Апошнія дні Малдовы?

Малдоўскую глыбінку ахапіла мода на незвычайныя акцыі: кіраўнікі адміністрацый населеных пунктаў Рэспублікі Малдова падпісваюць дэкларацыі аб аб’яднанні сваіх вёсак з Румыніяй. Ці можна гэта разглядаць як агонію малдоўскай дзяржаўнасці?

images_cms_image_000039325.jpg

Апошні выпадак у гэтай серыі далучэнняў назіраўся ў апошнія выходныя зімы. 25 лютага прадстаўнікі мясцовых уладаў вёскі Лазавая Страшэнскага раёна падпісалі сімвалічную дэкларацыю аб аб’яднанні з Румыніяй. Адначасова над будынкам адміністрацыі быў узняты румынскі трыкалор. Гэтая вёска стала 55-м населеным пунктам, у якім сябры мясцовай рады падпісалі дакумент. Наўрад ці Лазавая — апошняе месца, дзе прымаюць прарумынскія заявы.

Падобныя «дэкларацыі» — з’ява, мякка кажучы, неардынарная для любой дзяржавы, якая лічыць сябе суверэннай. Тым больш дзіўна, што малдоўскім уладам усё гэта, нібыта, абыякава. Сваю пасіўнасць у дэпартаменце нацбяспекі спісваюць на тое, што акцыя з дэкларацыямі — выключна сімвалічная.

Сапраўды, падпісанне дакументаў арганізавала грамадзянская платформа «Acţiunea 2012». У «Acţiunea 2012» хочуць, каб у гэты год — год стагоддзя ўключэння Малдовы ў склад Румыніі (Уніі) — дэкларацыі прынялі ў ста населеных пунктах Малдовы. Як бачым, ніякай палітыкі. Тым больш, паводле плётак, за такія дэкларацыі ад «Acţiunea 2012» можна атрымаць пад тысячу еўра.

У лагеры прыхільнікаў цяперашняга прэзідэнта-сацыяліста Ігара Дадона і яго расійскіх саюзнікаў у заспакойлівыя рэляцыі сілавікоў не вераць. «Малдоўская вёска «разарвала» пакт Молатава — Рыбентропа», — пафасна характарызуе працэсы ў вёсках адно з расійскіх медыя. Пішуць, што сялянскі флэш-моб — пралог глабальных падзей, якія адбудуцца ў сакавіку. Сэнс сімвалічных дэкларацый у тым, каб стварыць пэўны грамадска-інфармацыйны фон напярэдадні 25 сакавіка. У гэты дзень у Кішынёве плануецца буйная маніфестацыя аматараў Уніі з Румыніяй.

Калі верыць панічным прагнозам, звычайным мітынгам акцыя 25 сакавіка не абмяжуецца. Маніфестанты, быццам, застануцца на плошчы да аўторка, калі ў малдоўскую сталіцу прыедзе вялікая дэлегацыя дэпутатаў з Бухарэста. Румынскія дэпутаты разам са сваімі мясцовымі калегамі павінны прыняць удзел ва ўрачыстым пасяджэнні, прысвечаным стагоддзю Уніі. І тут надыдзе развязка: нібыта пад ціскам вуліцы дэпутаты прымуць нейкі стратэгічны дакумент — дарожную карту інтэграцыі Малдовы ў склад краіны-суседкі.

Ёсць шмат прычын не верыць у тое, што Малдове засталося існаваць менш за месяц. Хаця б таму, што Румынія — чалец Еўрасаюза, якому ў цяперашніх няпростых умовах менш за ўсё патрэбныя новы канфлікт на мяжы.

Пра тое, што збліжэнне Бухарэста і Кішынёва скончыцца канфрантацыяй, кажа цэлы шэраг адпаведных заяў лідараў Гагаузскай аўтаноміі. 26 лютага наконт гэтага была прынятая жорсткая рэзалюцыя. А адзін з лідараў Гагаузіі нават заявіў, што ў выпадку аб’яднання з Румыніяй «першым возьме ў рукі аўтамат».

Наўрад ці ўбаку застанецца і Украіна, да якой пасля пакту Молатава—Рыбентропа перайшлі ад Румыніі Букавіна і Паўднёвая Бесарабія. Не кажучы ўжо пра тое, што прыкладна паўмільёна грамадзян Малдовы з’яўляюцца этнічнымі ўкраінцамі.

Трэба ўлічваць і такі фактар, як меркаванне саміх румынаў. Румынскае грамадства ставіцца да праекту «Вялікая Румынія» значна менш аптымістычна, чым яго трыбуны. Сацыялагічнае апытанне ў студзені 2018 года паказала, што толькі 27% румынаў падтрымліваюць ідэю паглынання Малдовы.

Між тым у рэгіянальнай прэсе ўсё больш спекуляцый, аўтары якіх чакаюць хуткай грамадзянскай вайны. У каментары для «Новага Часу» свой прагноз прапанаваў малдоўскі грамадскі актывіст Анатоль Грыгарчук.

Ён адзначае: з пункту гледжання абывацеля нічога не паказвае на тое, што малдоўская дзяржаўнасць дажывае апошнія дні. «Хаця 25–27 сакавіка можна чакаць нейкіх узаемных правакацый, і нават прыняцця гучных маніфестаў пра Унію, Малдова ўсё роўна застанецца на палітычнай мапе свету. Кіруючая ў Малдове Дэмакратычная партыя, хаця і гуляе з прарумынскімі сіламі, у адкрытую з імі не блакуецца. Многія каментатары лічаць, што дэмакраты заплюшчваюць вочы на прарумынскую агітацыю, каб адцягнуць увагу насельніцтва ад актуальных сацыяльна-эканамічны праблем — прадукту працы іх урада. Таму ўсё, што адбудзецца ў сакавіку, — толькі піяр, фрагмент кампаніі напярэдадні восеньскіх парламенцкіх выбараў, якія сапраўды могуць быць вырашальнымі для будучыні краіны».