Дзяжурны апакаліпсіс

Ядзерныя выпрабаванні КНДР, ураганы ў Злучаных Штатах, пажары ў Аўстраліі, выбухі на Сонцы. Гэтыя катастрофы выклікалі ў масавай свядомасці думку пра тое, што распачаўся канец свету.

4646546455555555555555978789987798.jpg

Самае цікавае, што раней мы ўжо неаднаразова былі сведкамі «канцоў свету». На пачатку 1990-х пра хуткі апакаліпсіс шмат распавядалі адэпты дэструктыўнай секты «Белае братэрства», якая дзейнічала на постсавецкай прасторы. Называлася белымі братамі і дакладная дата Армагедону.

Канец свету, прыдуманы ўкраінскім «Белым братэрствам», павінен быў здарыцца 24 лістапада 1993 года. У выніку адбыўся не канец свету, а сапраўдны фарс. Лідараў секты, якія напярэдадні 24 лістапада паспрабавалі захапіць Сафійскі сабор у Кіеве, чакаў спецназ. Усіх братоў арыштавалі. Праз нейкі час правадырам братэрства далі па 4–6 гадоў турмы — і на гэтым тэма апакаліпсісу ў 1993-м закрылася.

Другая хваля прагназавання Армагедону прыходзіцца на мяжу стагоддзяў. Напярэдадні Міленіуму некаторыя чакалі смяротнага астэроіда, як напісана ў Настрадамуса, аднак той чамусьці так і не прыляцеў. Не забыліся і прагнозы тых, хто ў 1999-м палохаў жудаснымі наступствамі, якія маглі ўзнікнуць з-за таго, што кампутары няправільна зразумеюць дату 01-01-00. Ну і, нарэшце, як не згадаць 2012 год. Падаецца, толькі ўчора некаторыя з нас баяліся, што ў снежні здарыцца глабальны катаклізм праз заканчэнне календару старажытных індзейцаў майя.

Нягледзячы на тое, што ўсе папярэднія абяцанкі апакаліпсісу аказаліся пшыкам, сёння фармуецца новая армія аматараў канца свету. Праўда, да нас мода на эсхаталагічную істэрыку яшчэ не дакацілася. Пакуль асноўныя кадры яна чэрпае на Захадзе, і перш за ўсё ў Злучаных Штатах, дзе вялікі ўплыў на грамадства аказалі маштабы ўраганаў Harvey, Paul, Sandra і, нарэшце, Irma, якія абрынуліся на Поўдзень. Дадайце яшчэ самы вялікі за апошняе стагоддзе землятрус у суседняй Мексіцы сілай 8,4 бала. Адсюль і істэрычная рэакцыя часткі грамадства.

Тэма Армагедона хутка набыла біблейскі фундамент. Як правіла, спасылаюцца на пасаж з Евангелля ад Лукі: «І будуць знаменні на сонцы, і месяцы, і зорках, а на зямлі туга народаў у роспачы ад шуму марскога і хвалявання; і людзі будуць мярцвець ад страху і чакання таго, што надыходзіць на сусвет, бо сілы нябесныя зрушацца». «Хіба не тое самае, што напісана ў святых тэкстах, мы зараз назіраем?» — запытваюцца рэлігійныя амерыканцы.

Натуральна, высоўваюцца версіі пра тое, што катаклізмы — не выпадак, а пакаранне за кепскія ўчынкі людзей. Прычыны катастрофаў шукаюць у самых незвычайных з’явах, аж да таго, што каталікі абралі на пасаду Папы Рымскага чалавека, які не асуджае аднаполыя шлюбы. Яшчэ далей пайшлі ў Вялікабрытаніі, дзе прычынай канца свету некаторыя лічаць Brexit.

Называюцца і канкрэтныя даты, калі ўсім і ўсяму на планеце павінен наступіць татальны капут. Гэта пятніца, 23 верасня. Аднак у тую дату не вераць нават тыя, хто ўсур’ёз рыхтуецца да планетарнай катастрофы. Справа ў тым, што больш за ўсё з 23 верасня носіцца Дэвід Міч. Той самы, які ў жніўні абяцаў канец свету 21 жніўня, калі на тэрыторыі Злучаных Штатаў мела месца поўнае сонечнае зацьменне.

Трэба сказаць, што пакуль тэму апакаліпсісу прасоўвае ў асноўным заходняя жоўтая прэса. Больш-менш сур’ёзная журналістыка на гэта звяртае мала ўвагі. Тым не менш, некаторыя публікацыі ўжо з’явіліся. Іх аўтары часцяком звязваюць выбух эсхаталагічных настрояў з агульнай палітычнай нестабільнасцю ў свеце, якая выклікае адпаведныя неўрозы.

А вось выданне «USA Today» згадала тэорыю, якую ў 2016 годзе агучыла псіхолаг Ангела Рускін. Паводле яе, існуе наўпроставая сувязь паміж стрэсам (яго прычынай у тым ліку могуць быць навіны пра бясконцыя стыхійныя катаклізмы) і ростам даверу да розных містыфікацый.

«Стрэсавыя сітуацыі спрыяюць таму, што людзі менш аналітычна ставіцца да таго, што адбываецца. Індывід, які адчувае стрэс, можа пачаць разумець свет нейкім арыгінальным чынам. Аж да таго, што чалавек пачынае бачыць нейкія карціны, якія не існуюць», — піша выданне.

Такім чынам, можна прагназаваць, што цяперашні псіхоз наконт хуткага апакаліпсісу будзе цягнуцца да пачатку фазы палітычнай і эканамічнай стабілізацыі ў свеце. Праўда, калі яна пачнецца, незразумела. У любым выпадку, у грамадскай калектыўнай свядомасці нейкія наступствы цяперашні ажыятаж вакол канца свету можа пакінуць. Нямецкая «Der Freitag» піша, што тэма канца свету здольная абудзіць у еўрапейскім грамадстве інтарэс да рэлігіі, што ў перспектыве можа ўзмацніць кансерватыўны палітычны лагер.