Азербайджан. Іспанія. Кітай

  Азербайджан   Шок і гнеў выклікаў у Азербайджане даклад шырокавядомай арганізацыі Freedom House, якая арганізуе маніторынг стану правоў грамадзян па ўсёй планеце. Справа не ў тым, што ў дакладзе Азербайджан, як звычайна, заняў месца ў катэгорыі краін “несвабодныя.

Азербайджан
Шок і гнеў выклікаў у Азербайджане даклад шырокавядомай арганізацыі Freedom House, якая арганізуе маніторынг стану правоў грамадзян па ўсёй планеце. Справа не ў тым, што ў дакладзе Азербайджан, як звычайна, заняў месца ў катэгорыі краін “несвабодныя.

Папросту на мапе арганізацыі, якая, дарэчы, называецца “Мапа свабоды, тэрыторыя Нагорнага Карабаха прадстаўлена як асобная адміністратыўная адзінка. У дужках пасля назвы “Нагорны Карабах напісана: “Азербайджан і Арменія, што значыць падкантрольнасць гэтай тэрыторыі адначасова Баку і Ерэвану. Між тым, Азербайджан упарта лічыць гэты край, які армяне адваявалі на пачатку 90-х, сваім. Не дзіўна, што азербайджанскія палітыкі аднагалосна выказалі свой пратэст супраць выхадкі Freedom House і заклікаюць урад прыпыніць яе фінансаванне. Справа ў тым, што Freedom House атрымлівае падтрымку ад структур ААН, сябрам якой з’яўляецца таксама і Азербайджан. Праўда, з пункту гледжання кепскага стану грамадзянскіх правоў у краіне ўчынак Freedom House быў вельмі дарэчным. Дзякуючы яму ўлады краіны пераключылі ўвагу грамадзян з праблем дэмакратыі на праблемы картаграфіі.
Іспанія
Нацыяналістычныя баскская арганізацыя ЕТА (Краіна Баскаў і Воля), якая выкарыстоўвае баявыя сродкі для дасягнення незалежнасці, распаўсюдзіла экзатычную заяву. Групоўка пагражае тэрарыстычнымі атакамі кіраўніцтву дэпартамента іспанскай чыгункі. В ЕТА незадаволеныя ініцыятывай чыноўнікаў пракласці новую лінію для хуткасных цягнікоў праз тэрыторыю краю. На думку тэрарыстаў, каб рэалізаваць падобны праект, дырэкцыя чыгункі павінна была спачатку атрымаць згоду ад саміх баскаў. Між тым, грамадскай дыскусіі па праекту, на думку нацыяналістаў, па сутнасці не было. На месцы чыгуначнікаў кожны нармальны чалавек задумаўся б: напрыканцы мінулага года ЕТА ўзяла на сябе адказнасць за забойства прадпрымальніка Ігнасіа Урыа. Ягоная фірма была звязана з праектам будаўніцтва новай хуткаснай чыгункі ў баскскім рэгіёне.
Кітай
У Кітаі абвясцілі пра намер на самым высокім афіцыйным узроўні адсвяткаваць у сакавіку 50-ю гадавіну вызвалення Тыбета. Мова пра аперацыю вайсковых сіл КНР, якія ўзялі пад кантроль цэнтральнага ўраду тэрыторыю Тыбета. На працягу папярэдніх 20–30 гадоў Лхаса фактычна была незалежнай ад Пекіна. Тыбецкія нацыяналісты, натуральна, лічаць, што Дзень вызвалення Тыбета хутчэй трэба было назваць Дзень акупацыі Тыбета. Самае цікавае, аднак, іншае: галоўны акцэнт кітайскі ўрад робіць на праблеме прыгонных тыбецкіх сялян. На думку Пекіна, уваходжанне Тыбета ў склад КНР значыла вызваленне з рабства мільёнаў тыбетцаў, якія фактычна былі ўласнасцю манастыроў. Факт існавання элементаў прыгоннага права ў Тыбеце складана адмаўляць. Аднак палітыку кітайскіх уладаў, якія прыйшлі на месца Лам, таксама цяжка апраўдаць: у 50-я гады ў КНР пачаўся “Вялікі скачок, падчас якога людзей прымусова заганялі працаваць у сельскія камуны або падымаць цяжкую прамысловасць. Пры ўсіх супярэчнасцях трактоўкі гісторыі, думаецца, што большасць жыхароў Тыбета ідэю свята ўспрыме пазітыўна: 14 сакавіка, калі і будзе адзначацца Дзень вызвалення Тыбета, у краіне абвешчаны непрацоўным днём.