Больш за сотню сябраў выбарчай камісіі памерла ў Інданезіі
Адносна нядаўна з'явілася інфармацыя, што ў Інданезіі пасля правядзення выбараў 14 лютага памерлі дзясяткі сяброў выбарчых камісій і яшчэ каля 4 тысяч звярнуліся па медыцынскую дапамогу.
Што
цікава, прычынай смерці сталі звычайныя выбары, а не паслявыбарчыя пратэсты, у
якіх пацярпелымі і нават забітымі з'яўляюцца, як правіла, апаненты ўлады. У
выпадку выбараў у Інданезіі пацярпелымі, як не дзіўна, з'яўляюцца сябры
выбарчай камісіі.
Адкуль такая інфармацыя з'явілася?
Публікацыя на тэму смерцяў сяброў выбарчых камісій з'явілася ў інфармацыйным агенцтве ТАСС, якое, у сваю чаргу, спасылаецца на амерыканскае агенцтва «Bloomberg», дзе паведамлялася, што смерць супрацоўнікаў звязана з ператамленнем, а прычынай дрэннага самаадчування яшчэ 4 тысяч чалавек таксама стала знясільваючая праца.
Адметна, што агульная колькасць добраахвотнікаў, што забяспечвалі працу ўчасткаў для галасавання і бралі ўдзел у падліку галасоў, набліжаецца да 5 мільёнаў чалавек.
Ужо пазней у тым жа самым агенцтве ТАСС са спасылкай на інданезійскае інфармацыйнае агенцтва паведамляла пра 84 выпадкі смерці сябраў выбарчых камісій Інданезіі. Такая ж статыстыка смерцяў была апублікавана і інфармацыйным парталам CNN Indonesia, які спасылаўся на словы міністра аховы здароўя Інданезіі Будзі Гунадзі Садыкіна.
Што паведамляюць інданезійскія медыя
Як паведамляе інфармацыйны партал cnbcindonesia.com, са спасылкай на даныя Міністэрства аховы здароўя Інданезіі, толькі ў перыяд з 10 па 17 лютага 2024 года памерла 57 супрацоўнікаў выбарчых камісій. Пазней на іншым інфармацыйным рэсурсе kompas.id з'явілася інфармацыя пра 84 загінулых, сярод якіх былі арганізатары выбараў, назіральнікі і праваахоўнікі. Прычым галоўным чыннікам смерцяў вызначаецца велізарнае ператамленне, а таксама гіпертанія і хваробы сэрца.
21 лютага BBC Indonesia пісала пра 94 загінулых і яшчэ больш за 13 тысяч чалавек, зарэгістраваных як хворыя.
Яшчэ пазней колькасць памерлых павялічылася, аднак на розных інфармацыйных рэсурсах можна сустрэць розную лічбу смерцяў. Да прыкладу, буйны інданезійскі партал detik.com паведамляе пра выпадкі смерці ўжо 114 сябраў выбарчай камісіі. У гэты ж час некаторыя іншыя крыніцы пішуць, што загінула да 125 чалавек.
На гэты момант урад Інданезіі заяўляе аб тым, што выплаціў кампенсацыю ў памеры 2,6 мільярда інданезійскіх рупій 44 загінулым спецыяльным службовым асобам на выбарах 2024 года.
Паўтарэнне трагедыі мінулых выбараў
Мінулыя выбары, якія праводзіліся ў красавіку 2019 года, былі не менш трагічнымі. Першапачаткова заяўлялася інфармацыя пра смерць 69 чалавек, занятых правядзеннем і арганізацыяй адначасовых усеагульных выбараў 2019 года ў Інданезіі. Але пазней колькасць памерлых падчас доўгага падліку галасоў узрасла ў разы: лічба павялічылася да 272 смерцяў, а пасля стала яшчэ большай амаль у два разы.
У выніку прызнана, што памерлі больш за 500 чалавек, якія ўдзельнічалі ў ручным падліку мільёнаў галасоў пасля выбараў.
Амаль пяць гадоў таму прадстаўнік цэнтральнай выбарчай камісіі краіны зазначыў, што смерць супрацоўнікаў звязана з наступствамі стомленасці ад перапрацовак пры падліку мільёнаў выбарчых бюлетэняў уручную.
Галасаванне ў 2019 годзе было ў асноўным мірным і, паводле ацэнак, у ім прынялі ўдзел 80% з агульнай колькасці ў 193 мільёны выбаршчыкаў. Гэта можа ацэньвацца як вельмі актыўная яўка выбаршчыкаў. Прычым адбываліся адначасовыя ўсеагульныя выбары органаў улады ўсіх узроўняў — прэзідэнта і віцэ-прэзідэнта, нацыянальнага парламента, правінцыйных парламентаў і гарадскіх і раённых саветаў. У Інданезіі з насельніцтвам 260 мільёнаў чалавек прэзідэнцкія выбары з нацыянальнымі і рэгіянальнымі парламенцкімі выбарамі былі аб’яднаны з мэтай скараціць выдаткі.
Маштаб выбараў і яго пераможцы
У выніку выбараў 2024 года перамогу атрымаў 72-гадовы былы міністр абароны Інданезіі Прабава Субіянта, які набраў каля 58%. У сваёй пераможнай прамове ён паабяцаў стварыць урад, які складаецца з «найлепшых інданезійцаў». Другое месца на галасаванні атрымаў былы губернатар сталіцы Джакарты Басведан Аніс з 23%.
Выбары ў Інданезіі можна лічыць аднымі з самых маштабных у свеце, бо права голасу ў краіне маюць больш за 204 мільёны чалавек. Для перамогі ў першым туры кандыдату неабходна набраць больш за 50% галасоў па ўсёй краіне і мінімум па 20% — у палове правінцый.
Сёлета для сябраў выбарчых камісій урад Інданезіі ўвёў узроставы цэнз і наяўнасць абавязковых медыцынскіх аглядаў. Нягледзячы на гэта, смерці сярод сябраў выбарчай камісіі засталіся звычайнай з’явай, як і ў мінулыя гады. Дарэчы, падчас выбарчай працэдуры па ўсёй краіне было адкрыта больш за 820 тысяч участкаў для галасавання.