Больш за 7000 чалавек будуць вызвалены па амністыі
Да 1 лютага ваенная хунта, якая захапіла ўладу ў М'янме, вызваліць з турмаў некалькі тысяч чалавек, у тым ліку тых, хто трапіў за краты праз палітычныя пратэсты.
На волю па амністыі выйдуць 7012 зняволеных. Адбудзецца гэта ў азнаменаванне Дня незалежнасці краіны, паведаміла ў мінулую сераду мясцовая дзяржаўная тэлекампанія. Выйдуць на волю і некаторыя палітычныя крытыкі рэжыму. Прынамсі, яны не трапляюць у катэгорыю тых, на каго не распаўсюджваецца амністыя: асуджаных за забойства і згвалтаванне або зняволеных па абвінавачваннях, звязаных з выбуховымі рэчывамі, карупцыяй.
Фармальна амністыя звязана з вялікім юбілеем (сёлета спаўняецца 75 гадоў Дэкларацыі аб незалежнасці краіны). Аднак чамусьці, анансуючы амністыю, кіраўнік хунты таксама згадаў краіны, якія падтрымліваюць рэжым у Рангуне. Магчыма, ідэю вызваліць частку палітзэкаў прапанаваў нейкі замежны ўрад?
Нагадаем, М'янма — краіна ў Паўднёва-Усходняй Азіі — сутыкнулася з міжнароднай ізаляцыяй і санкцыямі два гады таму пасля таго, як 1 лютага 2021-га вайскоўцы ў выніку путчу адабралі ўладу ў дэмакратычна абранага ўрада на чале з лаўрэатам Нобелеўскай прэміі Аун Сан Су Чжы.
У адказ на путч у краіне пачаліся масавыя пратэсты, якія вайскоўцы падаўлялі вельмі жорстка. З пачатку перавароту арыштавана больш за 16 000 чалавек. Колькасць забітых падчас маніфестацый у розных крыніцах вагаецца ад 400 да 2500 асоб. Сотні тысяч чалавек збеглі з краіны па палітычных абставінах. Чатырох удзельнікаў пратэстаў асудзілі да смяротнага пакарання ў рамках паказальных судовых працэсаў. Дарэчы, гэты былі першыя падобныя прысуды ў краіне за некалькі дзесяцігоддзяў.
Трэба прызнаць, што першую хвалю пратэстаў новым уладам, здаецца, удалося збіць. Пасля крывавых рэпрэсій 2021-га вулічныя пратэсты ў гарадах сталі рэдкасцю. Эпіцэнтр супраціўлення сёння зрушыўся на перыферыю. Прычым паступова барацьба набыла ўзброены характар. Урадавай арміі супрацьстаяць т.зв. Народныя сілы абароны — палітычная мілітарысцкая структура, якая выступае за рэстаўрацыю дэмакратыі. Акрамя таго, партызаняць шматлікія фарміраванні сепаратыстаў. Іх мэта — пашырэнне аўтаноміі малых этнасаў М'янмы.
У заходняй прэсе патэнцыял гэтай «партызанкі» ацэньваецца пакуль не надта высока. Герыльерас не маюць агульнага каардынацыйнага цэнтра. Часцяком іх атрады дзейнічаюць зусім аўтаномна. Але нават у такім фармаце яны наносяць саперніку сур'ёзныя ўдары. 10 студзеня прыйшла інфармацыя аб тым, што прыкладна 65 байцоў м'янманскай хунты былі забіты паўстанцамі за апошнія некалькі дзён. Напярэдадні гадавіны путчу, 1 лютага, штаб паўстанцаў нават абяцае перайсці ў наступ па ўсёй краіне.
Нядзіўна, што вайскоўцы паводзяць сябе з праціўнікам вельмі жорстка. У ход ідуць самалёты і цяжкая артылерыя. Практыкуюцца абстрэлы жылых кварталаў, дэпартацыя насельніцтва і нават спальванне іх дамоў. Ёсць інфармацыя, што больш за 1,1 мільёна чалавек па ўсёй М'янме былі прымусова перамешчаны і каля 30 000 дамоў спалены.
Зрэшты, самай вялікай пагрозай хунце да гэтага часу лічыцца Су Чжы — прэм'ерка зрынутага дэмакратычнага ўрада, якая ўтрымліваецца ў адной з турмаў краіны. Хаця яе змясцілі ў адзіночную камеру, сумаваць ёй наўрад ці даводзіцца. Пасля прыходу да ўлады хунта зладзіла сапраўдны марафон судовых працэсаў супраць свайго галоўнага апанента.
Прыкладна пару тыдняў таму Су Чжы была зноў асуджана па абвінавачваннях у карупцыі і атрымала на гэты раз яшчэ сем гадоў дадатковага турэмнага пакарання. Па сукупнасці ўсіх прысудаў яна мусіць правесці за кратамі ажно 33 гады.
Зрэшты, у такую змрочную перспектыву мала хто верыць. Лёс Су Чжы з'яўляецца прадметам кансультацый паміж Рангунам і шэрагам краін Захаду, якія ўвялі персанальныя і эканамічныя санкцыі супраць ваенных М'янмы. Мяркуючы па ўсім, тыя санкцыі маюць эфект. Інакш хунта не паабяцала б яшчэ ў мінулым годзе пачаць перамовы з прадстаўнікамі зрынутага ўрада Су Чжы. Хоць гэтае абяцанне пакуль не выканана, факт саступкі многія ўспрынялі як прыкмету гатоўнасці рэжыму да пошуку кампрамісу.
Цяперашняя амністыя, магчыма — яшчэ адзін ход насустрач перамовам з апазіцыяй. Хаця ў СМІ гучыць думка, што падобныя перамовы проста непазбежныя. Калі барацьба з партызанамі набудзе зацяжны характар (пакуль да гэтага ўсё і ідзе), у хунты праз санкцыі проста не застанецца іншага выйсця.