Эпідэмія 1980-х
Цяперашнія беларусы дастаткова спакойна ўспрымаюць інфармацыю пра пагрозу СНІДу і прафілактыку захворвання. Людзі больш сталага веку дакладна памятаюць часы, калі напрыканцы 1980-х гадоў пра хваробу толькі пачалі казаць. Паколькі тэма была адносна новая, хапала рознага кшталту плётак — аж да таго, што СНІДам можа заразіцца праз памаду.
Аднак усё гэта не ідзе ў параўнанне з рэакцыяй на СНІД па той бок «жалезнай заслоны». На Захадзе асяроддзі наркаманаў і гомасексуалаў — першыя асноўныя патэнцыйныя мішэні хваробы — даўно былі маргінальнымі, аднак сталымі сегментамі грамадства.
Першыя выпадкі хваробы былі дыягнаставаныя ў Злучаных Штатах улетку 1981 года, хаця навуковыя дэбаты наконт розных дэталяў працягваліся прыкладна да 1984-га. Пакуль трывалі медычныя кансіліумы, людзей ахапіў жах. У 1984 годзе адзін з медыкаў прызнаваўся, што на самай справе яго ведамства змагаецца «не з імунадэфіцытам, а са страхам».
Прыкладаў гэтаму вельмі шмат. Калі ў 1985 годзе высветлілася, што ў вучня нейкай школы Нью-Ёрка сімптомы СНІДу, іншыя бацькі ўзнялі бунт. У школу на наступны дзень на знак пратэсту не прыйшлі амаль 90 працэнтаў вучняў. У фларыдскай школе ў падобным выпадку бацькі пайшлі яшчэ далей. Яны проста ўначы падпалілі хату, дзе жыў хлопец з сімптомамі хваробы, і прымусілі яго сям’ю шукаць сабе новую прапіску.
У Маямі біскуп адмовіў верніку, падазраванаму, што хворы на СНІД, піць з кубка для прычашчэння. У картачным клубе Мемфіса тых, хто лічыўся гомасексуалам, прымушалі надзяваць спецыяльныя пальчаткі, каб хвароба не перадалася праз карты. Калі паліцыя ў нейкіх штатах рабіла хапуны ў гей-клубах, яна надзявала супрацьгазавыя маскі.
Яшчэ далей пайшлі па іншы бок Атлантыкі. У Брытаніі магілу адной з ахвяраў СНІДу пасля смерці было вырашана заліць бетонам. «Гэта робіцца ў якасці меры засцярогі, калі калісьці мы або іншыя зноў адкрыем труну», — патлумачыў прэс-сакратар дэпартамента аховы здароўя акругі.
Паводле апытання, якое ў 1982 годзе правяло выданне Los Angeles Times, 48 працэнтаў рэспандэнтаў выступалі за тое, каб хворыя на СНІД мелі спецыяльныя ідэнтыфікацыйныя карткі. Яшчэ 12 працэнтаў апытаных увогуле падтрымлівалі ідэю рабіць суайчыннікам, у якіх выявілі вірус імунадэфіцыту, спецыяльныя тату.
І, нарэшце, вішанька на торце. Дырэктар чыкагскай клінікі па СНІДзе падчас інфармацыйнай гарачай лініі неяк атрымаў тэлефанаванне занепакоенага аўтамабіліста. Той наехаў на пешахода, якога ён палічыў геем, і баяўся, што праз гэта падхопіць хваробу.
У сувязі з апісанымі выпадкамі можна зразумець разгубленасць, якая ахапіла частку тагачасных прагрэсіўных інтэлектуалаў. Яны параўноўвалі калектыўную стыгматызацыю хворых на СНІД з антыкамуністычнай паранойяй у часы макарытызму або з судамі Лінча. Некаторыя нават пісалі, што згубілі веру ў заходнюю цывілізацыю.
У наш час гісторыкі заклікаюць не перакладаць адказнасць выключна на неадукаваных грамадзян. Свой унёсак у распальванне псіхозу рабілі некаторыя адміністрацыі. Шматлікія дэпартаменты аховы здароўя на месцах, калі апісвалі формы распаўсюджвання хваробы, у імя маралі пазбягалі «бруднай» сексуальнай тэрміналогіі. Замест яе яны выкарыстоўвалі, напрыклад, недакладныя азначэнні кшталту «СНІД перадаецца праз цялесныя вадкасці». Усё гэта правакавала ў народзе самыя шырокія спекуляцыі наконт крыніц паходжання віруса і формаў яго перадачы.
У сваю чаргу, сярод часткі грамадства былі папулярныя забабоны, нібы СНІД — гэта выдумка кансерватараў, якія за кошт тэмы віруса хацелі атрымаць рэванш за контркультурную рэвалюцыю 1960-х гадоў. «Не дай шанец СНІДу — не хадзі правярацца», — заклікалі леварадыкальныя медыя. Трэба сказаць, што кансерватары сапраўды актыўна гулялі на фобіях выбаршчыкаў. Рональда Рэйгана і яго жонку сёння вінавацяць у тым, што яны наўмысна блакавалі праграмы распрацоўкі лекаў супраць СНІДу. Гэта падтрымлівала ў грамадстве атмасферу, якая спрыяла рэспубліканцам.
Цяжка сказаць, калі ўдалося зламаць тэндэнцыю. У нейкі час на дапамогу ахвярам СНІДу пачалі прыходзіць зоркі поп-культуры. Напрыклад, Майкл Джэксан і Элтан Джон асабіста дапамагалі Рыяну Вайту, які выпадкова заразіўся СНІДам праз ін’екцыю. Аднак у дадзеным выпадку гэта быў асобны казус, які напалохаў усю краіну. Вандалы білі вокны дому сям’і хлопца, рэзалі шыны аўтамабіля яго бацькоў. Калі маці хлопца хадзіла ў крамы, касіры кідалі ёй рэшту, каб не дакранацца да рукі жанчыны. Каб скончыць вучэбны год, Вайну давялося слухаць лекцыі настаўніка ў класе праз тэлефон.
Прыкладна напрыканцы 1980-х гадоў у сур’ёзных СМІ пачалася кампанія супраць істэрыкі. «Няма відавочных доказаў таго, што СНІД у ЗША выйшаў за рамкі вядомых групаў рызыкі, у прыватнасці, гомасексуалаў і наркаманаў. Ёсць прычыны, каб выказаць здагадку, што хвароба застанецца абмежаванай унутры гэтых груп у агляднай будучыні... Але з такой колькасцю “экспертаў”, якія драматызуюць эпідэмію, не дзіўна, шмат хто лічаць СНІД ледзь не грыпам», — адзначала ў 1987 годзе New York Times.
Аднак, хутчэй за ўсё, псіхоз удалося перамагчы за кошт працы навукоўцаў, якія адносна хутка высветлілі прычыны хваробы і прапанавалі прафілактычныя сродкі. Нейкі час таму з’явіліся навіны, што СНІД можна лячыць. Будзем спадзявацца, што эпідэмію каронавіруса чакае той жа лёс.