Банк, які лопнуў. Дасье ў карыкатурах
У ЗША збанкрутаваў адзін з самых надзейных банкаў — Silicon Valley Bank. Адмыслоўцы сур'ёзна асцерагаюцца паўтарэння крызісу 2008-га. Зразумець, чым пагражае рымейк 2008-га, дапаможа падборка карыкатур.
Папярэднікам агульнага фінансавага і банкаўскага крызісу, якому, дарэчы, у гэтым годзе 15 гадоў, стаў крызіс у ЗША высокарызыкоўных іпатэчных крэдытаў (subprime). Гаворка пра іпатэчнае крэдытаванне асоб з нізкімі даходамі і дрэннай крэдытнай гісторыяй. Не дзіўна, што на нейкім этапе пачаўся рост пратэрмінаваных плацяжоў па іпатэках. Банкі сталі ўсё часцей адбіраць дамы і прадаваць іх на рынку. Пры перавагі прапановы над попытам цана на такія дамы стала падаць. У выніку банкі сутыкнуліся з тым, што ў іх шмат таннай нерухомасці і адсутнасць грошай для выплаты ўласных даўгоў.
Ужо летам 2007 года крызіс з іпатэчнага пачаў перарастаць у фінансавы, прычым міжнароднага маштабу. Пачаліся банкруцтвы банкаў. Важнай падзеяй у абвастрэнні крызісу стала банкруцтва банка Lehman Brothers 15 верасня 2008 года. Здавалася, больш салідную ўстанову цяжка знайсці. Lehman Brothers быў чацвёртым па памеры актываў банкам у ЗША, заснаваны ў далёкім 1850 годзе. І раптам кантора памерла. Тэматычная карыкатура амерыканскага графіка Гары Баркера.
Банкруцтва Lehman
Brothers выклікала фінансавы крызіс ва ўсім свеце. Банкі перасталі крэдытаваць
адзін аднаго, што пазбавіла фінансавання нават самыя стабільныя і плацежаздольныя кампаніі. Пачалося татальнае падзенне каціровак акцый: за тры
наступныя дні сусветныя фондавыя рынкі страцілі 2,85 трыльёна долараў
капіталізацыі. Асцярогі наконт тэмпаў росту сусветнай эканомікі спарадзілі
паніку на сыравінных рынках. Заходнія інвестары ў спешным парадку пачалі
закрываць пазіцыі на перыферыйных рынках, што падарвала мясцовыя валюты.
Атмасферу крызісу 2008-га перадае малюнак датчаніна Рыгера Хансана.
Чалавечы кошт крызісу 2008-га не мае прэцэдэнтаў. Упершыню адзначалася масавае скарачэнне сярэдняга класа. У гэты перыяд беспрацоўе на Захадзе вырасла да 200 мільёнаў чалавек — самая вялікая лічба за ўсю гісторыю падлікаў. Урады былі не здольныя хутка змяніць трэнд. На малюнку выдання The Washington Post тагачасны прэзідэнт ЗША Барак Абама ў роспачы прапануе разбамбаваць беспрацоўе з дапамогай дронаў.
Арыгінальны жарт крызіс згуляў з Беларуссю. Спачатку праз неразвітасць фондавых і фінансавых рынкаў у РБ і іх слабую інтэграванасць у сусветную фінансавую сістэму, уплыў сусветнага фінансавага крызісу на беларускую эканоміку асабліва не праявіўся. Гэта безумоўна дало падставу афіцыёзу піярыць лукашэнкаўскую мадэль. Крызіс выявіўся ў 2011-м. І яшчэ як! Дэвальвацыя беларускага рубля за зіму і вясну склала 75% у адносінах да кошыка замежных валют. Вось як рэагаваў тады на тыя падзеі карыкатурыст «Радыё Свабода».
Нельга не згадаць аб рэакцыі ўладаў Захаду на крызіс. Нягледзячы на тое, што напярэдадні 2008-га ўсе казалі аб гістарычным трыумфе рынкавай эканомікі, дзейнічалі чыноўнікі зусім наадварот. Так, у ЗША мела месца беспрэцэдэнтная частковая нацыяналізацыя прыватных банкаў: Эканоміку актыўна напампоўвалі таннымі грашыма, каб яна змагла жыць далей.
Усё гэта выклікала спекуляцыі наконт крызісу капіталізму, які арыгінальна праілюстраваў амерыканскі мастак Патрык Шапетэ. На яго малюнку пенсіянеры, якія настальгуюць па савецкіх часах, шакаваныя тым, што заходнія ліберальныя ўрады дзейнічаюць класічнымі камуністычнымі метадамі — «нацыяналізацыя» і «пяцігадовы план».
І вось зноў. Літаральна ўчора пайшоў на дно Silicon Valley Bank — галоўны крэдытор кампаній Крамянёвай даліны. Фішка ў тым, што ў гэтым банку абслугоўваюцца тысячы тэхналагічных кампаній з розных краін. Калі крызіс працягнецца, то незразумела, якімі сродкамі можна будзе мінімізаваць урон ва ўмовах цяперашняй інфляцыі.
Зрэшты, цяпер усё залежыць ад таго — ці выкліча крах Silicon Valley Bank эфект картачнай хаткі, калі пачнуць зачыняцца іншыя банкі? Цяпер такі сцэнар кашмарны сон для эканамістаў. Ці стане ён рэальнасцю, мы даведаемся на наступным тыдні. Тым часам мастакі не сумняваюцца ў негатыўным развіцці падзей.