Бывай, мой генерал!
Унук дыктатара Аўгуста Піначэта абвясціў пра стварэнне партыі, якая мае за мэту працягнуць справу дзеда. На меркаванне палітолагаў, гэта апошнія канвульсіі эпохі, звязанай з прозвішчам арганізатара путчу.
Практыка, калі дзеці або родныя вядомых у былым палітыкаў намагаюцца зрабіць сабе кар’еру за кошт эксплуатацыі міфу аб сваіх сваяках, дастаткова распаўсюджаная ў свеце. Да прыкладу, можна ўзгадаць Алесандру Мусаліні, унучку дучэ, якая больш за 20 гадоў застаецца заўважнай фігурай на італьянскай палітычнай сцэне (зараз Алесандра засядае ў Еўрапарламенце ад правацэнтрысцкай партыі «Forza Italia!»). Што тычыцца Беларусі, то тут сярод дзяцей палітыкаў, напэўна, найбольш гучна заявіла пра сябе Наталля Машэрава. Аўра яе бацькі, Пятра Машэрава, была настолькі прыцягальнай для беларускага выбаршчыка, што дазволіла Наталлі стаць адным з фаварытаў прэзідэнцкай кампаніі 2001-га. Праўда, у выніку Наталля Пятроўна вырашыла ўстрымацца ад удзелу ў выбарах.
Заява Аўгуста Піначэта Моліна ад 6 лістапада пра намер заснаваць сваю партыю «Por mi patria» («За маю Радзіму») у гэтым кантэксце не цягне на мегасенсацыю. Тым не менш, падзею дастаткова шырока каментуюць шматлікія сусветныя СМІ. Крок Піначэта Моліна, на думку шмат каго, адлюстроўвае трэнды чылійскай палітыкі.
Сам Аўгуста Піначэт Моліна нарадзіўся ў 1973 годзе. Да 2006-га ён служыў у войску, пакуль не дазволіў сабе рэзанансны дэмарш, што каштаваў яму адстаўкі. Падчас пахавання свайго дзеда ўнук выступіў з прамовай, у якой цалкам апраўдаў путч 11 верасня 1973 г. неабходнасцю абараніцца ад наступу марксізму. У мясцовым Мінабароны такія яго паводзіны палічылі занадта палітызаванымі для мундзіра чылійскага жаўнера і запатрабавалі, каб Аўгуста пакінуў войска. Пасля гэтага ён быў адным з франтменаў правай партыі «Новы дэмакратычны саюз» (UDI), трапіў па яе спісах у Кангрэс і вось цяпер вырашыў згуляць аўтаномна.
Па словах Піначэта Моліна, апошнім фактарам, які прымусіў яго заняцца партыйным будаўніцтвам, стаў арышт былога целаахоўніка дзеда. Гутарка пра Хрысціяна Лабэ. Пракуратура лічыць, што той мае дачыненне да забойстваў і выкраданняў прыкладна 12 апазіцыянераў. Гэта версія катэгарычна не прымаецца правымі палітыкамі. Аўгуста Піначэт Моліна цвердзіць, што Хрысціян арыштаваны выключна за тое, што быў вялікім сябрам дзеда. Таму для яго — справа гонару змагацца за вызваленне Лабэ, а таксама не даць сістэме знішчаць іншых сяброў апарату рэжыму. На цяперашні момант яшчэ дзевяці былым высокапастаўленым афіцэрам з атачэння Піначэта пагражае турма за ўдзел у рэпрэсіях.
Цікава, што нейкая інфармацыя аб арганізацыі і дзейнасці палітычнай паліцыі часоў дыктатуры стала вядомая толькі зараз, і тое выключна са споведзі аднаго з былых піначэтаўцаў. Дагэтуль лічылася, што згаданы вышэй Лабэ быў простым сілавіком. Цяпер у былым целаахоўніку бачаць вядучага арганізатара спецслужбы, якая займалася кіднепінгам і забойствамі палітычных праціўнікаў Піначэта. Дарэчы, за 17 гадоў існавання дыктатуры ў краіне было забіта каля 3200 асобаў з апазіцыйных шэрагаў.
Казус Лабэ разглядаецца аўтарамі праекту «За маю Радзіму» вельмі глабальна. На іх думку, наглядаецца сістэматычная вендэта з боку левых, якія помсцяць за сваіх таварышаў. Працяг пераследу былых апаратчыкаў і сілавікоў Піначэта, на думку лідараў партыі «За маю Радзіму», можа трагічна адбіцца на лёсе Чылі. У віхуры левага тэрору можа быць разбураная створаная ў часы дыктатуры «базавая структура чылійскага грамадства».
Увогуле, Аўгуста-ўнук і яго паплечнікі адмаўляюцца прызнаваць эпоху Піначэта дыктатурай. На іх думку, гэта быў проста вайсковы ўрад, які ў дадатак зрабіў для краіны больш, чым было зроблена пасля 1990 г., калі ў Чылі аднавілі прынцыпы дэмакратыі.
«За маю Радзіму» ахвотна спекулюе на працэсах, якія мелі месца ў 1970-я гады ў Лацінскай Амерыцы, калі практычна ў кожнай краіне рэгіёну да ўлады прыходзілі дыктатары правых або левых поглядаў. Аднак у выніку, скардзяцца прыхільнікі путчу 11 верасня 1973 года, галоўным стрэлачнікам чамусьці зрабілі Піначэта.
Праўда, новая партыя не заклікае да рэстаўрацыі старых парадкаў, калі ўся ўлада была сканцэнтраваная ў руках купкі генералаў. Пакуль унук Піначэта гатовы абмежавацца прыняццем новай Канстытуцыі, для чаго патрэбна склікаць канстытуцыйную асамблею. Праграма партыі «За маю Радзіму» таксама ўтрымлівае некалькі незвычайных параграфаў. Так, сучасныя піначэтаўцы выступаюць супраць пашырэння правоў гомасексуалістаў, аднак пры гэтым чамусьці нічога не маюць супраць легалізацыі марыхуаны. У адпаведнасці з паводзінамі правай партыі фармацыя «За маю Радзіму» абяцае спыніць прыток імігрантаў і крыміналізаваць аборты.
Арышт Лабэ, афіцыйна аб’яўлены прычынай стварэння новай партыі, шмат каму з палітолагаў падаецца штучным аргументам. Ёсць версія, што Аўгуста Піначэт Моліна фармуе новую палітсілу з-за новых настрояў у асяроддзі чылійскай правай. Быццам, паступова ўсё больш сяброў правай апазіцыі выступаюць за тое, каб пазбавіцца іміджу руху, жорстка звязанага з прозвішчам і спадчынай Аўгуста Піначэта. Гэта з’ява кваліфікуецца чылійскімі палітолагамі як «фактар Піначэта».
Прыкладна з 1999 года чылійскія правыя паступова бяруць дыстанцыю ад Піначэта, што тлумачыцца перш за ўсё элементарнай электаральнай прагматыкай. Так, судовы працэс над Хрысціянам Лабэ, які з’яўляецца сябрам «Новага дэмакратычнага саюза», пагражае дыскрэдытацыяй усёй парстструктуры. Таксама з-за моцнай асацыяцыі з асобай Піначэта іншую правую партыю, «Нацыянальнае адраджэнне» (RN), часта ўспрымаюць як нейкі мілітарысцкі клуб, што адштурхвае кабет і студэнтаў. Дарэчы, ускосна пра такія трэнды кажа і сам Аўгуста Піначэт Моліна, заклікаючы ствараць у чылійскай палітыцы трэці шлях паміж правымі і левымі. Па сутнасці, назіраецца паступовы сыход ад парадыгмы, калі палітычная апазіцыя вызначалася праз стаўленне да Аўгуста Піначэта. У гэтым плане ініцыятыва ўнука дыктатара хутчэй нагадвае агонію былой палітычнай культуры.
Між тым Піначэт Моліна рыхтуецца да першых акцый пад сцягам новага аб’яднання. Ён мае намер пазмагацца за мандат парламентарыя. Акрамя таго на носе 25 лістапада — дзень, калі 99 гадоў таму нарадзіўся любімы дзядуля. У гэты дзень «За маю Радзіму» рыхтуе ўрачыстую імпрэзу, сарваць якую ўжо выказалі жаданне шматлікія левыя арганізацыі. Па гэтай прычыне святкаванне вырашылі праводзіць у зачыненым, амаль падпольным фармаце.