Менскі АМАП і кадыраўскія баявікі: супрацоўніцтва, адзіныя стандарты, што далей?

У кастрычніку 2018 года, паводле даручэньня кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава, у Беларусь прыязджалі прадстаўнікі «Расейскага ўніверсітэта спецназа», заснаванага Кадыравым у горадзе Гудэрмес. Пасля гэтага кантакты сілавікоў зь Беларусі і чачэнскімі баявікамі сталі рэгулярнымі.

1__1__30.jpg

Паездка 2018 года адбылася па запрашэньні Віктара Лукашэнкі, які на той момант займаў пасаду памочніка прэзідэнта па нацыянальнай бясьпецы. Тады інструктары ўніверсітэта спецназа сустракаліся з беларускімі сілавікамі, а па выніках была заключаная дамова аб пастаўцы «Расейскаму ўніверсітэту спецназа» беларускага абсталяваньня для навучальна-трэнавальнага працэсу.

Непасрэдныя рэгулярныя кантакты зь менскім АМАПам у кадыраўцаў пачаліся з красавіка 2023 года, калі ў Чачню прыязджала дэлегацыя АМАП ГУУС Менгарвыканкама. Чальцы дэлегацыі наведалі той самы «Расейскі універсітэт спецназа» і, як сказана на старонцы «ўніверсітэта спецназа» на ютубе, паразмаўлялі з кіраўнікамі напрамкаў падрыхтоўкі спецпазраздзяленьняў і пацікавіліся ў інструктараў іх методыкай выкладаньня. Тады ж упершыню прагучала, што беларускія АМАПаўцы трэнаваліся пад кіраўніцтвам гэтых інструктараў падчас паездкі.

А ў верасьні 2023 года ўжо прадстаўнікі «Расейскага ўніверсітэта спецназа» ў сваю чаргу наведалі Беларусь. У якасьці назіральнікаў яны прысутнічалі на турніры па тактычнай стральбе, прысвечаным 35-й гадавіне заснаваньня АМАП ГУУС Менгарвыканкама. Выданьне «Беларусь сегодня» згадала, што судзейства турніру забяспечвалі людзі, якія прайшлі падрыхтоўку ў «Расейскім універсітэте спецназа».

У траўні 2024 года тэлеграм-канал кадыраўскага «ўніверсітэта спецназа» паведаміў, што некалькі штатных і пазаштатных інструктараў менскага АМАП скончылі навучальна-трэнавальныя зборы і атрымалі сэртыфікаты. На відэа, прысвечаным гэтай падзеі, бачныя чатыры сэртыфікаты. Сярод іх атрымальнікаў — начальнік аддзяленьня аддзела спецпадрыхтоўкі АМАП ГУУС Менгарвыканкама Андрэй Макарэвіч.

2_981.jpg

У жніўні 2024 года ў «Расейскім універсітэце спецназа» адбыўся міжнародны турнір па тактычнай стральбе сярод сілавых падраздзяленьняў, у якім удзельнічала каманда АМАП ГУУС Менгарвыканкама, Імаверна, яе ўзначальваў згаданы вышэй Макарэвіч. Каманда беларускіх АМАПаўцаў стала пераможцай гэтага турніру. На відэа ўручэньня ўзнагародаў АМАПаўцы стаяць, трымаючы ў руках грашовы сэртыфікат на суму 1 міліён расейскіх рублёў (каля 41 тысячы беларускіх рублёў). Як піша чачэнская прэса, грошы для прызёраў турніру былі выдзеленыя фондам Ахмат-Хаджы Кадырава, які заснаваў Рамзан Кадыраў. То бок, у выпадку, калі каманда менскага АМАП насамрэч атрымала гэтыя грошы, гэта азначае, што Кадыраў фактычна прафінансаваў беларускі АМАП.

4_739.jpg

Зусім нядаўна, у траўні 2025 года, дэлегацыя АМАП ГУУС Менгарвыканкама зноў наведала «Расейскі ўніверсітэт спецназа» ў Гудэрмесе. У гэтым годзе падчас сустрэчы гаварылася ўжо ня толькі пра навучэньне АМАПаўцаў, але таксама пра «адзіныя стандарты падрыхтоўкі для палепшаньня ўзаемадзеяньня».

Але самае прыкметнае, што было агучана — гэта арганізацыя курсаў для кадыраўскіх баявікоў на тэрыторыі Беларусі. Паводле інфармацыі з відэарэпартажу чачэнскага тэлебачаньня, такія курсы плянуюцца ў бліжэйшы час.

Прысутнасьць кадыраўскіх баявікоў у Беларусі — вельмі небяспечная зьява. Па-першае, іх могуць выкарыстаць АМАПаўцы для расправаў над беларусамі. Па-другое, іх можа выкарыстаць Расея для падаўленьня праціўнікаў паглынаньня Беларусі Расеяй.

Не кажучы ўжо пра тое, што чачэнскія сілавікі падпарадкоўваюцца, канешне ж, Кадыраву, і могуць не выконваць загады беларусаў на беларускай жа зямлі.