Дасье ў карыкатурах: Ганконг выходзіць са складу Кітая
Былая брытанская калонія Ганконг, а цяпер спецыяльная аўтаномная акруга ў складзе Кітайскай Народнай Рэспублікі ўвесь чэрвень была ахоплена пратэстамі, якія могуць стаць пралогам для яе выхаду са складу КНР.
У пратэстаў ёсць глыбінныя прычыны. За гады знаходжання (1860-1997) пад уладай Вялікабрытаніі Ганконг развіваўся пад моцным уплывам англа-саксонскай прававой школы, брытанскіх традыцый у сферы кіравання і вядзення бізнесу. У Ганконгу адбыўся сінтэз кітайскіх традыцый з заходнім ладам жыцця, каштоўнасцямі, і сфармавалася асобная палітычная субкультура. Адметнасць Ганконга ад Пекіна ўзмацніла іміграцыя сюды праціўнікаў камуністаў пасля абвяшчэння КНР у 1949 годзе.
У Пекіне цудоўна ведалі пра настроі ганконгцаў, аднак патрабавалі вяртання тэрыторыі. Справа ў тым, што Ганконг перайшоў да Вялікабрытаніі ў выніку Опіумных войнаў — ваенных канфліктаў паміж Кітаем і заходнімі дзяржавамі, якія патрабавалі пашырэння іх гандлю ў Кітаі. У першую чаргу опіумам. Вайна стала прыніжэннем для кітайцаў. Зрэшты, на Захадзе таксама многія крытыкавалі падобныя вайны. На малюнку 19-га стагоддзя брытанец пад знакам смерці прымушае кітайца купляць наркотык.
З пачатку 1980-х гадоў урад Вялікабрытаніі абмяркоўвае з уладамі КНР праблему суверэнітэту Ганконга. І нарэшце ў 1984 годзе краіны падпісалі дэкларацыю, паводле якой у 1997 годзе мела адбыцца перадача суверэнітэту над Ганконгам на карысць КНР. Пры гэтым у дэкларацыі гаварылася, што Ганконг павінен атрымаць статус адмысловага адміністрацыйнага раёна ў складзе КНР, што дазволіць яму захоўваць свае законы і высокую ступень аўтаноміі на працягу як мінімум 50 гадоў пасля 1997-га. Многія не былі ўпэўненыя ў тым, што гэтыя абяцанні будуць выкананыя. Сярод іх мастак рэсурсу Raeside cartoons, які адлюстраваў вяртанне Ганконга як прыход новага вязня ў турму.
Спатрэбілася прыкладна 20 гадоў, каб жыхары мегаполіса страцілі давер да цэнтральнага ўраду, які крок за крокам урэзаў аўтаномію тэрыторыі. У 2014-м Пекін задумаў рэформу выбарчай сістэмы Ганконга, згодна з якой уводзілася працэдура папярэдняга адабрэння прэтэндэнтаў. Акрамя таго, Пекінам меў зацвярджацца абраны кіраўнік горада. У адказ пачалася т.зв. «Рэвалюцыя парасонаў», калі тысячы ганконгцаў больш за два месяцы выходзілі на пратэсты. Пры гэтым для абароны ад слёзатачывага газу актывісты выкарыстоўвалі парасоны. Пекін рэагаваў на парасоны арыштамі, судамі і нават адключэннем сотавых аператараў. Жорсткасць уладаў дазволіла мастаку нідэрландскага выдання De Volkskrant правесці асацыяцыі паміж Ганконгам 2014-га і падзеямі 1989-га на плошчы Цяньаньмэнь.
Хаця пратэсты 2014-га ўдалося лакалізаваць, пытанне Ганконга, як паказаў апошні чэрвень, не знікла. Больш за тое, цяпер на вуліцу выходзяць не тысячы, а мільёны. На гэты раз фармальнай прычынай акцый стаў намер Кітая распаўсюдзіць на Ганконг заканадаўства аб экстрадыцыі злачынцаў. У тым ліку і для экстрадыцыі 19-гадовага жыхара Ганконга, які ўвесну забіў сваю жонку на Тайвані. Для таго, каб выдаць забойцу тайваньскім праваахоўнікам, Пекіну спатрэбіўся новы закон аб экстрадыцыі. Але ганконгцы асцерагаюцца, што закон патрэбен Пекіну, каб узмацніць пераслед іншадумцаў. Ганконг з'яўляецца гаванню для кітайскіх дысідэнтаў, якія не згодны з палітыкай кампартыі.
Так ці інакш, у выніку вуліца перамагла. Сутыкнуўшыся з пагрозай сапраўднага паўстання, мясцовая адміністрацыя адступіла, а яе кіраўнік выбачылася перад гараджанамі, паабяцаўшы не прымаць закон аб экстрадыцыі.
Але наўрад ці на гэтым усё супакоіцца. Відавочна, што таварыш Сі Цзіньпін ні за што не дапусціць існавання вольнай зоны ў сваёй краіне. Атакі на свабоду Ганконга працягнуцца. У сваю чаргу мясцовыя жыхары ўсё больш актыўна патрабуюць аддзялення ад Кітая. У нейкі момант яны альбо зменяць Кітай, альбо скажуць яму «Цзайцзыень», што па-кітайску значыць «да пабачэння». Прыроду адносін камуністычнага Пекіна і дэмакратычнага Ганконга выявіў мастак арабскага выдання The Khaleej Times.
Чэрвеньскія хваляванні ў Ганконгу цікавыя таксама ў ракурсе намаганнў КНР рэінтэграваць Тайвань. Нягледзячы на тое, што Тайвань абвясціў аб незалежнасці ад Кітая ў 1949 годзе, КНР працягвае лічыць востраў сваім рэгіёнам. У рамках гэтай палітыкі сёлета ў студзені старшыня Сі прапанаваў тайванцам увайсці ў склад КНР па прынцыпе «Адна краіна, але дзве сістэмы». Аднак такую ж мадэль у 1997-м Пекін абяцаў Ганконгу, дзе, як бачым, цэнтр усё часцей вінавацяць за спробу ліквідаваць мясцовыя дэмакратычныя свабоды. Таму, хутчэй за ўсё, Тайвань на нейкі час замарозіць перамовы наконт рэінтэграцыі ў склад КНР, узмацніўшы арыентацыю на ЗША. Брытанскі The Economist у сваёй карыкаутры выявіў наіўныя спробы Кітаю прыцягнуць да сябе Тайвань.