Чаму выбухнула Лівія?

Татальная адсутнасць традыцыі дэмакратыі, інфармацыйная ізаляцыя, някепскія сацыяльныя стандарты. Нягледзячы на наяўнасць усяго пералічанага, Лівія паўстала і патрабуе дэмакратыі. Пра феномен і прычыны лівійскага бунту журналіст «НЧ» Алег Новікаў размаўляе з Аляксандрам Бяловым, былым беларускім студэнтам, які вучыўся ў Трыпалі.



c42f891cebbc81aa59f8f183243ac2b9.jpg

Татальная адсутнасць традыцыі дэмакратыі, інфармацыйная ізаляцыя, някепскія сацыяльныя стандарты. Нягледзячы на наяўнасць усяго пералічанага, Лівія паўстала і патрабуе дэмакратыі. Пра феномен і прычыны лівійскага бунту журналіст «НЧ» Алег Новікаў размаўляе з Аляксандрам Бяловым, былым беларускім студэнтам, які вучыўся ў Трыпалі.
— Яшчэ ўчора, калі гутарка заходзіла пра перспектывы пратэстаў у Лівіі, адразу знаходзілася шмат песімістаў. Спасылаючыся на высокі ўзровень лівійскай сацыялкі, яны казалі, што «рэвалюцыя» і «Лівія» — словы-антонімы. Што ўяўляе сабой сацыяльная сістэма Лівіі? 
— База лівійскай сацыяльнай сістэмы — бясплатная адукацыя і бясплатная медыцына. Прычым вучыцца пры жаданні можна за мяжой: дзяржава аплаціць усе выдаткі. Акрамя таго, лівійцы могуць браць беспрацэнтныя крэдыты памерам да 20 тысяч дынараў (прыкладна 15 тысяч долараў), што сапраўды дапамагае ў выпадку беспрацоўя. І гэта не разавыя крэдыты: на працягу жыцця можна браць тыя крэдыты некалькі разоў. Застаецца дадаць, што цяперашні харчовы крызіс амаль не закрануў Лівію. У адрозненні ад Тунісу і Егіпту, кошты ў лівійскіх крамах застаюцца стабільнымі. Сярэдні заробак у лівійцаў, дарэчы, складае прыкладна 500 долараў ЗША.
— Калі ўсё так добра, нашто бунтаваць?
— Першымі пачалі бунтаваць у горадзе Бенгазі і суседніх раёнах. Усход краіны (тут знаходзіцца Бенгазі) традыцыйна больш палітычна актыўны. Яшчэ ў час італьянскай каланізацыі менавіта тут знаходзіўся галоўны арэал супраціву, звязаны з прозвішчам легендарнага партызана Амара аль-Мухтара. Дарэчы, не так даўно ў Бенгазі былі вулічныя беспарадкі — следства скандалу вакол балгарскіх дактароў (заражэнне ў мясцовым шпіталі дзяцей на вірус СНІД, у якім вуліца абвінаваціла балгарскіх спецыялістаў, што там працавалі). Акрамя таго, ёсць эканамічны чыннік для пратэстаў: лівійцы даўно патрабуюць, каб працэс размеркавання прыбыткаў ад продажу нафты быў больш празрыстым. Адпаведна «Зялёнай кнізе», якая выконвае функцыю канстытуцыі, усе даходы ад продажу нафты павінны размяркоўвацца паміж усімі грамадзянамі. Фармальна так яно, быццам, і ёсць. Кожны год адпаведнае міністэрства робіць адпаведную справаздачу. Аднак народ лічыць, што большасць грошай крадуць. Па словах лівійцаў, штогод у кішэні прадстаўнікоў кланаў, блізкіх да Кадафі, трапляе да 50–70 мільярдаў долараў.
— Ці ёсць у Лівіі палітычная апазіцыя?
— Наколькі я ведаю, палітычная апазіцыя амаль цалкам знаходзіцца ў эміграцыі, у Лондане. Але адсутнасць выразных палітычных лозунгаў не значыць, што людзі не патрабуюць палітычных зменаў. За 41 год улады Кадафі ў краіне сфармаваліся шырокія сацыяльныя групы насельніцтва, якія жадаюць пераменаў. Існуе рэгіянальная апазіцыя. Кадафі карыстаецца папулярнасцю галоўным чынам у сталіцы і на поўдні. Шмат каму не падабаецца палітычны валюнтарызм лідара. Лівія ўкладвае вялікія сродкі ў вельмі супярэчлівыя геапалітычныя праекты кшталту стварэння Афрыканскага Саюза (аналаг Еўрапейскага Саюза ў Афрыцы). Некалькі рэжымаў у Афрыцы фактычна існуюць за кошт датацый Трыпалі. Людзі патрабуюць, каб тыя грошы заставаліся ў краіне. Лівійцы ў гэтым плане глядзяць на Арабскія Эміраты, а не на Егіпет. Папулярная думка, што лівійскія грамадзяне ўвогуле могуць не працаваць, паколькі ў краіне і так хапае нафтадолараў. У сваю чаргу, моладзі не падабаецца карупцыя. У Лівіі нельга ўладкавацца на працу без пратэкцыі. Галоўны крытэр пры працаўладкаванні — не дыплом, а прыналежнасць да таго або іншага клану. Кіраўнікі фірмаў зацікаўлены, каб праз сваіх супрацоўнікаў наладзіць сувязі з уплывовымі сем’ямі. 
— Афіцыйная лівійская прапаганда кажа, што Лівія — гэта краіна наўпроставай дэмакратыі. Палітычныя структуры пабудаваныя на аснове «Зялёнай кнігі». Адпаведна ёй, уся ўлада належыць мясцовым Народным камітэтам, якія кантралююць усю выканаўчую галіну, уключаючы ўрад.
— Мне даводзілася бачыць працу Народных камітэтаў. Фармальна яны сапраўды могуць патрабаваць адстаўкі прэм’ера або перагляду бюджэту. Аднак людзі з вялікай апатыяй ставяцца да ўдзелу ў працы камітэтаў. Усе звыкліся, што краінай кіруе некалькі кланаў і сыны Кадафі.
— Ці ёсць у Лівіі ісламісты?
— Не. Іслам з’яўляецца часткай афіцыйная дактрыны. «Зялёная кніга» — праграмны дакумент лівійскай Джамахірыі — напісана са спасылкамі на тэксты Карану. І, акрамя таго, цяперашні іслам — гэта сацыяльнае вучэнне для бедных людзей. Лівійцы, наадварот, належаць да прывілеяванай часткі грамадства. Як правіла, усю брудную і цяжкую працу ў краіне выконваюць эмігранты з Егіпту і чорнай Афрыкі. Яны складаюць палову насельніцтва краіны, пры гэтым не маючы практычна ніякіх праў. Шмат іх увогуле жыве нелегальна.  
— Як эмігранты ставяцца да пратэстаў?
— Цяжка сказаць. Аднак той факт, што ўлады выкарыстоўваюць наёмнікаў з афрыканскіх краін для падаўлення паўстання ў Бенгазі, дастаткова цікавы. 
— Які твой сцэнар развіцця падзей?
— Пакуль нельга нічога прагназаваць. З іншага боку, відавочна, што за 41 год існавання сістэма персанальнага дыктату ў Паўночнай Афрыцы сябе зжыла, заіржавела. У гэтым плане цікавы Алжыр. Там сітуацыя традыцыйна не вельмі стабільная. Ёсць моцная, прадстаўленая ў парламенце апазіцыя, дасюль працягваецца вайна з ісламістамі, алжырцы цікавяцца палітычным працэсам у Францыі, дзе жыве шмат родзічаў-эмігрантаў. Аднак Алжыр дасюль так і не паўстаў. Адсутнасць абсалютнай стабільнасці, якой ганарыліся Туніс і Лівія, аказаліся выратаваннем для алжырскага прэзідэнта і яго атачэння. Рэжым у Алжыры, каб выжыць, навучыўся рабіць манеўры, весці дыялог з праціўнікамі, гуляць у складаныя палітычныя пасьянсы. Сыходзячы з гэтага, можна сказаць, што вяртанне да мадэлі чыстай дыктатуры ў краінах Магрыбу немагчымае.