Дзеда Мароза — пад люстрацыю?

Украінцы актыўна спрачаюцца — ці патрэбны краіне персанаж Дзед Мароз? Гэтая дыскусія сведчыць пра ролю масавай культуры ў фармаванні палітычных сімпатый і антыпатый на перыферыі экс-СССР.



pic_1358820321.jpg

Антысавецкі складнік ідэалогіі рэвалюцыі на Майдане не выклікае сумневаў. Ілюстрацыя таму — так званы «ленінапад»: цунамі разбурэнняў помнікаў Леніну, што пракацілася па Украіне на працягу апошняга года. Аднак знішчэннем манументаў правадыру пралетарыяту справа не абмежавалася. Ідэолагі  постмайданаўскай Украіны заклікаюць зачысціць культурны побыт украінцаў ад усіх артэфактаў часоў СССР.

 

У чорны ліст трапіў у тым ліку і, здавалася б, абсалютна бяскрыўдны персанаж —Дзед Мароз. Напярэдадні Новага года ва ўкраінскіх СМІ з’явілася шмат публікацый, аўтары якіх агітуюць за тое, каб казачным сімвалам Новага году ва Украіне стаў не Дзед Мароз, а Святы Мікалай. Пры гэтым калегу Снягуркі называюць не інакш як «найбольш укаранелай з выяваў, якая была выдуманая прапагандай СССР».

 

Увогуле, падобныя характарыстыкі Дзеда Мароза гучалі і да перамогі Еўрамайдана, аднак іх рупарамі былі яўныя палітычныя маргіналы. Цяпер сітуацыя кардынальна змянілася. Сярод крытыкаў Дзеда Мароза, напрыклад, — вядучае ўкраінскае аналітычнае выданне «Дзеркало Тиждня». У апошнім выпуску «Дзеркало Тиждня» адзначае: «На сёння замацаваў за сабой пазітыўнае рэнамэ і карыстаецца немалой папулярнасцю Дзед Мароз. Гэты рудымент камуністычнай эпохі ўсё яшчэ моцна трымаецца ў свядомасці ўкраінцаў як зусім натуральны і звыклы герой навагодніх святаў. Мы прапануем (…) расставіць гістарычныя і нацыянальныя акцэнты ў пытаннях святочнага календара краіны».

 

Агітуючы супраць барадача ў чырвоным каптане з мехам падарункаў, дзедамарозафобы спасылаюцца на яго біяграфію. Дзед Мароз упершыню завітаў на навагоднія дзіцячыя святы ў сярэдзіне 30-х гадоў мінулага стагоддзя на фоне барацьбы з рэлігійнымі перажыткамі, часткай якіх было святкаванне Калядаў. Элементам каляднага святочнага рытуалу з’яўляецца, як вядома, казка пра прыход Святога Мікалая. У якасці клону Мікалая бальшавікі пачалі піярыць фігуру прыдуманага савецкім агітпропам нейкага Дзеда Мароза (лічыцца, што назву пазычылі са славянскага паганскага пантэону, дзе прысутнічае дух Марозка). Хутка Дзеду Марозу прыдумалі і сяброўку — Снягурку. Дуэт за часы савецкай улады стаў настолькі мегапапулярным, што лёгка захаваў свой рэйтынг і ў масавай культуры дзяржаў, што ўзніклі на рэштках СССР.

 

Феномен папулярнасці Дзеда Мароза, на думку шмат каго, не дазваляе ўкраінцам канчаткова разарваць з савецкім мінулым. У пракламацыі, якую распаўсюдзіла нацыяналістычнае аб’яднанне «Свабода» напярэдадні Новага года, напрыклад, гаворыцца: «Новы Год і Дзед Мароз — ідэалагічная зброя Масквы! Калі ты святкуеш «Новы Год» — ты варты жалю маскоўскі падхалім, таму што гэта штучнае «свята» нам навязалі маскоўскія акупанты. Украінцы павінны святкаваць Раство Хрыстова! Калі ты робіш сваім дзецям падарункі «ад Дзядулі Мароза» — ты здраднік Украінскай Нацыі! Таму, што старога п’яніцу «Дзеда Мароза» і ягоную сяброўку «Снягурку» прыдумалі маскоўскія камуністы для таго, каб згвалціць украінскіх дзяцей, зламаць маральны хрыбетнік украінскай нацыі. Паслухмяным украінскім дзецям ужо прынёс падарункі Святы Мікалая!»

 

Ракіроўка Дзеда Мароза на Святога Мікалая, на думку адэптаў апошняга, дазволіць зрабіць разрыў з савецкай міфалогіяй. Адраджэнне традыцыі шанаваць Святога Мікалая, быццам, магло б спрыяць аднаўленню ўплыву царквы ва ўкраінскім грамадстве.

 

У адказ на кампанію супраць Дзеда Мароза ўзнік лагер яго адвакатаў. Вось іх асноўныя фармулёўкі.

 

Захапленне рэлігіяй супярэчыць трэндам сучаснай Еўропы, куды намагаецца інтэгравацца Украіна. Адзін з блогераў піша: «Хрысціянская рэлігія ў Еўропе, можна сказаць, усе менш папулярная. Рэлігія ўступае ў супярэчнасць з дэмакратычнымі каштоўнасцямі, таму ў яе няма будучыні. Ва Украіне царква ніякага значэння не мае. Дзед Мароз мае перавагу, бо ён не рэлігійная выява, а Украіна — свецкая, а не рэлігійная дзяржава».

 

Аргумент нумар два: насаджэнне культу Святога Мікалая, які часта ўспрымаецца як фрагмент заходнеўкраінскай традыцыі, працуе на карысць сепаратызму. «Вось з-за такіх публікацый у Маскве распавядаюць, што ва Украіне адмянілі Новы год і Дзеда Мароза. Дзед Мароз замінае? Мала, што мы маем у Крыме і Данбасе. Трэба шукаць тое, што народ Украіны аб’ядноўвае, а вы яго цяпер ізноўку спрабуеце падзяліць на тых, хто святкуе Мікалая, і ўсіх астатніх. Гэта недапушчальная рыторыка, асабліва падчас вайны», — так каментуе адзін з блогераў згаданы вышэй артыкул супраць Дзеда Мароза ў газеце «Дзеркало Тиждня».

 

Нарэшце, шмат хто лічыць, што чыноўнікамі, якія абвясцілі паляванне на Дзеда Мароза, рухае банальная палітычная кан’юнктура плюс жаданне адцягнуць увагу ад фіяска ў гаспадарчым сектары.

 

Антыдзедамарозаўскі спіч кіраўніка культуры Чарнігаўскага аблвыканкаму быў пракаментаваны на мясцовых сайтах наступным чынам: «Нармальныя людзі сустракаюць Новы год на перадавой, а той, хто не там, хай не вякае». З гэтым часткова згодныя культуролагі. На іх думку, культ Дзеда Мароза і так апошнім часам знаходзіўся ў стадыі эрозіі з-за таго, што Дзеда пачалі ўсе часцей асацыяваць з Санта Клаўсам — камерцыйным заходнім прадуктам.

 

Так ці інакш, дыскусія пра Дзеда Мароза сведчыць пра ролю масавай культуры ў фармаванні палітычных сімпатый і антыпатый на перыферыі экс-СССР. Наяўнасць савецкай мадэлі культурнага спажывання тут відавочная, а эрзац знайсці ёй вельмі не проста. З іншага боку, ці трэба шукаць замену таму ж Жэню Лукашыну, прыгоды якога дэманструюць маразмы ўрбанізму часоў СССР?