Два гады без Жырыноўскага. Дасье ў карыкатурах

6 красавіка — другая гадавіна смерці Уладзіміра Жырыноўскага. Такое ўражанне, што за гэты час Расія ператварылася ў краіну паслядоўных жырыноўцаў. А вось як на асобу Уладзіміра Вольфавіча рэагавалі карыкатурысты.

Толкам не зразумела, як малады юрыст Уладзімір Жырыноўскі прыйшоў у палітыку. Ёсць меркаванне, што ён — прадукт гарбачоўскага КДБ, які хацеў стварыць бачнасць наяўнасці ў СССР апазіцыі і каналізаваць пратэст. Толькі так можна растлумачыць, чаму створаная ў 1989-м Ліберал-Дэмакратычная Партыя СССР (пазней Ліберал-Дэмакратычная Партыя Расіі) так хутка атрымала рэгістрацыю і офіс. 

Зрэшты, падчас эрозіі СССР ад ліберал-дэмакратыі ў партыі Жырыка не засталося і следу. Лейтматывам заяў Жырыноўскага стала абарона інтарэсаў рускіх на тэрыторыі СССР, адмова ад нацыянальна-тэрытарыяльнага дзялення. З таго часу мастакі любілі маляваць Жырыноўскага з імперскімі атрыбутамі. Дарэчы, менавіта таму візіт Вольфавіча ў Мінск у снежні 91-га мабілізаваў тутэйшых нацыянал-дэмакратаў, якія ледзь не збілі маскоўскага турыста.

1_938.jpg

Другой фішкай Жырыноўскага стаў вобраз палітыка-хулігана. Асноўны яго элемент — крайняя эмацыйнасць, што выяўлялася ў адсутнасці якіх-небудзь тармазоў. Характэрнымі для выяўлення Жырыноўскага сталі словы, якія выкарыстоўваліся ім у некаторых выступах: «адназначна» і «падонкі». Іх цытавалі ў 1990-я на тэлебачанні ў розных гумарыстычных шоу. З цягам часу яны сталі візітнай карткай палітыка.

2_854.jpg

Многія ўспрымалі праект ЛДПР як эпатаж, а яе лідара — як блазна, але ў 1993-м Жырыноўскі разыграў бліскучую палітычную партыю. Падчас кастрычніцкага палітычнага крызісу ён заняў невыразную пазіцыю, што дапамагло ЛДПР захаваць легальны статус. Затое на снежаньскія думскія выбары жырыноўцы пайшлі ўжо як вядучыя крытыкі рэжыму Ельцына. У выніку ЛДПР з 22 працэнтамі набраных галасоў стала самай папулярнай партыяй у краіне. Вось як убачыў трыумф адзін з карыкатурыстаў тых гадоў.

3_753.jpg

Пасля фурору 1993 года чакалася, што ЛДПР будзе паступова сыходзіць з палітычнай сцэны праз вяртанне ў палітыку камуністаў, якія сталі галоўнай сілай апазіцыі. Але тут нечакана выявілася, што ЛДПР мае свой ядзерны электарат. Гаворка пра маргінальную частку расійскага грамадства, якая палітызуецца толькі пад выбары, сітуацыйна галасуючы за таго, хто больш агрэсіўна крытыкуе ўладу. Дзякуючы гэтым людзям, ЛДПР застаецца ў органах расійскай улады амаль тры дэкады. Мастак Вася Ложкін адлюстраваў сімпатызантаў ЛДПР наступным чынам.

4_681.jpeg

Нейкімі своеасаблівымі «скрэпами» электарату ЛДПР сталі рэгулярныя публічныя скандалы з удзелам Жырыноўскага. Дастаткова згадаць, які рэзананс выклікала выхадка лідара ЛДПР на адным з шоу з удзелам Барыса Нямцова. Усе толькі і абмяркоўвалі, як Жырыноўскі абліў суразмоўцу. Зрэшты, у 2018-м Жырыноўскі сам стаў ахвярай свайго ноу-хау падчас дэбатаў кандыдатаў у прэзідэнты. Кандыдат Ксенія Сабчак абліла яго вадой, што выклікала ў палітыка прыступ абурэння.

5_635.jpg

Падчас кансалідацыі рэжыму Пуціна ў Жырыноўскага з'явілася новая функцыя — ствараць ілюзію канкурэнтнага характару выбарчага працэсу. Тэматычны малюнак на гэты конт.

6_474.jpg

Зрэшты, унікальная кар'ера не стала панацэяй ад ковіду. Уладзімір Вольфавіч Жырыноўскі памёр 6 красавіка 2022 года ва ўзросце 75 гадоў «пасля цяжкай і працяглай хваробы», выкліканай каронавірусам. Парадаксальна, але нябожчык ледзь-ледзь не дажыў да свайго трыумфу. Па ходу вайны і пашырэння палітычных рэпрэсій пуцінскі палітыкум усё часцей ужывае напрацоўкі Жырыноўскага. Дастаткова згадаць пагрозы кіраўніка Саўбеза РФ Дзмітрыя Мядзведзева выкарыстаць супраць Захаду атамную зброю, што стала, дарэчы, тэмай малюнкаў. Праўда, існуе адна акалічнасць: Жырыноўскі проста балбатаў, а ад цяперашняй расійскай «эліты» можна чакаць чаго заўгодна.

7_340.jpg