксфард і працаваў у кіраўніцтве Нямецкага банку над праграмай эканамічнай рэканструкцыі Германіі.
Між тым, Ксаўер па-ранейшаму ўпарта змагаўся за тое, каб Франка прызначыў яго каралём (аднаўленне манархіі было адным з лозунгам фашысцкага мяцяжу). Франка не надта актыўнічаў. Тады Ксаўер пайшоў на
незвычайны крок: у 1952 годзе ў аднабаковым парадку абвясціў сябе каралём. Улады, аднак, не адрэагавалі на падобную ініцыятыву.
У 1956 годзе кароль-самазванец выклікаў да сябе сына і даручыў яму важную місію — стварыць у Іспаніі падпольную сетку карлістаў. Карлас Уга, які ў вачах карлістаў цяпер быў наследным
прынцам, паставіўся да задання з сапраўдным энтузіязмам. Каб даведацца пра жыццё простых іспанцаў ён нават уладкаваўся працаваць на шахты ў Андалузіі. Адначасова ён працаваў з гурткамі карлістаў,
якія адмовіліся інтэгравацца ў дзяржаўныя фашысцкія структуры.
Франка спачатку заплюшчваў вочы на дзейнасць Карласа Уга і нават даў яму асабістую аўдыенцыю. Аднак пазней, у 1968 годзе, дэпартаваў яго разам з бацькам і ўсёй сям’ёй. На той час Карлас Уга
быў шлюбе з галандскай княгіняй Ірэнай. Ад гэтага шлюбу нарадзілася чатыры дзіцяці, якія адразу атрымалі арыстакратычныя тытулы.
У эміграцыі Карлас Уга не склаў рукі. Ён працягваў барацьбу за трон. У 1972 годзе ім ствараецца Партыя Карлістаў. Адначасова праграма карлістаў радыкальна мяняецца. Яны пераходзяць у апазіцыю да
Франка. Стары карлісцкі лозунг: «Радзіма, Бог і Кароль» замяняецца на «Свабода! Сацыялізм! Федэралізм! Самакіраванне!». Вялікую ролю для ідэйнай перазагрузкі
карлістаў мелі матэрыялы Другога Ватыканскага Сабору.
Дарэчы, пры Партыі Карлістаў існавала нават баявая арганізацыя — Група карлісцкага дзеяння, якая змагалася з дыктатурай метадамі тэрору.
Праўда, частцы карлістаў гульня Карлас Уга з левай рыторыкай не спадабалася. Яны адрадзілі правую Карлісцкую Грамаду.
У 1975 годзе Ксав’ер Першы аддаў Богу душу. Карона перайшла да Карласа Уга. У гэты час пачынаецца новая рашучая фаза ягонай барацьбы за пасад. У Іспаніі памёр Франка, уладу наследаваў кароль
Хуан Карлас. Лідэр карлістаў аператыўна вылецеў на радзіму. Аднак далей аэрапорта паліцыя Карласа Уга не пусціла, а пасля яго ўвогуле адправілі назад у Францыю.
Толькі ў 1978 годзе, калі аўтарытэту Хуана Карласа нічога не пагражала, той пагадзіўся пусціць родзіча-канкурэнта ў краіну. Нават прыняў яго на афіцыйным узроўні. Карлас Уга, аднак, не адмовіўся ад
ідэі пераехаць у рэзідэнцыю іспанскіх манархаў. Наш герой з галавою пагрузіўся ў палітыку: на носе былі парламенцкія выбары 1979 года. Ён балатаваўся ў парламент у правінцыі Навара, якая ў часы
бунтаў карлістаў была бастыёнам іхняга руху. Аднак у выніку старшыня партыі карлістаў прайграў. За кандыдата з роду Бурбонаў Пармскіх прагаласавала 7 працэнтаў.
Фіяска прымусіла Карласа Уга пераглядзець планы. Ён адмовіўся ад пасады старшыні партыі. З’ехаў працаваць прафесарам у Гарвард. Свае апошнія гады ён правёў у Бруселі. 18 жніўня гэтага года
закончылася жыццё манарха — сацыяліста і апошняга прэтэндэнта на іспанскі трон ад лагеру карлістаў.
Хаця, можа, і не апошняга. Магчыма, які-небудзь з яго нашчадкаў захоча зноў паспрачацца за карону. Прынамсі Карлас Уга ніколі публічна не адмаўляўся ад манархічных прэтэнзій. Праўда, зрабіць
дынастычны пераварот зараз будзе цяжка. На апошніх парламенцкіх выбарах Партыя Карлістаў атрымала па ўсёй краіне 2030 галасоў. Гэта складае 0,01 працэнтаў галасоў выбарцаў.