Дэкамунізаваць нельга пакінуць

Ва Украіне нарастае інтрыга вакол лёсу Кампартыі (КПУ). Яе забаранілі ў рамках закона аб дэкамунізацыі, які Еўропа патрабуе перагледзець. Пра будучыню ўкраінскіх левых распавядае кіеўскі журналіст Андрэй Манчук.



kpu_1.jpg

Фота rusvesna.su

— Яшчэ 18 снежня Венецыянская камісія і Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЕ прынялі рашэнне аб неадпаведнасці ўкраінскага закона аб дэкамунізацыі стандартам Савета Еўропы. У дакуменце ўказана, што ў цяперашняй фармулёўцы закон можа прывесці да парушэння права на свабоду выказвання. Наколькі такая ацэнка пацвярджаецца практыкай (пакет законаў аб дэкамунізацыі дзейнічае з мая 2015)?

— У палітычным сэнсе, задачай «закона аб дэкамунізацыі» з’яўляецца поўная зачыстка палітычнага поля Украіны ад левых партый і рухаў. Гэтая задача адкрыта дэкларуецца яго аўтарамі. Акрамя таго, гэта вельмі выгадна карумпаваным украінскім чыноўнікам і алігархам, якія жадаюць адцягнуць сацыяльную незадаволенасць украінцаў у бок «ўнутранага ворага», якім афіцыйна прызначаныя камуністы. Адначасова з гэтым закон ставіць па-за крытыкай факты супрацоўніцтва ўкраінскіх нацыяналістычных лідараў з гітлераўцамі, удзел нацыяналістаў у забойствах яўрэяў і арганізацыі этнічных чыстак палякаў на Валыні ў 1943 годзе. Натуральна, усё гэта з самага пачатку выклікала насцярожанае стаўленне ў еўрапейскіх праваабаронцаў.

— Заявы Венецыянскай камісіі неяк паўплывалі на лёс Пятра Сіманенкі і яго Кампартыі?

— Я думаю, што, нягледзячы на заявы еўрапейцаў, у закон не ўнясуць ніякіх істотных зменаў. Максімум, будуць зробленыя нейкія фармальныя, касметычныя карэкціроўкі. Парламент, дзе цяпер дамінуюць правыя і папулісты, не пойдзе на перагляд скандальнага закона. Пра гэта сведчыць папярэдні рэзананс ва Украіне на заяву міжнароднай праваабарончай арганізацыі «Amnesty International», якая таксама асудзіла забарону кампартыі. Аднак міністр юстыцыі Павел Пятрэнка досыць катэгарычна заявіў аб тым, што Украіна мае права забараняць палітычныя партыі.

СіманенказбіраеццадамагаццаадменызабароныягоарганізацыіпразЕўрасуды.Разам з тым папулярная думка, што рэабілітацыя вельмі карумпаванай КПУ не пойдзе на карысць левым рухам ва Украіне. Можа, лідарам кампартыі будзе карысна прайсці катарсіс у падполлі?

— Безумоўна, апошнія дзесяць гадоў Камуністычная партыя Украіны менш за ўсё адпавядала сваёй назве. Яна ператварылася ў партыю, якая па чарзе прадавала галасы сваіх дэпутатаў Блоку Юліі Цімашэнка і Партыі рэгіёнаў у абмен на прыбытковыя месцы ў дзяржаўным апараце і прэферэнцыі ў бізнесе. З КПУ даўно выйшла большасць ідэйных актывістаў, а сама партыя спавядала ў апошнія гады кансерватыўную ідэалогію, адкрыта супрацоўнічаючы з царквой і Масквой. Гэта стала важнай прычынай падзення папулярнасці партыі. Аднак ні ў якое падполле Сіманенка не пойдзе. Сябры партыі — заможныя асобы, якія будуць намагацца прыстасавацца да кан’юнктуры.

— Які лёс структур КПУ ў рэгіёнах Украіны, якія Кіеў часова не кантралюе?

— КПУ афіцыйна адхрысцілася ад сваіх партыйных арганізацый у Крыме і на Данбасе, хоць гэта не выратавала Сіманенку ад абвінавачванняў у сепаратызме. Крымскія камуністы досыць хутка ўліліся ў склад розных расійскіх кампартый, але не адыгрываюць зараз ніякай істотнай ролі ў палітычным жыцці паўвострава. У Данецку была зроблена спроба стварэння Камуністычнай партыі Данбаса, аднак улады ДНР гэтаму перашкодзілі. У Луганскай вобласці дзейнічае Саюз камуністаў Луганшчыны, але на выбары іх пакуль таксама не дапускаюць. У цэлым, становішча камуністаў у ДНР і ЛНР застаецца двухсэнсоўным — яны не падвяргаюцца пераследу з боку ўлады, але, нягледзячы на сваю палітычную актыўнасць, не ўваходзяць у структуры ўлады.

— Практычна ўсе піянеры ўкраінскага палітычнага нацыяналізму былі сацыялістамі і марксістамі — Грушэўскі, Віннічэнка, Пятлюра... Як гэтую акалічнасць прапануюць разглядаць у цяперашняй дэкамунізаванай гістарыяграфіі Украіны?

— Стаўленне да гэтых гістарычных фігур вельмі рознае. Пятлюра з’яўляецца значнай фігурай у нацыяналістычным пантэоне, аднак даўно не ўспрымаецца на ўзроўні масавай свядомасці ў якасці лідара сацыял-дэмакратаў. Бацькоў украінскай дзяржаўнасці пачатку ХХ стагоддзя Віннічэнку, і нават Грушэўскага, нярэдка выяўляюць у якасці «мяккацелых спадарожнікаў бальшавікоў». Героямі постмайданаўскай гістарыяграфіі з’яўляюцца не яны, а радыкальныя нацыяналісты накшталт Канавальца, Данцова, Бандэры, Мельніка і Шухевіча.

— У любой краіне, а тым больш ва Украіне, дзе жыццёвыя стандарты імкліва дэградуюць, сацыяльнае пытанне — адно з самых значных у грамадска-палітычнай дыскусіі. Так ці інакш, нехта будзе выкарыстоўваць сацыяльную тэму. Якая можа быць ма­дэль украінскага сацыяльнага пратэсту ва ўмовах «дэкамунізацыі» і якія яго перспектывы?

— Па-за межамі кампартыі, на аснове некалі ўплывовай Сацыялістычнай партыі Украіны, развіваецца партыя «Сацыялісты». Аднак цяперашнім палітычным элітам Украіны не патрэбныя ўплывовыя левыя сілы. Пры адсутнасці ўплывовых левых партый і прафсаюзаў можна ўмела паралізаваць сацыяльную незадаволенасць. Як правіла, успышкі сацыяльнага пратэсту б’юць «ухаластую»: іх амаль заўсёды ўзначальваюць палітыкі, якія тлумачаць украінцам, што ва ўсім вінаватыя «ворагі нацыі». Таму перспектыва левых прамайданаўскіх партый таксама не зразумелая.