Ці ёсць альтэрнатыва «Альтэрнатыве для Германіі»? Дасье ў карыкатурах

Сацыялагічныя апытанні паказваюць імклівы рост папулярнасці партыі "Альтэрнатывы для Германіі" (АfD). Апошні раз падобная сітуацыя назіралася ў 1930-я. Вось як гэта бачаць сусветныя карыкатурысты.

7_285.jpg


Яшчэ год таму ніякіх прыкметаў пагрозы правых папулістаў не назіралася. У пачатку 2022 года рэйтынг AfD фіксаваўся на ўзроўні 10-11%. Рост іх папулярнасці пачаўся з ліпеня і ўжо да снежня 2022-га ён дасягнуў 15%. Увесну гэтага года іх папулярнасць дасягнула новых пікавых значэнняў. Цяпер АfD з 18-19 працэнтамі падтрымкі другая па папулярнасці партыя ў краіне. Такога ніхто не чакаў. Не выпадкова на малюнку мастака Хейко АfD нагадвае труса, які нечакана для ўсіх выскачыў з цыліндра фокусніка.

1_733.jpg


Выклікае шок таксама тое, што АfD здзейсніла такі імклівы прарыў усяго за адну дэкаду. 10 гадоў таму партыя выйшла на палітычную сцэну як аб'яднанне еўраскептыкаў. Аднак раскруціцца ёй удалося хутчэй за кошт крытыкі Ангелы Меркель, якая адкрыла прававыя шлюзы для безпамернай міграцыі. Палітолагі і істэблішмент лічылі, што інтарэс да AfD — часовая з'ява. Ніхто не верыў, што немцы зноў будуць галасаваць за партыі, якія знаходзяцца ў палітычным спектры правей за цэнтр. Не выпадкова вядучыя медыя выяўлялі актыў AfD як учорашніх нацыстаў, што імкнуцца здабыць імідж нармальных палітыкаў. На малюнку з рэсурсу Toonpool адзін з нацыстаў носіць гальштук, паколькі цяпер ён член AfD.

2_677.jpg


Аднак такая піяр-кампанія не вельмі дапамагла: Інакш бы AfD не пачала імкліва ісці ўгару. Неўзабаве яна пераадолела пяціпрацэнтны бар'ер, неабходны для абрання ў мясцовы і федэральны парламент, прайшла ў многія мясцовыя рады і пачала паступова даганяць партыі вышэйшага эшэлону. Часопіс Forum адлюстраваў АfD у выглядзе сабакі, які пакусаў на фінішы перадвыбарнай гонкі вядучыя партыі на зямельных выбарах 2019-га.

3_608.jpg


Новы імпульс росту папулярнасці AfD дала эпідэмія Covid-19, якая ўспыхнула ў 2020-м. У гэты час партыя пачала саліраваць у жанры крытыкаў рэжыму ізаляцыі і каранціну. Пры гэтым у ход актыўна ішлі канспіратыўныя версіі аб тым, што эпідэмія з'яўляецца падступнай змовай нейкіх груп або сектаў. Моду на тэорыі змовы сярод прыхільнікаў AfD высмеяў часопіс Politico. Ён адлюстраваў актывіста «Альтэрнатывы», які адмаўляецца верыць у тэорыю аб тым, што эпідэмію прыдумаў Біл Гейтс. На яго думку, эпідэмія — гэта змова іншапланецян.

4_570.jpg


Аднак і пасля заканчэння асноўнай фазы эпідэміі рост папулярнасці АfD працягнуўся. Лічыцца, што гэты феномен звязаны з незадаволенасцю грамадзян рахункамі за ацяпленне, інфляцыяй і новай хваляй мігрантаў Акрамя таго, тут ёсць такі важны фактар, як Усходняя Германія, дзе заўжды былі папулярныя антысістэмныя настроі. Ментальны раскол нямецкага грамадства ілюструе Патрык Шапет. Заходні бюргер на яго карыкатуры трымае плакат з надпісам «Далоў фашыстаў», а на плакаце ўсходняга бюргера напісана «Далоў імігрантаў». Абодва стаяць на тым самым месцы, дзе некалі праходзіла Берлінская сцяна.

5_524.jpg


Аднак думаецца, матыў галасаваць за AfD — гэта проста рэфлекторнае жаданне паказаць кабінету Шольца кукіш у кішэні. Інакш цяжка растлумачыць — як можна галасаваць за такі супярэчлівы праект. Напрыклад, як, будучы дастаткова правай партыяй, «Альтэрнатыва» можа падтрымліваць Пуціна, які называе сябе галоўным антыфашыстам у свеце. Над гэтым іранізуе графік з рэсурсу Toonpool. На малюнку функцыянер AfD задаецца жахлівым пытаннем: «А раптам Пуцін вырашыць нас таксама дэнафікаваць?»

6_395.jpg


Так ці інакш сітуацыя для ўладаў вельмі непрыемная. Відавочна, што галоўныя праблемы, якія правакуюць рост падтрымкі AfD (інфляцыя, міграцыя, недахоп жылога фоду, крызіс у энергетыцы) урад не ў стане хутка вырашыць. Акрамя таго, федэральны канцлер Олаф Шольц выглядае ў вачах выбаршчыкаў слабым кіраўніком, а яго кабінет раздзіраюць спрэчкі.

Магчыма, таму днямі звязаны з урадам Нямецкі інстытут па правах чалавека (DIMR) апублікаваў даклад з абгрунтаваннем неабходнасці забароны дзейнасці ў краіне партыі "Альтэрнатыва для Германіі". Партыю абвінавачваюць у актыўнай і планамернай "рэалізацыі расісцкіх і праваэкстрэмісцкіх мэт".

Але забараніць другую па папулярнасці партыю будзе не проста. Відавочна, што калі ўлады ФРГ пойдуць на забарону AfD, гэта толькі ўзмоцніць незадаволенасць грамадзян. Адным словам пакуль незразумела — як нямецкі істэблішмент збіраецца спыніць правых папулістаў? Апошнія між тым вырашылі не спыняцца на дасягнутых рубяжах. Агучана задача — выйсці на 20 працэнтаў падтрымкі. Як след з’явіўся свежы агітпрам ад піяршчыкаў «Альтэрнатывы» — плакат з заклікам уступаць у партыю.

7_285.jpg