Апошнія часы імперыі? Дасье ў карыкатурах

У Вялікабрытаніі 5 мая прайшлі выбары ў мясцовыя органы ўлады. На думку палітолагаў, яны могуць стаць мінай запаволенага дзеяння для краіны.

1_561.jpg

Галоўны вынік выбараў — моцны правал урадавай партыі кансерватараў, якія страцілі больш за 500 мандатаў. Акрамя таго, торы прадэманстравалі адмоўныя вынікі ў Лондане, згубіўшы кантроль над некалькімі важнымі саветамі ў цэнтры сталіцы (напрыклад, раён Вестмінстэр), што відавочна з'яўляецца барометрам настрояў эліты. Правал кандыдата ў Вестмінстэры арыгінальна адлюстраваў адзін з брытанскіх карыкатурыстаў (гл. малюнак вышэй).
У прынцыпе, торы шмат у чым самі вінаваты ў сваёй паразе. Выбары праходзілі на фоне шэрагу гучных скандалаў вакол партыі і палітыкаў, якія яе прадстаўляюць. Бадай самы вядомы з іх — скандал з вечарынамі, якія праходзілі ў прэм'ерскай канцылярыі на Даўнінг-стрыт, 10 у перыяд жорсткага каранціну. Кіраўнік брытанскага ўрада Борыс Джонсан першапачаткова адмаўляў як магчымасць парушэння дзеючых тады правілаў, так і свой удзел у вечарынках, што выклікала незадаволенасць грамадства. Свой уклад у крытыку прэм'ера ўнеслі і мастакі.

2_521.jpg


Кансерватары могуць кампенсаваць свой правал збольшага тым, што лейбарысты — асноўныя супернікі кансерватараў, выступілі далёка не так паспяхова, як разлічвалі. Партыя атрымала толькі каля паўтары соцень дадатковых мандатаў. Такім чынам, застаюцца істотныя сумневы наконт таго, ці змогуць лейбарысты разлічваць на перамогу на наступных парламенцкіх выбарах у 2024 годзе. Многія лічаць гэта вынікам унутраных партыйных разборак. Цяперашні лідар Кір Стармэр спрабуе надаць партыі імідж цэнтра насуперак супраціву левага крыла. Высілкі Стармера пасунуць партыю ў цэнтр палітычнага спектру — тэма адной з карыкатур.

3_464.jpg


Як пішуць аналітыкі, усё ідзе да таго, што ў 2024-м запаветных 326 дэпутацкіх мандатаў, якія забяспечваюць парламенцкую большасць, у лейбарыстаў не будзе. Гэта значыць, што ўзнікне сітуацыя так званага «падвешанага парламента», калі ні адна з партый не здольная сфарміраваць урад самастойна. Хутчэй за ўсё ў такім выпадку лейбарысты пойдуць на саюз з шатландскімі нацыяналістамі, якія на гэтых выбарах умацавалі свае пазіцыі. А платай за ўваходжанне ў кааліцыю стане згода Лондана на новы рэферэндум аб незалежнасці Шатландыі. Хаця, мяркуючы па шатландскіх карыкатурах, ужо гэтыя выбары шатландцы разглядалі як пралог да хуткай дэкларацыі аб незалежнасці краю.

4_431.jpg


Але самы вялікі сюрпрыз прынеслі вынікі галасавання ў Паўночнай Ірландыі, дзе ўпершыню большасць у лакальнай асамблеі дасталася левым ірландскім нацыяналістам з партыі «Шын Фейн». Яшчэ дзесяцігоддзе таму гэта нельга было ўявіць. Перш за ўсё таму, што Ольстэр сто гадоў таму назад ствараўся менавіта як бастыён англічан-пратэстантаў, якія выступалі супраць незалежнасці Ірландыі. Па-другое, «Шын Фейн» доўгі час была цесна звязана з чальцамі «Ірландскай Рэспубліканскай Партыі» (IRA), якая на працягу трох дзесяцігоддзяў вяла крывавую ваенную кампанію. Праціўнікі Шын Фейн заўсёды нагадвалі выбаршчыку аб тым, што партыя мае экстрэмісцкія карані. «Галасуй за Шын Фейн і абяры гэтага чалавека», — напісана на адным з плакатаў 1980-х.

5_398.jpg

І вось зараз Паўночную Ірландыю ўпершыню за ўсю яе гісторыю ўзначаліць нацыяналістычны лідар. Больш за тое, «Шын Фейн» адразу пасля перамогі заклікала да агульнанацыянальных дэбатаў аб аб'яднанай Ірландыі ў складзе Еўрасаюза. З'явіліся нават тэматычныя карыкатуры на гэты конт.

6_284.jpg


Зрэшты, іх апаненты абяцаюць блакаваць такі сцэнар. Якой будзе развязка, пакуль цяжка прагназаваць. Шмат у чым гэта залежыць ад таго, як павядзе сябе Брусель, паколькі сваёй перамогай «Шын Фейн» абавязаны праеўрапейскім лозунгам.
Таксама цікава, як унутрыпалітычныя супярэчнасці ўнутры Аб'яднанага Каралеўства і яго магчымая паступовая эрозія паўплываюць на адзінства еўрапейскага антыпуцінскага фронту.