Глядзіце хто сыходзіць

Калі верыць расійскай прэсе, Дзмітрый Мядзведзеў адпраўляе ў адстаўку Муртазу Рахімава — самага аўтарытарнага расійскага губернатара.

Афіцыйная даведка:

Муртаза Рахімаў (75 гадоў) — прэзідэнт Рэспублікі Башкартастан з 1993 года. Паходзіць з сельскай сям’і. Пасля заканчэння Уфімскага нафтавага інстытута (1964) працуе ў нафтавай і хімічнай галінах. Быў дэпутатам Уфімскага гарсавета, Вярхоўнага савета Башкірскай АССР і СССР. У снежні 1993 года абраны прэзідэнтам Башкірыі і з таго часу не пакідае пасаду. Мае жонку і сына Урала. Урал — дэпутат башкірскага парламенту, адзін з самых заможных людзей у Расіі.



ad13a2a07ca4b7642959dc0c4c740ab6.jpg

Калі верыць расійскай прэсе, Дзмітрый Мядзведзеў адпраўляе ў адстаўку Муртазу Рахімава — самага аўтарытарнага расійскага губернатара.
Афіцыйная даведка:
Муртаза Рахімаў (75 гадоў) — прэзідэнт Рэспублікі Башкартастан з 1993 года. Паходзіць з сельскай сям’і. Пасля заканчэння Уфімскага нафтавага інстытута (1964) працуе ў нафтавай і хімічнай галінах. Быў дэпутатам Уфімскага гарсавета, Вярхоўнага савета Башкірскай АССР і СССР. У снежні 1993 года абраны прэзідэнтам Башкірыі і з таго часу не пакідае пасаду. Мае жонку і сына Урала. Урал — дэпутат башкірскага парламенту, адзін з самых заможных людзей у Расіі.


За гады кіравання Рахімава ў Башкірыі склаўся дзіўны рэжым, які нават расійскія палітолагі называюць аўтарытарным. Сістэматычна парушаюцца правы чалавека, ліквідаваны незалежныя СМІ, маюць месца сістэмныя парушэнні правоў нацыянальных меншасцяў, назіраецца моцная карупцыя, адсутнічае падзел галінаў уладаў (пад кантролем знаходзіцца МУС і суды). Афіцыйныя СМІ называюць Муртазу не інакш як Бацька ўсіх башкіраў.
На думку праваабаронцаў, існуе практыка пакарання цэлых раёнаў, жыхары якіх галасавалі супраць Рахімава. Самым гучным выпадкам тут была зачыстка ў Благавешчанску. Спецназаўцы загналі ў мясцовы ДК прыкладна сто чалавек, патрабавалі, каб усе знялі адзенне, збівалі іх, пырскалі ў вочы газам.
Цэнтр доўгі час апатычна глядзеў на фокусы Уфы. Тым больш што Рахімаў — сябар Адзінай Расіі. За Мядзведзева ў рэспубліцы галасуюць пад 80 працэнтаў выбаршчыкаў. І вось нечакана Крэмль змяніў пазіцыю. 10 сакавіка сур’ёзнае выданне «Ведомости» са пасылкай на крыніцы ў адміністрацыі РФ напісала пра хуткую адстаўку Рахімава. Нават называюцца кандыдатуры новага прэзідэнта краю. Гэта Юніс Лукманаў (старшыня аднаго з камітэтаў адміністрацыі Санкт-Пецярбургу) і Рудзік Ісхужынаў (былы супрацоўнік адміністрацыі прэзідэнта Башкірыі).
Калі верыць каментарам на башкірскіх блогах, уся Уфа цяпер п’е шампанскае.
«Трэба ўсё ж аддаць належнае Дзмітрыю Мядзведзеву! Ён можа ўвайсці ў гісторыю як першы прэзідэнт, які адправіў у адстаўку Рахімава. Ельцын не адправіў, Пуцін не адправіў, а Мядзведзеў змог», — не хавае пазітыўных эмоцый адзін з жыхароў Башкірыі на сваім блогу.
Людзі таксама вельмі цешацца з той нагоды, што пераемнікам Рахімава дакладна не будзе ягоны сын Урал. Імідж апошняга вельмі сапсаваўся пасля таго, як ён паспрабаваў кіраваць хакейным клубам «Салават Юлаеў» — спартовым гонарам Уфы.
Самае цікавае, што чуткі пра хуткую змену Рахімава выклікала шквал імперыялістычных настрояў. Справа не толькі ў тым, што Муртаза актыўна прыцягваў у кіруючыя органы башкіраў, хоць большасць насельніцтва рэспублікі — рускія (іх 29 працэнтаў, а башкіраў — толькі 26).
Шматлікія этнічныя рускія, якія жывуць у Башкірыі, лічаць, што сыход Рахімава — па сутнасці аднаўленне Уфімскай губерні. Так здарылася, што цяперашняя сталіца Башкірыі Уфа не ўваходзіла першапачаткова ў склад аўтаномнай савецкай Башкірыі, якая была абвешчаная ў 1919 годзе і прызнаная Леніным. Дарэчы, гэта было першае аўтаномнае ўтварэнне ў складзе Савецкай Расіі.
Толькі ў 1922 годзе дэкрэтам ЦВК Уфімская губэрня стала часткай тэрыторыі Башкірскай АССР, а сталіца пераехала ва Уфу, што чамусьці дае падставу шматлікім рускім разглядаць адстаўку Муртазы як аднаўленне гістарычнай справядлівасці. Тым больш, што апошнімі часамі ў рэспубліцы быў створаны культ Валідава — лідэра башкірскага нацыяналізму пачатку 20-х.
«У рэспубліцы заканчваецца эра махровага башкірскага нацыяналізму. Практычна завяршылася замена ўсіх башкіраў на пасадах, якія падпарадкаваныя федэральнаму цэнтру… У Рахімава застаўся толькі нацыяналістычны ўрад. Хутка губерня зажыве адзіным жыццём па законах Расіі. Народы губерні зачакаліся гэтага свята», — піша адзін з экзальтаваных прыхільнікаў адзінай і недзялімай.
Больш цвярозыя назіральнікі справядліва кажуць, што наўрад ці жыхарам той жа Уфы жылося б лепш, калі б Башкірыя называлася Уфімскай губерняй. Адзін з іх піша: «Ідэя адраджэння Уфімскай губерні — добры інструмент мабілізацыі хворай на галаву часткі рускага насельніцтва рэспублікі, аднак у практычным плане яна мёртвая. І не адродзіцца ніколі. Тэрытарыяльна рэспубліку не разарваць. За 90 гадоў яна стала маналітам».
Думаецца, што ніякага вяртання ў часы Расійскай Імперыі не будзе. Башкірыя застанецца аўтаноміяй. Верагодней за ўсё, мы назіраем канец кантракта цэнтру з так званымі «губернатарамі цяжкай катэгорыі». Да іх можна аднесці Лужкова, Шайміева, Рахімава, Роселя, Тулеева, Кадырава.
Сутнасць кантракту была наступнай: мы цябе не чапаем, ты — нас; за гэта ты гарантуеш нам стабільнасць і дэманструеш лаяльнасць, напрыклад, даеш патрэбныя лічбы на выбарах. Пры гэтым Крэмль прызнаваў, што адстаўка гэтых «губернатараў цяжкай катэгорыі» падобна да маленькага перавароту. Хутчэй прычына адстаўкі Рахімава ляжыць у канстатацыі пагрозы рэгіянальнага нацыяналізму, а не ў дэмакратычных забабонах Мядзведзева.
Тым часам кіраўнік прэс-службы рэспублікі паведаміў, што башкірскі прэзідэнт Муртаза Рахімаў збіраецца працаваць да заканчэння тэрміну сваіх паўнамоцтваў — да 2011 года.