Дасье ў карыкатурах: Каталонскі сепаратызм
Каталонія зноў ператвараецца ў гарачую кропку на мапе Еўропы. На фоне вулічных пратэстаў у Вярхоўным судзе Іспаніі пачаліся слуханні па справе 12 каталонскіх палітыкаў. Два гады таму яны падтрымалі правядзенне рэферэндуму аб незалежнасці Каталоніі.

Рэферэндум тады стаў шокам для Мадрыда, які дарэмна спрабаваў праз суды забараніць галасаванне. Маральную перамогу каталонцаў мастак бельгійскага выдання Politico адлюстраваў з дапамогай алюзіі на футбольны паядынак.

Рэферэндум 1 кастрычніка 2017-га адбыўся, нягледзячы на празмерна жорсткія дзеянні іспанскіх праваахоўнікаў. Супраць тых, хто хацеў выказаць сваю пазіцыю наконт незалежнасці рэгіёна, ужываліся дубінкі і гумовыя кулі. Па дадзеных ўрада Каталоніі, ад дзеянняў сілавікоў пацярпелі 1 066 чалавек. Спроба Мадрыда ўтаймаваць незалежнікаў з дапамогай дубінак стала сюжэтам карыкатуры латвійскай газеты Latvjiacs Avize.

У выніку плебесцыту за незалежнасць прагаласавала 90 працэнтаў з тых, хто прыйшоў на ўчасткі. Яўка склала 40 адсоткаў. На базе гэтай арыфметыкі 27 кастрычніка каталонскі парламент абвясціў незалежнасць краю. У гэты ж дзень афіцыйны прадстаўнік генеральнай пракуратуры Іспаніі паведаміў аб працэдуры прыцягнення старшыні ўраду аўтаноміі Карлеса Пучдэмана і яго паплечнікаў да крымінальнай адказнасці. Па краю пракацілася хваля арыштаў. А вось Пучдэману ўдалося збегчы ў Бруссель. Прыгоды Карлеса, падобныя на сцэны раманаў Дзюма, выклікалі шмат жартаў. Так, на думку нідэрландскага мастака Джоепа Бертрамса (Joep Bertrams) пры уцёках Пучдэман мог выкарыстаць каталонскі сцяг.

Між тым сам Пучдэман будучы ў эміграцыі вырашыў прысвяціць сябе пабудове каталонскай незалежнай дзяржавы. Пры гэтым еўрапейскія ўлады нічога зрабіць не могуць знаходзячыся ў відавочным прававым ступары. З аднаго боку, ігнараваць волевыяўленне каталонцаў нельга. З іншага — прызнанне вынікаў рэферэндуму 1 кастрычніка будзе штуршком для шатландцаў, фламандцаў, карсіканцаў і г.д. Пагрозу сепаратызму для Еўропы адлюстраваў мастак Міхаэль Коунтоурыс (Michael Kountouris).

У выніку мы маем наступную сітуацыю. Каталонцы масава выходзяць на акцыі пратэсту супраць суда над аўтарамі реферэндуму. Пракуратура ў сваю чаргу марыць адправіць іх у турму на тэрмін да 25 гадоў. Праўда, напэўна магло быць яшчэ горш, калі б арганізатараў реферэндуму судзілі паводле беларускіх прававых забабонаў. На гэту тэму малюнак газеты «Новы Час».