Дасье ў карыкатурах: Затор глабальнага маштабу

Аварыя кантэйнеравоза ў Суэцкім канале стала навіной нумар адзін у сусветных СМІ. Судна Ever given села на мель, заблакаваўшы шлях для розных транспартных судоў з грузамі на многія мільёны долараў. Зрэшты, Суэцкі канал, як можна пераканацца на прыкладзе карыкатур, не першы раз становіцца крыніцай сусветных шокаў.

zastavka_41.jpg

Ідэя будаўніцтва Суэцкага канала паўстала ізноў у другой палове XIX стагоддзя. Свет у гэты перыяд перажываў эпоху каланіяльнага падзелу. Паўночная Афрыка, самая блізкая да Еўропы частка кантынента, прыцягвала ўвагу вядучых каланіяльных дзяржаў. Егіпет і быў прадметам суперніцтва Вялікабрытаніі і Францыі. Некаторыя тагачасныя карыкатурысты нават прадказвалі вайну за права выхаду да Чырвонага мора.

1_409.gif

Канал быў пабудаваны і ў выніку дастаўся брытанцам, якія кіравалі ім да 1952 года, калі ў краіне адбыўся пераварот. Яго арганізатары — група «Свабодныя афіцэры» з Гамаль Абдэль Насерам на чале абвясцілі Егіпет рэспублікай, а ў 1956-м заявілі, што Суэцкі канал нацыяналізаваны. На Захадзе гэта ўспрынялі як спробу ўзяць пад кантроль стратэгічныя пастаўкі нафты і шантажаваць сусветныя сталіцы.
Нацыяналізацыя ў выніку паслужыла падставай для англа-франка-ізраільскай агрэсіі супраць Егіпта, якую разам спынілі СССР і ЗША. Хрушчоў нават пагражаў нанясеннем тэрмаядзерных удараў па тэрыторыі краін-інтэрвентаў. Так ці інакш па ходзе інтэрвенцыі каналу былі нанесеныя значныя пашкоджанні, рух па ім быў перапынены і аднавіўся толькі ў 1957-м.

2_374.jpg

У выніку араба-ізраільскай «шасцідзённай вайны» 1967 года суднаходства па Суэцкім канале зноў было перапынена. Зона канала фактычна ператварылася ў лінію фронту, якая падзяляла егіпецкія і ізраільскія войскі. З-за нестабільнасці паставак нафты на Захадзе, асабліва ў Штатах, пачаўся імклівы рост коштаў на бензін. Некаторыя мастакі нават выяўлялі ЗША ў якасці раба бензіну. Толькі 5 чэрвеня 1975 года Суэцкі канал быў зноў адкрыты для суднаходства.

3__2___2_.jpg

І вось канал зноў у цэнтры ўвагі з-за блакавання яго працы. Згодна з экспертнымі ацэнкамі, кантэйнеравоз блакуе транспартныя перавозкі на суму прыкладна $ 9,6 млрд у суткі. Не кажучы пра тое, што маршрут праз Суэц складае 12% гандлёвага трафіку. Гэты страшны ўдар па сусветнай эканоміцы мастак выдання Cartoonstock параўнаў з косткай у горле.

4_322.png

Затое для аматараў мемаў аварыя з Ever given проста скарбніца жартаў.

5_301.jpg

6_199.jpg


Не абышлося без канспіратыўных тэорый. Інцыдэнт выклікаў цікавасць да праекту «Новы шаўковы шлях» – маршрут перакідання тавараў з Кітая ў Еўропу праз Еўразію. Расія актыўна пачала рэкламаваць Паўночны марскі шлях. У некаторых узнікаюць слушныя пытанні, а раптам Evergreen затрымаўся на мелі не выпадкова? Аматарам тэорый змоў мастак з рэсурсу Cagle намаляваў карыкатуру: быццам карабель утрымлівае нейкая марская пачвара, якая працуе на Маскву. Так ці інакш геапалітычных наступстваў прыгод Evergreen таксама выключаць не варта. Суэц ёсць Суэц.

7_138.jpg