З-за расійскіх санкцый Украіна ўзмацніла мяжу з Беларуссю

З-за ўвядзення Расіяй новага рэжыму транзіту грузаў у Казахстан (праз Беларусь) Дзяржпагранслужба Украіны прыняла дадатковыя меры, у прыватнасці, адбылося ўзмацненне пунктаў пропуску на ўкраінска-беларускай мяжы.



fury.jpg

«У сувязі з прыпыненнем Расіяй з 1 студзеня 2016 года дзеяння Дамовы аб зоне свабоднага гандлю ў дачыненні да Украіны, расійскім бокам уведзены новы рэжым транзіту, у прыватнасці з тэрыторыі Украіны не прапускаюцца любыя грузы, якія ідуць транзітам праз РФ у Казахстан. Акрамя таго, Расіяй вызначаны транзітныя маршруты ў Казахстан толькі з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і адпаведныя пункты пропуску на мяжы з Беларуссю і Казахстанам», — паведамляе прэс-служба Дзяржпагранслужбы Украіны.

Нагадаем, што кіраўнік Расіі Пуцін падпісаў указ аб транзіце ўкраінскіх грузаў у Казахстан праз Расію. «Міжнародныя транзітныя аўтамабільныя і чыгуначныя перавозкі грузаў з тэрыторыі Украіны на тэрыторыю Рэспублікі Казахстан праз тэрыторыю Расійскай Федэрацыі ажыццяўляюцца толькі з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», — у прыватнасці сказана ў дакуменце.

Улічваючы дадзеную інфармацыю і магчымае павелічэнне колькасці грузавых транспартных сродкаў, адміністрацыя ДПСУ прыняла дадатковыя захады. «У прыватнасці, на ўкраінска-беларускай мяжы адбылося ўзмацненне пунктаў пропуску і ва ўзаемадзеянні з Дзяржаўнай фіскальнай службай забяспечаны рытмічны пропуск праз мяжу грузавых аўтамабіляў і тавараў», — паведамілі памежнікі.

Акрамя таго, па ўсім участку дзяржаўнай мяжы з мэтай недапушчэння сацыяльнага напружання і назапашвання грузавікоў «праводзіцца адпаведная тлумачальная праца сярод вадзіцеляў і перавозчыкаў аб зменах, звязаных з перамяшчэннем па тэрыторыі РФ транзітных грузаў».

Расія з 1 студзеня 2016 пачала абкладаць падаткам імпарт украінскіх тавараў на сваю тэрыторыю, а таксама ўвяла забарону на ўвоз харчовых тавараў, якія трапілі пад эмбарга. Таксама РФ забараніла транзіт па сваёй тэрыторыі ўкраінскіх тавараў у трэція краіны, у прыватнасці, у Казахстан.