Баскская інтрыга

У Краіне Баскаў абвешчаныя пазачарговыя выбары, па выніках якіх да улады могуць прыйсці прыхільнікі незалежнасці.
 

У гісторыі баскскай аўтаноміі гэта ўжо трэці выпадак, калі ў мясцовы парламент праводзяцца пазачарговыя выбары. Папярэднія два разы абавязковай прычынай пазатэрміновага галасавання была актывізацыя дзейнасці баскскай незалежніцкай тэрарыстычнай групоўкі ЕТА. На гэты раз ЕТА не пры чым.
Галоўны чыннік выбараў, якія, дарэчы, прызначаныя на 21 кастрычніка, — эканоміка. Сярод пяці пунктаў, якія lehendakari (так баскі называюць прэм’ера ўраду) Пачы Лопес назваў у якасці прычын для пераносу даты выбараў, амаль усе тычацца розных аспектаў эканомікі. Лопес і яго Баскская партыя сацыялістаў (PSE) хочуць прыняць пакет законаў пра рэформу падатковай і адміністратыўнай сістэм, каб больш эфектыўна змагацца з крызісам. Апазіцыя, па словах Лопеса, тарпедуе ініцыятывы. Сітуацыя пагоршылася пасля таго, як у маі кансерватыўная Народная партыя (РР) выйшла з кааліцыі з сацыялістамі. У такой сітуацыі, па словах lehendakari, сацыялістам лепш увогуле сысці з ураду, чым нічога не рабіць.
Як выбары дапамогуць сацыялістам, рэйтынгі якіх невысокія, цяжка сказаць. Усе сацыялагічныя выкладкі паказваюць будучую перамогу ўмеранай Партыі баскскіх нацыяналістаў (PNV), якая можа разлічваць на 23–24 месцы ў рэгіянальным парламенце, што складаецца з 75 дэпутатаў. Сацыялістам свеціць максімум 17–18 мандатаў (сёння ў іх 25 месцаў). Яшчэ 12 дастануцца правым.
Аднак не ўсё так кепска ў PSE. Магчыма, стаўка робіцца на тое, што новы парламент будзе кардынальна не падобны на цяперашні, дзе буйныя фракцыі маюць умераныя нацыяналісты, сацыялісты і народнікі. Калі верыць прагнозам, то другой партыяй у складзе новага парламенту можа стаць блок левых нацыяналістаў з аб’яднання «Bildu».
«Bildu» — кааліцыя т.зв. izquierda abertzale, левых нацыяналістаў. Яна паўстала ў мінулым годзе пасля доўгіх спроб зарэгістраваць сваю партыю. Прыкладна тузін разоў улады адмаўлялі ініцыятарам у рэгістрацыі, спасылаючыся на тое, што сярод стваральнікаў ёсць сябры забароненай за кантакты з ЕТА партыі «Batasuna».
Легалізацыя левых нацыяналістаў стала магчымай толькі пасля таго, як баевікі ЕТА пачалі адмаўляцца ад вайсковай стратэгіі. Дарэчы, пацыфікацыю вайсковага падполля сацыялісты прыпісваюць сабе. «Менавіта ў час нашай легіслатуры быў пакладзены канец тэрарызму ЕТА. І гэта адбылося без абмежавання грамадзянскіх свабод», — падкрэсліў Лопес падчас абвяшчэння новай даты галасавання.
Што да «Bildu», дык яе першы выхад на авансцэну ў мінулым годзе закончыўся трыумфам. На мясцовых выбарах кандыдаты ад izquierda abertzale атрымалі 26 працэнтаў галасоў, а цяпер маюць усе шансы стаць другой парламенцкай партыяй з 17–18 дэпутатамі. Гэта стварае новую канфігурацыю ў баскскай палітыцы, калі вядучымі палітычнымі сіламі становяцца дзве партыі нацыяналістаў. Менавіта яны і пачнуць змагацца за пасаду lehendakari, і тут вырашальнае значэнне будзе мець пазіцыя трэцяй парламенцкай партыі, а менавіта сацыялістаў. Магчыма, у гэтым — стаць уладальнікам залатой акцыі — і палягае каварны план Пачы Лопеса.
Пакуль усё ідзе па гэтай схеме. Абедзве нацыяналістычныя партыі разглядаюць будучыя выбары як рубежныя. Задоўга да таго, як быў дадзены старт выбарчай кампаніі, яны высунулі кандыдатаў на lehendakari. Ад «Bildu» за вакансію пазмагаецца Лаура Мінтэгі — выкладчыца літаратуры. PNV прапануе выбаршчыкам кандыдатуру Іньіга Уркульу, які прафесійна займаецца палітыкай. Важна адзначыць, што ўступаюць у саюз абедзве партыі не забіраюцца, а арыентуюцца на дыялог з PSE як патэнцыйным партнёрам па кааліцыі.
Новы расклад дазваляе ўсур’ёз разглядаць опцыю пра ўваход прадстаўнікоў izquierda abertzale ў сумесны кабінет з сацыялістамі, што лагічна пацягне паўзучую рэвізію прававога статусу Краіны Баскаў у складзе іспанскай дзяржавы. «Bildu» аспрэчвае легітымнасць іспанскай канстытуцыі, якая разглядае Краіну Баскаў як частку Іспаніі. Тым больш, што, па словах нацыяналістаў, калі аддзяляцца, то лепш за ўсё зараз, у час крызісу. «Незалежнасць — гэта адзіная форма выхаду з крызісу, — кажа Лаура Мінтэгі, і дадае: — У цяперашніх умовах казаць пра незалежнасць — гэта не толькі здаровая практыка нагадаць пра наша законнае права, аднак яшчэ і адзіны сродак выжывання ва ўмовах іспанскага караблекрушэння».
Парадокс заключаецца ў тым, што з гэтым тэзісам зараз згодны амаль усе баскскія партыі, уключаючы сацыялістаў, якія доўгі час арыентаваліся на Мадрыд. Міф пра тое, што дастаткова заможная Краіна Баскаў можа лепш перажыць рэцэсію самастойна, зараз вельмі папулярны сярод часткі баскскага электарату. Крызіс і дэбаты вакол яго далі баскам магчымасць паглядзець на сябе праз прызму таго, што адбываецца ў іншых іспанскіх рэгіёнах. Як піша газета «El Pais», «адносна здаровая сітуацыя з фінансамі і меншая тэндэнцыя да растраты адміністрацыямі публічных сродкаў, не такія высокія пазыкі ў параўнанні з іншымі камунамі выклікалі ў баскаў пачуццё палітычнага нацыянальнага гонару, які гучыць прыкладна так: «У нас не ўсё добра. Аднак лепш, чым у іншых».
Нядаўняя гучная пікіроўка паміж Лопесам і цэнтральным урадам, які патрабуе ад баскаў скараціць фінансаванне публічных службаў, яшчэ больш узмацніла сепаратысцкія настроі. Як следства, цяпер усе партыі, акрамя традыцыйна прамадрыдскай РР, ідуць на выбары, кажучы пра неабходнасць асобнай ад астатняй Іспаніі эканамічнай мадэлі для Краіны Баскаў. Зразумела, што кожны бачыць тую мадэль па-рознаму. Так, Лопес кажа пра асобную падатковую сістэму і механізм стымулявання спажывання. А Іньіга Уркульу патрабуе перадачы дадатковых эканамічных правоў для ўраду аўтаноміі.
Вядучыя эканамісты Іспаніі скептычна глядзяць на гэтыя пражэкты. Па іх словах, адносна някепскі стан баскскай эканомікі тлумачыцца тым, што яна завязаная на знешнія рынкі і мае розныя цыклы з іспанскай, а таму пазней адчула наступствы крызісу. Аднак гэта значыць, што і выходзіць з застою яна будзе пазней. Перамагчы глабальны крызіс асобна баскская эканоміка не здольная, кажуць яны. З іншага боку, эксперты не выключаюць магчымасці стварэння лакальная мадэлі, якая дазволіць эфектна змагацца з праявамі крызісу ў сацыяльным жыцці.
У любым выпадку, відавочна, што ў баскскім грамадстве сфармаваўся попыт на незалежніцкія тэорыі, што робіць ход выбараў і іх вынікі вельмі інтрыгуючымі. Відавочна, яны паўплываюць на агульную палітычную дыскусію. Некаторыя палітолагі ўжо сцвярджаюць, што фрагментызацыі Іспаніі падчас крызісу не пазбегнуць, і ўжо зараз трэба пачынаць размаўляць пра пераход дзяржавы на федэральную мадэль.