Ці пераможа Брытанія інтэрнэт?

Брытанскія кансерватары ў якасці перастрахоўкі ад новых моладзевых бунтаў плануюць абмежаваць доступ да сацыяльных сетак.

Упершыню лідар торы сфармуляваў ідэю абмежавання доступу да сацыяльных сетак у фармаце пытання самому сабе. Адбылося гэта ў рамках яго выступу ў парламенце падчас пазатэрміновай сесіі, прысвечанай беспарадкам. Дэвід Кэмеран задаўся пытаннем: «Магчыма, будзе добра, калі мы забаронім камунікацыю праз інтэрнэт паміж людзьмі, якія плануюць гвалт, хаос і злачынства?»



a01dfc715df9621113e91549c0ee7651.jpg

Брытанскія кансерватары ў якасці перастрахоўкі ад новых моладзевых бунтаў плануюць абмежаваць доступ да сацыяльных сетак.
Упершыню лідар торы сфармуляваў ідэю абмежавання доступу да сацыяльных сетак у фармаце пытання самому сабе. Адбылося гэта ў рамках яго выступу ў парламенце падчас пазатэрміновай сесіі, прысвечанай беспарадкам. Дэвід Кэмеран задаўся пытаннем: «Магчыма, будзе добра, калі мы забаронім камунікацыю праз інтэрнэт паміж людзьмі, якія плануюць гвалт, хаос і злачынства?»
Літаральна на наступны дзень прэм’ер, здаецца, вызначыўся з адказам. Стала вядома, што ўрад ламае галаву над тым, якімі сродкамі абмежаваць доступ да Twitter і Facebook для тых, «хто плануе крымінальную дзейнасць». Непасрэдна, па словах лідара кабінету, хуліганам забароняць дасылаць паведамленні. Дзяржсакратар Тэрэза Мэй, у сваю чаргу, запрасіла адміністрацыю кампаній Facebook, Twitter і Research In Motion на сустрэчу, прысвечаную планам ураду. Дэбаты таксама звязаныя з праблемай ананімнасці. Кэмеран хоча закону, які дазваляе паліцыі «пры некаторых абставінах» вызначаць асобу ананімнага карыстальніка.
Тое, што сацыяльныя сеткі адыгралі важную ролю ў апошніх падзеях, ніхто не аспрэчвае. Газета «Guardian» прыводзіць словы паліцэйскага афіцэра, які з настальгіяй згадвае беспарадкі ў Нотынгеме ў 1985 годзе. Тады, пасля забойства паліцыяй мясцовай дзяўчыны, таксама мелі месца пагромы і сутычкі з Бобі (мянушка брытанскіх паліцэйскіх). Паліцыя лёгка вылічвала лідараў хуліганаў, паколькі яны, каб каардынаваць натоўп, ужывалі мегафоны. Праз 20 гадоў функцыю мегафона выканалі мабільнікі і сацыяльныя медыя.
Першыя анлайнавыя дыскусіі ў Facebook наконт помсты за забітага паліцыяй Марка Дагана пачаліся праз некалькі гадзін пасля інцыдэнту. Там жа была прызначаная першая кропка для пратэстаў — станцыя метро Tottenham High Road а 10-й гадзіне вечара. Пасля бойкі з’явіўся заклік выкладваць у сеціва любыя здымкі са станцыі.
Самую грозную зброю для паліцыі, аднак, уяўлялі не сацыяльныя сеткі, а ВlackBerry — смартфоны і мабільнікі для перадачы электронных паведамленняў. ВlackBerry карыстаюцца 37 працэнтаў брытанскіх тынейджараў. Іх папулярнасць тлумачыцца вельмі проста — кампанія дазваляе бясплатна дасылаць BBM — так называюцца паведамленні ў сетцы ВlackBerry. Адметнай асаблівасцю смартфонаў з’яўляецца выкарыстанне адмысловага сэрверу (BlackBerry Enterprise Server, BES) і магчымасці шыфравання па стандарце AES для абароны паведамленняў ад перахопу. Дарэчы, менавіта таму ў Расіі смартфоны BlackBerry доўгі час афіцыйна не прадаваліся — спецслужбы не дапускалі іх імпарт у краіну. Такім чынам паліцыя не можа кантраляваць аўтараў BBM.
Менавіта такая ананімная BBM з заклікам сабрацца і ўчыніць пагром Оксфард-стрыт была дасланая ў мінулую нядзелю ў сетку ВlackBerry. У выніку на Оксфард-стрыт сапраўды адбыўся буйны пагром, па слядах якога дырэктар сталічнай паліцыі ўвогуле выступіў за забарону ўсіх сацыяльных сетак.
Нягледзячы на трагічныя наступствы той жа бойкі на Оксфард-стрыт, асаблівага захаплення планамі ўраду наконт рэпрэсій супраць сацыяльных сетак брытанская грамадскасць не праяўляе.
Голасна пратэстуе лейбарысцкая апазіцыя. «Рэгулярныя рэфлексы сведчаць пра небяспеку, якую прадстаўляе цяперашні брытанскі ўрад, які лічыць, што павінен кантраляваць медыя. Асцярожна, мой сябра Дэвід. Калі адно слова забароненае, уся прамова не вольная. Цэнзура супярэчыць разуменню цывілізацыі», — піша блізкая да іх «Tribune».
«Guardian» сцвярджае, што абмежаванне сацыяльных сетак зробіць брытанскі ўрад падобным на кіраўніцтва Кітаю і арабскія тыраніі. Самае смешнае, што афіцыйны Пекін ужо сапраўды вітаў ваяўнічыя выразы Кэмерана. У пасланні афіцыйнага кітайскага агенцтва «Сіньхуа» гаворыцца: «Для дабрабыту грамадства маніторынг у сеціве легальны і патрэбны. Для нас застаецца не зразумелым толькі адно: чаму заходнія палітыкі абвінавачваюць іншыя нацыі ў маніторынгу інтэрнэту і адначасова выступаюць за маніторынг і кантроль інтэрнэту дома».
З лейбарыстамі салідарныя правазнаўцы. Арганізацыя адвакатаў «Open Rights Group» знаходзіць, што палітыка Кэмерана «рызыкуе падарваць фундаментальнае грамадзянскае права на свабоду слова». «Як можна вызначыць, што чалавек плануе беспарадкі? Хто зробіць такое заключэнне? Адзіны магчымы адказ на гэтае пытанне можа даць выключна суд. У іншым выпадку ўсё закончыцца сваволлем прыватных кампаній і паліцыі», — гаворыцца ў заяве «Open Rights Group».
Існуе яшчэ адна нелагічнасць у тым, што робіцца на Даўнінг-стрыт. Дэвід Кэмеран гучна абвясціў пра крыжовы паход супраць сацыяльных сетак, не маючы падтрымкі лібералаў — партыі, якая разам з кансерватарамі ўваходзіць у кабінет. Лібералы адмоўна паставіліся да ідэі цэнзуры сацыяльных медыя. Партыйная канферэнцыя на днях прыняла спецыяльны зварот да Ніка Клега, ліберальнага віцэ-прэм’ера, заклікаючы яго не дапускаць рэалізацыі планаў торы ў сферы кантролю інтэрнэту. Лібералы, як і лейбарысты, схіляюцца да таго, каб распрацаваць праграму дапамогі бедным і небяспечным у крымінальным плане раёнам, а не ўводзіць там амаль паліцэйскае становішча, як плануе Кэмеран. У той час, калі апошні ваюе з інтэрнэтам, лібералы актыўна рэкламуюць створаную ў сацыяльных сетках ініцыятыву Riots Cleen, сябры якой прыбіраюць з вуліц наступствы беспарадкаў. Riots Cleen падаецца як прыклад таго, што Facebook і Twitter не такія ўжо жудасныя рэчы.
Здаецца, толькі адна сацыяльная група актыўна падтрымала ідэю ўраду. Гэта рэдакцыі жоўтых газет, для якіх тэма арганізацыі бунтаў праз сацыяльны сеткі стала залатой жылай. Так, «Daily Express» паведамляе, што арганізатары лонданскіх беспарадкаў вывучалі рэвалюцыйныя магчымасці сістэмы Тwitter у Расіі на базах ФСБ.
З улікам прававых, тэхнічных нюансаў і пазіцыі партнёраў па кааліцыі, планы Кэмерана ўтаймаваць інтэрнэт здаюцца дастаткова ілюзорнымі. Адзіная рэформа, якая сапраўды магчымая, — пашырэнне доступу паліцыі да зачыненых групаў у сацыяльных сетках. Дэпутат парламенту ад Тотэнхема ўжо заклікаў кампанію Research In Motion (распрацоўшчык BlackBerry) змяніць механізм BBM.