Беларуская актрыса распавяла, як маскоўская паліцыя сарвала спектакль аб пратэстах у Беларусі
Кацярына Фіневіч распавяла «Вот Так», як яна трапіла на спектакль "Суседзі" і што для яе асабіста значаць жнівеньскія падзеі.
Беларуская актрыса Кацярына Фіневіч з 1999 года жыве ў Маскве. Падзеі жніўня 2020 года ў Беларусі сталі для яе асабістым гонарам і асабістай драмай. Кацярына кажа, што сама «напрасілася» да рэжысёра Сяргея Гіндыліса, калі ён шукаў акцёраў–беларусаў для ўдзелу ў спектаклі «Суседзі» пра беларускія пратэсты. Прэм’еру пастаноўкі ў «Тэатры.doc» увечары 1 траўня сарвалі паліцыянты – нібыта тэатр быў замініраваны.
Кацярына ўспамінае, што трапіла ў пастаноўку, дзякуючы «Белсату». Журналісты хацелі зрабіць рэпартаж пра беларусаў, якія жывуць у Расеі, якія былі датычныя да беларускіх пратэстаў.
«З-за каранавірусу я ўжо паўтара года не была ў Беларусі, што жахліва, бо я старалася 4-5 раз на год туды з’ездзіць, бо ўсе мае блізкія і сябры жывуць у Беларусі. Жнівень я не магла працаваць, я месяц праседзела ў сацсетках. І тут у студзені ці лютым са мной на сувязь выходзіць «Белсат».
Кацярына кажа, што даўно жыве ў Расеі і яе часта рэкамендуюць, каб яна дапамагла знайсці творчых беларусаў, якія жывуць у Маскве. «Белсату» патрэбныя былі людзі, якія нешта зрабілі для беларускіх пратэстаў.
«Я кажу: я нічога не зрабіла, і гэта мой боль. Але я магу знайсці герояў», – распавядае яна.
Кацярына звязалася з рэжысёрам Мікітам Ільінчыкам, які нядаўна паставіў спектакль на Малой Броннай «Прыхільніцы». Яна паскардзілася яму, што даўно марыць нешта зрабіць пра беларускія падзеі, ён сказаў, што ягоны сябар як раз шукае беларусаў для такога праекту. «Я напісала Сяргею Гіндылісу сама, прапанавала яму сустрэцца. Ён – масквіч, але яго вельмі хвалюе гэтая тэма. І ён хацеў, каб, у асноўным, усе акцёры былі беларусамі, каб людзей гэта асабіста кранала і хвалявала, каб гэта не проста былі артысты, якія прыйшлі адыгралі і сышлі, а менавіта каб было гэтае эмацыйнае падключэнне», – кажа яна.
Прэм’ера спектаклю «Суседзі» мела адбыцца 1 траўня ў «Тэатры.doc».
Кацярына распавядае, што яшчэ за 15 хвілін да спектаклю ў тэатр прыехала паліцыя і паведаміла, што «будуць правакацыі». Да правакацый трупа была гатовая: за пару тыдняў да гэтага ў Санкт-Пецярбургу было сарванае адкрыццё фестывалю дакументальнага кіно «Артдокфэст».
Хвілін за пяць да прэм’еры паступіў званок са спецслужбаў, што зала замініраваная і што спецыялісты едуць у тэатр. Артысты вырашылі пачынаць спектакль: «Тэатр.doc» не першы раз сутыкаецца з такім, распавядае Кацярына.
Хвілін праз 20, проста падчас спектаклю, прыехалі спецыяльныя службы. «Яны былі досыць ветлівыя» і папрасілі ўсіх выйсці.
«Мы, праўда, яшчэ спрабавалі іграць, спадзяваліся, што яны падчас спектакля працягнуць свае дзеянні, але давялося выйсці», – кажа Кацярына.
Спантанна было вырашана працягнуць на вуліцы, «пашанцавала, што быў добры дзень, добрае надвор’е, адданы глядач». Хвілін праз 30 вулічнага прадстаўлення зноў прыехала паліцыя.
«Яны сказалі, што на нас скардзяцца, што мы перакрылі рух і парушаем масачны рэжым. Хоць усе былі ў масках. І самае смешнае, што вуліца гэтая цяпер рамантуецца, на ёй перакрыты рух, машыны не ездзяць. Але нам прыйшлося ўсё-ткі ўсё скончыць», – успамінае Кацярына.
Падчас прэм’еры ішла наўпроставая трансляцыя пастаноўкі. Акцёры атрымалі шмат званкоў падтрымкі, з прапановамі аб дапамозе ад розных беларускіх дыяспар.
Кацярына Фіневіч (Бяспалая) нарадзілася ў Менску. У 1999 годзе скончыла Беларускую Акадэмію мастацтваў. Працавала ў Рускім акадэмічным тэатры ім. М.Горкага, у Нацыянальным тэатры ім. Я.Купалы, у Тэатры юнага гледача. З 1999 года жыве ў Маскве. Працавала ў тэатры-студыі «МЕЛ», у Цэнтры ім. Ус. Меерхольда, здымаецца ў кіно.
Яна кажа, што падзеі жніўня 2020 года ў Беларусі і пастаноўка пра іх – гэта асабістая гісторыя для яе.
«Я хачу распавесці гісторыю беларусаў. Асабліва мне важна данесці гэта расейцам. Шмат хто не верыць да канца ў гэтыя падзеі, лічыць, што многае перабольшана, прыдумана, і калі я магу хоць нейкую драбніцу ўнесці сваю, як я кажу, у перамогу дабра над злом, то я буду шчаслівая, – кажа яна.