Аул разладу

У далёкім 1888 годзе група перасяленцаў з магілёўскай губерні пасялілася ў абхазскім ауле Айбога (зараз пасёлак Аібга). Наўрад ці яны ведалі, што закладаюць  бомбу расійска-абхазскага тэрытарыяльнага канфлікту.



1f9b616faddedc02339603f3b37d196c.jpg

У далёкім 1888 годзе група перасяленцаў з магілёўскай губерні пасялілася ў абхазскім ауле Айбога (зараз пасёлак Аібга). Наўрад ці яны ведалі, што закладаюць  бомбу расійска-абхазскага тэрытарыяльнага канфлікту.
Пасля таго, як два гады таму па выніках Каўказскай вайны Масква канчаткова ўзяла Абхазію пад сваю апеку, ідэя антырасійскай фронды з боку абхазаў здавалася нонсенсам. Сёння каля 80% жыхароў гэтай рэспублікі маюць расійскае грамадзянства. Бюджэт краіны на тры чвэрці складаецца з расійскіх датацый. Вышэйшы камандны склад войска і органаў бяспекі фармуецца за кошт расійскіх вайскоўцаў і супрацоўнікаў спецслужбаў. Нават абхазская мова паступова знікае. Ёй на змену прыходзіць «вялікі і магутны». Шмат хто прагназуе хуткую інкарпарацыю краю ў склад РФ.
Таму мала каго здзівіў лютаўскі дэмарш Масквы. Напярэдадні перамоваў наконт дэмаркацыі мяжы з Абхазіяй, прызначанай на канец сакавіка, Расія патрабавала перадаць расійскаму боку 16 тысяч гектараў зямлі вакол таго самага Аігбы.
З часоў Савецкага Саюза, дзякуючы згаданым вышэй перасяленцам з Магілёўшчыны, сяло было падзелена на дзве часткі — рускую і грузінскую. Аднак узімку расійскі МЗС недзе раскапаў дакументы канцылярыі Каўказскага намесніцтва. Адпаведна ім, Аігба і наваколлі з ХІХ стагоддзя знаходзяцца ў кампетэнцыі расійскай адміністрацыі.
Праўда, злыя языкі, кажуць, што расійцамі рухае не ідэя аднаўлення гістарычнай справядлівасці.
Аігба знаходзіцца ў 16 кіламетрах ад Чырвонай Паляны — месца, якое ў 2014 годзе прыме зімовыя Алімпійскія гульні. Але, у адрозненне ад Чырвонай Паляны, дзе кошты на зямлю завоблачныя, зямля ў Абхазіі адносна недарагая. Праблема ў адным — паводле мясцовых законаў, набываць зямлю ў Абхазіі замежнікам забаронена. Магчыма, гэта і стала асноўным чыннікам для рускіх, каб капацца ў архівах і высоўваць патрабаванні на адрас суседзяў.
Аднак на гэты раз абхазцы нечакана паўсталі. Прэзідэнт Абхазіі Сяргей Багапш катэгарычна заявіў: «Ніводнага квадратнага метра ніхто нікому аддаваць не збіраецца». Абхазскі бунт тлумачаць розным чынам.
«Гістарычна Абхазія на працягу доўгага часу скарачалася і скарачалася, таму зямельнае пытанне ўспрымаецца абхазскай грамадскасцю вельмі адмоўна. Гэта праверка нашых добрых і дружалюбных адносін — і яны павінны вытрымаць выпрабаванне гэтым важным пытаннем», — тлумачыць заяву Багапша адзін з абхазскіх чыноўнікаў.
Газета «Эхо Кавказа» адзначае: «У абхазскім грамадстве ўжо даўно з’явіўся шматлікі пласт, які не задаволены адкрытым закабаленнем і поўнамаштабнай каланізацыяй Абхазіі з боку Расіі. Дагэтуль абхазскім уладам дэ-факта ўдавалася тлумачыць такую сітуацыю эканамічнымі і сацыяльнымі выгодамі, а таксама адсутнасцю альтэрнатыў. Аднак гіпатэтычная перадача 160 квадратных кіламетраў абхазскай зямлі пераходзіць усе рамкі ідэі вядзення бізнэсу, што можа пацягнуць за сабой непрадказальныя для абхазскіх кіраўнікоў наступствы. І, што немалаважна, балюча стукнуць па «расійска-абхазскіх адносінах».
Тэма таго, што Багапш збіраецца аддаць расійцам Аігбу, сапраўды займае важнае месца ў прапагандзе апазіцыі. 25 сакавіка апазіцыйная партыя «Форум народнага адзінства Абхазіі» (ФНЕА) выказала занепакоенасць тэндэнцыямі пры падрыхтоўцы перамоў па дэлімітацыі і дэмаркацыі дзяржаўнай мяжы паміж Рэспублікай Абхазія і Расійскай Федэрацыяй. ФНЕА нагадвае, што, у адпаведнасці з канстытуцыяй Абхазіі, яе тэрыторыя цэласная, недатыкальная і неадчужальная».
Пад ціскам апанентаў і грамадства Багапш пайшоў на непрадказальны крок. 6–10 красавіка ён здзейсніў візіт у Турцыю. Хаця візіт быў неафіцыйным, шуму ён нарабіў шмат. Сярод іншага Багапш адправіўся ў Турцыю, каб займець падтрымку турэцкіх абхазцаў.
Нагадаем, што ў выніку руска-каўказскай вайны сярэдзіны XIX стагоддзя вялікая частка абхазскага этнасу была вымушана шукаць прытулку ў Асманскай імперыі. Падчас свайго візіту прэзідэнт Абхазіі запэўніў абхазскую дыяспару ў Турцыі, што не мае намеру ісці на саступкі ў перамовах пра дэмаркацыю і дэлімітацыі дзяржаўнай мяжы Абхазіі з Расійскай Федэрацыяй.
Паездку Багапша прэса краін басейну Чорнага мора назвалі прарывам. Дыпламатычная ізаляцыя Абхазіі, якую прызнае толькі пару дзяржаў кшталту Нікарагуа і Науру, адпавядае стратэгічным планам Крамля.
Аднак не ўсё так проста. Шмат экспертаў лічыць ваяж Багапша добра прапрацаванай аперацыяй Лубянкі. Абхазскі гарант ляцеў у Турцыю з аэрапорта ў Сочы па расійскаму пашпарту. Чаму расійскія памежнікі, ведаючы пра мэту ягонага візіту, паставілі палітыку штамп з дазволам на выезд? Акрамя таго, турне Багапша спрычынілася да калапсу ў адносінах паміж Турцыяй і Тбілісі, дзе туркаў заўсёды разглядалі як геапалітычных саюзнікаў.
Паездка Багапша ў Малую Азію таксама ставіць пад сумнеў грузінскі план сарваць Алімпіяду ў Сочы рукамі чэркескай дыяспары. Землі ў раёне Сочы — традыцыйнае месца рассялення чэркесаў і абхазцаў. Менавіта ў Чырвонай Паляне 21 мая 1864 года рускія войскі зламалі апошнюю апору супраціву каўказскіх народаў. Гэты дзень, дарэчы, афіцыйна лічыцца датай заканчэння Каўказскай вайны.
Пасля гэтага расійскія ўлады абвясцілі горцам, што тыя, хто жадае, змогуць застацца, прыняўшы расійскае падданства. Астатнім прапанавалі на працягу двух з паловай месяцаў перасяліцца ў Турцыю. Пераважная большасць жыхароў Паўночнага Каўказа — 400 тысяч чалавек — выехалі ў Асманскую імперыю.
Дасюль Расія адмаўляецца размаўляць на тэму генацыду адыгейскіх народаў. Лідары чэркескай дыяспары ў Турцыі збіраліся выкарыстаць спаборніцтвы ў Сочы як падставу для кампаніі за прызнанне генацыду свайго народа. У гэтым ім ахвотна дапамагаў Тбілісі. У грузінскай сталіцы ўжо адбылося некалькі канферэнцый на гэтую тэму. Пасля візіту Багапша турэцкія чэркесы могуць ахалодаюць да ідэі кампаніі.
«Новая политика» (Расія) у каментарыі да паездкі Багапша піша: «Чэркескае пытанне будзе ўздымацца гэтак жа, як тыбецкае напярэдадні Алімпіяды ў Пекіне. Але да гэтага часу паляпшэнне адносін з гэтымі ўплывовымі дыяспарамі можа мець патройнае значэнне. Гэта — паляпшэнне кантэксту расійска-турэцкіх адносін, магчымасць для дадатковага канала ўплыву на паўночнакаўказскую дынаміку, а таксама прасоўванне Абхазіі ў свет для ўскладнення ўспрымання расійскай палітыкі на Паўднёвым Каўказе ў цэлым».
Між тым, з Масквы, дзе адбываюцца перамовы наконт мяжы, прыходзяць супярэчлівыя навіны. Шэраг выданняў са спасылкай на свае крыніцы кажуць, што Масква адмовілася ад прэтэнзій. Другія, наадварот, сцвярджаюць, што складанае пытанне адкладзенае да «вывучэння пытання праходжання мяжы ў раёне Аігбы». Іншымі словамі, спрэчка працягваецца.
Нарэшце, у грузінскім МХС ужо ахарактарызавалі сваю пазіцыю па пытанні прыналежнасці спрэчнага аула. «Паколькі Абхазія і Цхінвальскі рэгіён з’яўляюцца акупаванымі тэрыторыямі, то ніякія дамовы Расіі і Абхазіі не могуць мець законнай сілы», — заявілі грузінскія дыпламаты.