Апраўдаць тырана

Перазахаванне цела былога англійскага караля Рычарда III Плантагенета, што адбылося 26 сакавіка, выклікала шквал спекуляцый наконт таго, ці можна рэабілітаваць тырана і забойцу. Ушанаванне караля выклікала палеміку ў прэсе.



150322121024_richard_reinterment_624x351_epa_nocredit.jpg

Цяжка знайсці ў брытанскай традыцыі фігуру больш адмоўную, чым Рычард III (1452–1485). Шмат у чым такая катэгарычная ацэнка сфармаваная славутым Вільямам Шэкспірам, які ў п’есе «Рычард Трэці» выносіць яму суровы вердыкт. У шэкспіраўскіх творах сустракаецца нават такая характарыстыка караля, як «рэінкарнацыя д’ябла».

Напэўна, падставы для такіх высноў у Вільяма былі: за гады кіравання Рычард ІІІ паспеў нарабіць шмат супярэчлівых спраў — у тым ліку задушыць сыноў-прынцаў свайго канкурэнта і адправіць на шыбеніцу без суду і следства мноства арыстакратаў. Ёсць міф, што ён быў датычны да забойства сваёй жонкі, паколькі паклаў вока на нейкую іншую жанчыну.

З улікам усяго апісанага, Рычард ІІІ, натуральна, нажыў пры жыцці нямала ворагаў, барацьба з якімі закончылася для яго трагічна. Манарх быў забіты падчас славутай бітвы з Цюдорам пры Басуорце (1485). Пасля забойства з нябожчыка адразу знялі карону і ўсё адзенне. Аголенае цела Рычарда правезлі конна на радасць натоўпу. Доўгі час лічылася, што тая «пахавальная працэсія» закончылася тым, што цела апошняга Плантагенета скінулі ў рэчку.

richard_iii_main_0.jpg

Праз амаль 550 гадоў былы жудасны тыран, рэшткі якога знайшлі два гады таму на адной з парковак, стаў кумірам брытанскай грамадскасці. На яго перапахаванне 26 сакавіка ў Лейстэры прысутнічала каля двух тысяч асобаў, сярод якіх былі мясцовы епіскап і ўвесь мясцовы бамонд. У гонар нябожчыка прагучаў нават вайсковы салют. Як іранізуюць на форумах: ад усяго пабачанага склалася ўражанне, што пры Басуорце перамаглі не Цюдоры, а Плантагенеты.

Ушанаванне тырана адразу выклікала палеміку на старонках брытанскай прэсы, прычым аматары рэабілітацыі Рычарда ІІІ — у яўнай большасці. Іх аргументацыя галоўным чынам будуецца на апошніх даследаваннях гісторыкаў. Як піша кансерватыўная газета «The Daily Telegraph»: «Наша гісторыя была аднабокая адносна фігуры Рычарда ІІІ». Сапраўды, гісторыкі кажуць, што спадчына апошняга Плантагенета не такая адназначная. Будучы энергічным адміністратарам, Рычард III развіваў гандаль, рэарганізаваў войска, правёў рэформу ў судаводстве, быў патронам мастацтваў.

У сваю чаргу, гісторыкі заклікаюць прыхільнікаў дэмакратычных каштоўнасцяў не панікаваць. Фактычна, тое, што адбылося 26 сакавіка ў Лестэры, тычыцца не Рычарда ІІІ, а яго цела. Мы маем справу з мала вывучаным феноменам, калі мёртвае цела — і так нешта сакральнае для свядомасці чалавека — у дадатак набывае нейкі капітал нябожчыка. У выніку гісторыя ведае абсалютна фантастычныя сюжэты, героямі якіх былі мёртвыя парэшткі людзей.

Для прыкладу, можна ўзгадаць фантастычную гісторыю цела французскага драматурга Жана-Батыста Мальера, які пры жыцці быў кумірам праціўнікаў манархіі. Нягледзячы на тое, што на пахаванне прыйшоў вялізарны натоўп яго фанатаў, ніхто з часам не мог узгадаць, дзе дакладна тая магіла. Праз прыкладна 100 гадоў грымнула Вялікая французская рэвалюцыя, і Канвент патрабаваў знайсці парэшткі драматурга-дэмакрата. Прадстаўнік мясцовай адміністрацыі ў адказ раскапаў на могілках два шкілеты, адзін з якіх было вырашана лічыць мальераўскім. Той шкілет спакойна ляжаў сабе каля нейкага манастыру, пакуль у 1818 годзе не былі адкрытыя могілкі Пер-Лашэз — могілкі на ўсходзе гораду. Сёння Пер-Лашэз вядомыя ўсяму свету (тут знаходзяцца рэшткі Джыма Морысана, Эдыт Піяф і г.д.) . Аднак на пачатку ХІХ стагоддзя гэта былі непапулярныя могілкі, для рэкламы якіх сярод парыжан сюды ў тым ліку працягнулі саркафаг з Мальерам.

У нашым выпадку фурор вакол цела Рычарда ІІІ — таксама кан’юнктурны і звязаны з яго дэманізацыяй у брытанскай афіцыйнай і кансерватыўнай гістарыяграфіі. Сярод багемы даўно стала модна скруціць дулю на адрас істэблішменту за кошт спробаў рэабілітаваць ненавіснага ім Рычарда Плантагенета. Дастаткова ўзгадаць адзін з самых славутых брытанскіх дэтэктываў «Дачка часу» (аўтар Джазэфіна Тэй), герой якіх праводзіць альтэрнатыўнае даследаванне гісторыі пра забойства братоў-прынцаў. У выніку аўтар фактычна рэабілітуе «рэінкарнацыю д’ябла». Галоўныя аргументы, якія былі прадстаўлены ў рамане для апраўдання Рычарда ІІІ: забойства пляменнікаў не прынесла Рычарду ніякай палітычнай перавагі, паколькі ён і без гэтага ўжо быў законным каралём, а маці прынцаў заставалася ў добрых адносінах з Рычардам.

З іншага боку, «чорная легенда» пра Рычарда ІІІ даўно ўжо не ўспрымаецца ў соцыуме як абсалютная ісціна. Напрыклад, у 1985 годзе адзін з брытанскіх каналаў арганізаваў шоў — суд па справе забойства прынцаў — і апраўдаў падсуднага, якога 500 гадоў лічылі вінаватым. У склад прысяжных былі запрошаны толькі тыя, чый адказ на гэта пытанне сведчыў пра іх поўную недасведчанасць у праблеме. З улікам сказанага выданне «The Times» заклікае не шукаць у рэпартажах з Лейстэра палітыку. На думку рэдакцыі, у выпадку з ушанаваннем Рычарда ІІІ праявілася ўнікальнасць Англіі, дзе ўдаецца сінтэзаваць «энтузіязм вакол гісторыі» і «сентыменталізм».