Хіндзізацыя ўсёй Індыі

Новы ўрад Індыі пачаў самую маштабную моўную рэформу. Чыноўнікам прапанавана весці афіцыйную перапіску выключна на хіндзі. Задача рэформы — пакончыць з дамінаваннем англійскай мовы.



narendra_modi.jpg

Распачаў хіндзізацыю асабіста новы прэм’ер Нарэндра Модзі — лідар індускай «Бхаратыя джаната парты» (BJP), якая ўвесну прыйшла да ўлады. Ён прачытаў на хіндзі праграмную прамову свайго кабінета. Усе папярэднія прэм’еры з першага дня абвяшчэння незалежнасці знаёмілі індусаў са сваімі планамі выключна на англійскай мове. Пасля Модзі ў размове з журналістамі прапанаваў комплекснае бачанне новай моўнай палітыкі. Галоўны арыенцір — мова хіндзі павінна стаць асноўнай.

Перш за ўсё, перабудавацца павінен цэнтральны адміністратыўны апарат. Чыноўнікам прапанавана весці акаўнты ў Twitter і Facebook выключна на хіндзі, гэтак жа, як і ўсю афіцыйную перапіску і камунікацыі. Адначасова прэм’ер загадаў індыйскаму МЗС праінфармаваць замежныя сталіцы — весці міжнародныя перамовы новае кіраўніцтва будзе выключна на хіндзі. Дарэчы, менавіта на хіндзі Модзі вёў перамовы падчас нядаўняга візіту ў Бутан.

«Людзям, якія выступаюць супраць гэтага рашэння (рэформа пра статус хіндзі) варта паглядзець на Кітай, Японію, Расію, Германію і Францыю ў якасці прыкладаў. Усе гэтыя краіны выкарыстоўваюць свае нацыянальныя мовы ў офісах, навучальных установах, і нават для навуковых даследаванняў. У выніку гэтыя народы ідуць па шляху прагрэсу. Сітуацыя ў Індыі, былой брытанскай калоніі, у гэтым плане проста незразумелая. Індыйскі ўрад павінен забяспечыць роўнасць выкарыстання хіндзі і англійскай мовы ў якасці афіцыйных моваў, і такім чынам захаваць культурную спецыфіку краіны», — піша адно з блізкіх да BJP выданняў.

З аднаго боку, усё правільна, але… У Індыі людзі ўжываюць для камунікацыі 1500 моваў, а 22 з іх маюць афіцыйны статус на федэральным узроўні або на ўзроўні штатаў. Гэты моўны вінегрэт даўно б прывёў да калапсу агульнанацыянальнага дыскурсу і, адпаведна, дзяржаўнага адзінства, калі б не англійская мова, якую, як правіла, разумеюць усе, у той час, як прыкладна палова з 1,2 мільярда грамадзян Індыі не валодаюць хіндзі. Яшчэ 10 працэнтаў індусаў карыстаецца выключна англійскай мовай. Усяго роднай мовай хіндзі лічаць 40 працэнтаў насельніцтва Індыі.

У дадатак пагалоўнае свабоднае веданне англійскай мовай — адзін з чыннікаў тэхналагічнай рэвалюцыі ў краіне. Індускія IT-інжынеры лёгка камунікуюць з заходнімі фірмамі.

Акрамя эканамічных рызыкаў і магчымых праблем дэфрагментацыі адзінага палітычнага поля, трэба ўзгадаць сумныя вынікі папярэдніх спроб адміністратыўнымі сродкамі насадзіць хіндзі. Такія спробы мелі месца напрыканцы 1940-х гадоў, калі падчас распрацоўкі праекту канстытуцыі планавалася, што дзяржаўных моваў у Індыі будзе дзве — хіндзі і англійская. Гэта выклікала пратэсты на месцах, якія часта выліваліся ў акцыі грамадзянскай непакоры і нават мілітарны партызанскі рух. Нейтралізаваць моўныя Вандэі ўдалося пасля таго, як статус дзяржаўнай разам з англійскай і хіндзі атрымалі яшчэ некалькіх моваў.

На гэты раз справа да партызанкі не дайшла. Пакуль усё абмежавалася дэмаршамі палітычных эліт штатаў, дзе хіндзі з’яўляецца мовай меншасці. «Ніхто не можа навязаць нам выкарыстанне хіндзі, калі на гэта не будзе наша асабістай волі. Тое, што робіць урад, — гэта спроба ператварыць «нехіндзімоўных» грамадзян у людзей другога гатунку», — заявіў лідар вядучай партыі тамілаў.

Цікава, што Модзі адразу пагадзіўся з крытыкай з месцаў. Прагучала заява пра тое, што «хіндзізацыя» не выйдзе за межы Поўначы, дзе жыве асноўная маса хіндзімоўных індусаў. У доказ сваіх слоў падчас візіту ў адзін з паўднёвых штатаў прэм’ер прачытаў прамову па-англійску.

Такая палавіністасць моўнай рэформы можа выклікаць справядлівыя сумневы ў мэтазгоднасці яе правядзення. Але, на думку аналітыкаў, лінгвістычная кампанія патрэбна прэм’еру як антураж для больш маштабных рэформаў.

Справа ў тым, што хіндзі — гэта мова сацыяльных нізоў, якія, як правіла, і галасуюць за BJP. Акрамя таго, так склалася, што англійская мова — адна з прыкметаў прыналежнасці да бюракратыі, і, адпаведна, адзін са сталых складнікаў вельмі карумпаванай індыйскай мадэлі, якую новы прэм’ер абяцае разбурыць.

Нядзіўна, што галоўнымі ахвярамі моўнай рэформы, на радасць простым індусам, сталі бюракраты. Як высвятляецца, чыноўнікі цэнтральных органаў вельмі дрэнна размаўляюць на хіндзі. Журналісты канстатуюць, што ў вертыкальшчыкаў лексічны запас хіндзі не перавышае тузін бытавых фраз. Пры дзяржаўных установах прыйшлося тэрмінова арганізоўваць моўныя курсы, на якіх, калі верыць прэсе, можна лёгка сустрэць выпускнікоў Гарварду і Оксфарду.

Агенцтва «Fox News» цытуе аднаго з чыноўнікаў, слухача згаданых вышэй курсаў, які прасіў кіраўніцтва вызваліць яго ад вывучэння хіндзі, паколькі з-за гэтага не можа заснуць, бо яму адразу сніцца англійска-хіндзі слоўнік.

Урад увесь час робіць акцэнт на тым, што няведанне мовы хіндзі — знак таго, што чыноўнікі адарваліся ад простага народу. Адзін з дэпутатаў ад BJP падкрэслівае: «Посткаланіяльная мадэль, якія існуе дасюль у Індыі, заснаваная на англійскай мове. Не трэба крыўдзіцца, аднак хіндзі — гэта мова, якая больш зразумелая масамі. Натуральна, не трэба насаджаць хіндзі. Гэта доўгі, павольны працэс. Аднак гэта не тычыцца бюракратаў, якія проста павінна ведаць такія рэчы».

Магчыма, прэм’ер рыхтуе пад соусам прамоцыі хіндзі кадравую рэвалюцыю, сацыяльны ліфт для сваіх прыхільнікаў, паколькі цяперашні корпус бюракратаў можа сабатаваць яго рэформы.

З іншага боку, шэсць з паловай мільёнаў чыноўнікаў Індыі (або іх частка) наўрад ці так проста пойдуць з сваіх кабінетаў. Ужо таму, што чыноўніцтва ў Індыі — гэта сапраўдная каста, якая сфармавалася яшчэ ў каланіяльныя часы. Будзем спадзявацца, што наспяваючы канфлікт не будзе замінаць рэформам, якія сапраўды патрэбныя Індыі.

Дарэчы, адна з прапановаў Нарэндра Модзі павінна зацікавіць і беларусаў. Яго ўрад плануе зрабіць Індыю турыстычнай Меккай, і для гэтага прыкладна з зімы радыкальна спросціць візавы рэжым. Калі не адбудзецца нічога экстраардынарнага, візы ў Індыю хутка можна будзе афармляць проста праз інтэрнэт.