Гаагскі трыбунал прысудзіў генерала Младзіча да пажыццёвага зняволення за генацыд
Гаагскі трыбунал па ваенных злачынствах у былой Югаславіі прысудзіў былога генерала арміі баснійскіх сербаў Ратка Младзіча да пажыццёвага зняволення, прызнаўшы яго вінаватым у генацыдзе і злачынствах супраць чалавечнасці.
![_98858348_mladic_bestgettyimages.jpg _98858348_mladic_bestgettyimages.jpg](/img/v1/images/_98858348_mladic_bestgettyimages.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ратка Младзіч у гады вайны ў былой Югаславіі ў першай палове 1990-х камандаваў арміяй баснійскіх сeрбаў і, на думку трыбунала, вінаваты ў забойстве тысяч мірных жыхароў Босніі і Герцагавіны.
Галоўнае са злачынстваў, учыненых па загадзе Ратка Младзіча — разня ў Срэбраніцы, дзе ў 1995 годзе былі забітыя больш за сем тысяч мусульман, мужчын і хлопчыкаў.
Младзіча таксама абвінавачваюць у злачынствах, якія здзейснілі ваенныя фармаванні сербаў пад яго камандаваннем, якія асаджалі горад Сараева. Аблога працягвалася каля трох з паловай гадоў, за гэты час у горадзе загінулі больш за 10 тысяч чалавек.
Суддзя Альфонс Орыё сказаў у сераду ў судзе, што Младзіч асабіста камандаваў артылерыяй, якая абстрэльвала жылыя раёны Сараева, паказваючы, куды страляць. Орыё нагадаў, што Ратко Младзіч абвінавачваўся па адзінаццаці эпізодах, у тым ліку па двух эпізодах генацыду і пяці эпізодах, якія абвінавачванне кваліфікавала як злачынствы супраць чалавечнасці. Усе гэтыя злачынствы былі здзейсненыя з мая 1992 па лістапад 1995 года.
Былы генерал, якому зараз 75 гадоў, хаваўся ад міжнароднага трыбуналу на працягу 16 гадоў. Ён быў арыштаваны ў маі 2011 года ў выніку аперацыі сербскіх спецслужбаў і адпраўлены для суда ў Гаагу.
У сакавіку гэтага года міжнародны трыбунал па былой Югаславіі прысудзіў экс-лідара баснійскіх сербаў Радавана Караджыча да 40 гадоў турмы за генацыд і ваенныя злачынствы падчас вайны ў Босніі ў 1992-95 гадах.
Ратка Младзіч — апошняя са знакавых фігур, якія апынуліся на лаве падсудных перад Гаагскім трыбуналам. У бліжэйшыя месяцы гэты створаны ААН спецыяльны суд павінен скончыць працу.
Паводле bbc.com