ЕС праз візы цісне на краіны, якія не прымаюць назад мігрантаў
Брусэль пагражае візавымі абмежаваннямі дзяржавам, якія адмаўляюцца прымаць назад бежанцаў. Гаворка ідзе пра перашкоды пры атрыманні кіроўнымі элітамі гэтых краін віз для наведвання Шэнгенскай зоны.
Еўрасаюз прыняў рашэнне істотна ўзмацніць ціск на краіны, што не прымаюць назад мігрантаў, якім было адмоўлена ў атрыманні прытулку на тэрыторыі ЕС. Пра гэта ў нядзелю, 29 кастрычніка, паведаміла газета Welt am Sonntag са спасылкай на заяву прэс-службы Еўракамісіі, атрыманую ў адказ на запыт выдання, піша dw.com.
У якасці аднаго з інструментаў ціску Брусэль называе стварэнне перашкодаў пры атрыманні кіроўнымі элітамі гэтых дзяржаў віз для наведвання Шэнгенскай зоны.
Прэцэдэнт ужо створаны. Бангладэш — першы прыклад краіны, у дачыненні да якой быў запушчаны такі механізм. У большасці сваёй грамадзяне гэтай дзяржавы прыбываюць у Еўропу — пераважна Італію — з Лівіі, нелегальна перасякаючы Міжземнае мора.
У дадзены момант Брусэль таксама вядзе перамовы з краінамі Паўночнай Афрыкі, каб ліквідаваць аналагічныя праблемы, звязаныя з адмовай ад прыёму бежанцаў, чые заявы былі адхіленыя ў ЕС. У 2016 годзе ў Італію з гэтага рэгіёну прыбылі больш за 180 тысяч мігрантаў. Амаль 90 працэнтаў з іх — праз Лівію.
Як перадае Welt am Sonntag, міністр унутраных спраў ФРГ Томас дэ Мэзьер (Thomas de Maiziere) ужо станоўча адрэагаваў на ініцыятыву Бруселя.