Ці паўстане дзяржава канакаў?

Ужо на гэтым тыдні на карце свету можа з’явіцца новая дзяржава. Гаворка пра Новую Каледонію — адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку Францыі, жыхары якой 4 лістапада павінны выказацца на плебісцыце наконт магчымай незалежнасці архіпелага.

Прыхільнік незалежнасці Новай Каледоніі заклікае сказаць "так" на рэферэндуме 4 лістапада. Фота Inès Nechero via Facebook

Прыхільнік незалежнасці Новай Каледоніі заклікае сказаць "так" на рэферэндуме 4 лістапада. Фота Inès Nechero via Facebook


Незалежнасць Новай Каледоніі ўжо абвяшчалася. Гэта здарылася 1 снежня 1984 года, калі Канакскі сацыялістычны фронт нацыянальнага вызвалення (FLNKS) абвясціў дзяржаву «Канакі» (Kanaky) і адразу сфармаваў яе ўрад.

На той час FLNKS надаваў перавагу вайсковым метадам барацьбы з французскімі каланізатарамі. Таму абвешчаная дзяржава існавала выключна ў зоне, якую кантралявалі партызаны Канакскага сацыялістычнага фронту нацыянальнага вызвалення. Тым не менш, дзяржаўнае будаўніцтва ў Канакі было вельмі інтэнсіўным. Хутка была прыдумана дзяржаўная сімволіка, ва ўмовах падполля скліканы парламент, і нават пачалі функцыянаваць міністэрствы.

У тым ліку актыўна працавала дыпламатычнае ведамства Канакі. Прычым не без поспехаў. Прынамсі, не супраць прызнання новай дзяржавы выступаў лівійскі правадыр Муамар Кадафі. Схіляліся да прызнання і некаторыя суседзі Новай Каледоніі накшталт Вануату. Канакі нават прабіліся з выступам на асамблею ААН.

Знешнепалітычнаму прарыву, натуральна, перашкаджала пазіцыя Парыжу, які катэгарычна адмаўляўся прызнаваць Канакі. Таму сярод незалежнікаў нарадзілася ідэя штучна схіліць французаў да перамоваў. Увесну 1988-га канакі атакавалі пост жандараў на востраве Увеа, узялі ў палон 27 чалавек і выставілі французам кошт за іх вызваленне — пачатак дыялогу наконт афіцыйнага прызнання Канакі.

Парыж, не звыклы да падобнага тону, адправіў на Увеа элітны спецназ. Спецназ бліскуча выканаў задачу, што паставіў асабіста прэзідэнт Мітэран, — за пару гадзінаў вызваліў закладнікаў. Аднак пры гэтым яўна перастараўся: большасць канакаў былі забітыя пасля таго, як пагадзіліся скласці зброю. Выбухнуў мегаскандал.

Шакаваная непрапарцыйным выкарыстаннем сілы французская грамадскасць патрабавала ад адміністрацыі прэзідэнта Мітэрана мірных кансультацый з сепаратыстамі. У тым жа 1988 годзе бакі дасягнулі кампрамісу. Канакі атрымалі амністыю, інстытуцыйныя і эканамічныя гарантыі для сваёй грамады. Французы, у сваю чаргу, дамагліся самароспуску дзяржавы Канакі. Плюс на працягу дзесяці гадоў, да 1998-га, сепаратысты адмаўляліся ўздымаць тэму незалежнасці.

Праўда, у 1998-м развязка так не наступіла. Лічыцца, што супраць плебісцыту выступілі якраз канакі, якія баяліся прайграць рэферэндум. Як вынік, пад эгідай французскага прэм’ер-міністра Ліянеля Жаспена было падпісана новае пагадненне. Паводле дакументу, канчатковае рашэнне пра незалежнасць Новай Каледоніі пераносілася на 2018 год. Праўда, канакі нешта выгандлевалі ў Жаспена. Дазвалялася выкарыстанне канакскіх матываў у дзяржаўнай сімволіцы. Таксама Парыж даў згоду на ўжыванне такога юрыдычнага тэрміну, як «новакаледонскае грамадзянства».

Давялося чакаць яшчэ 20 гадоў, каб нарэшце пытанне незалежнасці вынеслі на рэферэндум. Такім чынам, 4 лістапада 174 154 выбаршчыкі Новай Каледоніі павінны адказаць на пытанне: «Ці жадаеце вы, каб Новая Каледонія атрымала поўны суверэнітэт і стала незалежнай?». Дарэчы, калі большасць прагаласаваўшых падтрымае такую фармулёўку, серыял не закончыцца. Дамова 1998 года дазваляе правесці як мінімум яшчэ два рэферэндумы наконт канчатковага лёсу архіпелагу.

Пакуль усё выглядае так, што дадатковыя плебісцыты будуць патрэбныя. Прагнозы для канакаў несуцяшальныя. Сацыёлагі мяркуюць, што аматары незалежнасці атрымаюць максімум 35 працэнтаў галасоў. Франкафоны могуць разлічваць на больш за 60 працэнтаў.

Прыхільнікі незалежнасці Новай Каледоніі падчас беспарадкаў у 2009 годзе. Фота ЕРА

Прыхільнікі незалежнасці Новай Каледоніі падчас беспарадкаў у 2009 годзе. Фота ЕРА

Кволы энтузіязм тутэйшых наконт незалежнасці, напэўна, тлумачыцца праблемамі эканомікі. Прыкладна 90 працэнтаў бюджэту Новай Каледоніі фармуецца за кошт субсідый з метраполіі. Нівеляваўся і такі фактар, як комплекс непаўнавартасці перад суседзямі. У свой час — 1960–1970-я гады — канакі зайздросцілі абарыгенам на суседніх астравах, якія атрымалі права на суверэнітэт. Час мінаў — і цяпер шмат хто ўжо не так эмацыйна ставіцца да адсутнасці ў канакаў дзяржаўнасці, у адрозненне ад жыхароў суседніх Тонга або Самоа.

Тым не менш, інтарэс да рэферэндуму 4 лістапада вельмі моцны. Па-першае, вынікі галасавання здольныя паўплываць на палітычны працэс у Францыі, дзе адміністрацыя Эмануэля Макрона можа інтэрпрэтаваць іх як асабістую перамогу. Макрон, нагадаем, падчас выбарчай кампаніі паслядоўна выступаў за тое, каб Новая Каледонія засталася ў складзе Францыі. Нездарма 4 лістапада ў Новую Каледонію прыляціць асабіста прэм’ер Эдуар Філіп.

Першая паласа газеты «Liberation», выпуск 2 лістапада 2018 года.

Першая паласа газеты «Liberation», выпуск 2 лістапада 2018 года.

Па-другое, няма сумневаў, што рэферэндум 4 лістапада выкарыстаюць каталонцы. Яны будуць намагацца эксплуатаваць яго ў якасці прававога прэцэдэнту. Маўляў, вось як павінна нармальная еўрапейская дзяржава рэагаваць на незалежніцкія аспірацыі рэгіёнаў — не падаўляць спробы правесці рэферэндум на гэты конт, а наадварот, спрыяць яго арганізацыі і быць гатовай завочна прызнаць яго вынікі.

Напэўна, падобныя каментары трэба чакаць і ад пракрамлёўскіх палітыкаў, якія будуць працягваць паралелі паміж Новай Каледоніяй і нефармальнымі данбаскімі рэспублікамі. У доўгатэрміновай перспектыве сапраўдныя вынікі рэферэндуму ў Новай Каледоніі непрадказальныя.

Нарэшце, нават прайграўшы 4 лістапада, канакі наўрад ці адмовяцца ад незалежніцкага праекту.