Ганконг — ганконгерам?

Акцыі пратэсту ў Ганконгу падышлі да небяспечнай рысы, калі Пекіну трэба абіраць: або маштабная паліцэйская зачыстка, або саступкі пратэстоўцам, сярод якіх набірае папулярнасць ідэя незалежнасці.

Фота www.bloomberg.com

Фота www.bloomberg.com


Масавыя пратэсты штодня праходзяць ва ўсіх кропках свету. Людзі заўсёды чымсьці незадаволеныя, і жадаюць дамагчыся справядлівасці, як яны яе разумеюць. Аднак цяперашнія маніфестацыі ў Ганконгу, безумоўна, фенаменальныя. Перш за ўсё дзівіць колькасць удзельнікаў, якая часам дасягала двух мільёнаў чалавек (у горадзе ўсяго 7 мільёнаў жыхароў).

Такая колькасць удзельнікаў акцый выходзіць на вуліцы з-за спробы Пекіну навязаць мясцовым уладам папраўкі ў закон аб экстрадыцыі. Шмат хто пабачыў у гэтым яшчэ адзін крок па скарачэнні аўтаноміі горада, якую ён атрымаў у 1997 годзе, калі вярнуўся ў склад КНР пасля 150-ці гадоў знаходжання пад кантролем брытанцаў. Між тым, у час пратэстаў заклікі ў абарону аўтаноміі ўсё часцей саступаюць месца патрабаванням поўнай незалежнасці ад Пекіну.

Ідэя незалежнага Ганконгу не новая. Пра незалежнасць тэрыторыі шмат казалі напрыканцы 1970-х гадоў, калі раптам да ўсіх дайшоў факт, што на носе 1997 год. Менавіта ў 1997-м заканчвалася арэнда брытанцамі Ганконга. Шмат каго з мясцовых жыхароў (асабліва тыя, хто збег у горад ад камуністаў) такая перспектыва не вабіла. Яны адстойвалі ідэю ўтварэння пасля 1997-га незалежнага горада-дзяржавы па мадэлі вельмі эканамічна паспяховага Сінгапура.

Незалежнікі спрабавалі (аднак беспаспяхова) дамагчыся ўдзелу ў брытана-кітайскіх перамовах наконт лёсу гораду. На тых жа перамовах праваліўся і план Маргарэт Тэтчар — стварыць з Ганконгу своеасаблівы буфер. Для кітайскага ж боку вяртанне тэрыторыі было сімвалічным актам канчатковага вызвалення ад каланіяльнай спадчыны.

Хаця падзеі 1989 года на плошчы Цяньаньмэнь моцна напалохалі жыхароў мегаполіса, рэінтэграцыя Ганконгу ў склад Кітая пасля 1997-га спачатку ішла даволі паспяхова. Антыпекінскія настроі пачалі фіксавацца толькі прыкладна 10 гадоў таму. Іх, на думку экспертаў, стымуляваў шэраг фактараў: рабочая міграцыя з мацерыка, культурная асіміляцыя, замах цэнтра на правы аўтаноміі і гэтак далей.

На гэтай глебе з’явіліся першыя распрацоўкі ідэі пра існаванне асаблівага, непадобнага на кітайцаў, калектыву «ганконгераў», які мае права сам вырашаць свой лёс. Асаблівую ідэнтычнасць ганконгцаў ад кітайцаў тлумачаць не толькі розным гістарычным вопытам, наяўнасцю ў горадзе вялікіх дыяспар з Паўднёвай Азіі, але таксама і моўным момантам. У гутарцы ганконгцы звычайна надаюць перавагу не путунхуá (афіцыйнай версіі кітайскай мовы), а так званаму кантонскаму дыялекту.

У асноўным пералічаныя тэмы піярылі студэнцкія прафсаюзы, актывісты якіх склалі авангард пратэстаў 2015-га (у прэсе іх называлі «рэвалюцыяй парасонаў»). Па выніках маніфестацый, што былі накіраваныя на захаванне аўтаноміі, пачалі стварацца структуры незалежнікаў — Нацыянальная партыя, індзейцы Ганконгу, Моладзевая інспірацыя… Найбольшую рэкламу стварыла сабе Моладзевая інспірацыя, прадстаўнікі якой былі абраныя ў парламент, і ў час прысягі дэпутатаў узнялі банер «Ганконг — не Кітай!»

Падаецца, Пекін спачатку недаацаніў патэнцыял сепаратыстаў. Інакш афіцыёз не пісаў бы з іроніяй, што іх лозунгі — гэта «палітычны жарт». Аднак паступова тон публікацый змяніўся. Цяпер у цэнтральнай прэсе заклікаюць лічыць незалежніцкія заявы крымінальным злачынствам, паколькі «гэта падобна на прапаганду нацызму ў Германіі». Таксама ў СМІ гучаць заклікі пра забарону ўдзелу сепаратыстаў у выбарах у заканадаўчыя органы аўтаноміі.

Але цяпер забарона наўрад ці будзе эфектыўнай. Ідэя незалежнасці яўна пайшла ў масы, а яе адэпты гатовыя на самыя радыкальныя ўчынкі — аж да акупацыі інфраструктурных аб’ектаў і захопу закладнікаў. Пры гэтым радыкалаў не спыняе факт ледзь не татальнай залежнасці Ганконгу ад паставак вады з мацерыка. Праект незалежнага горада таксама лёгка падарваць за кошт вываду кітайскіх кампаній з мясцовага фондавага рынку. У такім выпадку рынак страціць 37 працэнтаў сваёй капіталізацыі. Пекін можа шантажаваць горад і за кошт турыстаў. На кітайскіх турыстаў у 2017 годзе прыпадала 30 працэнтаў рознічных продажаў у горадзе, страта якіх адразу справакуе праблемы з беспрацоўем.

Адсутнасць рэцэптаў вырашэння пералічаных праблемаў дазваляе сумнявацца, што ідэя поўнай незалежнасці займее падтрымку большасці жыхароў Ганконгу. Хаця выключаць такога сцэнару таксама нельга. У горад ужо ўвайшлі дадатковыя паліцэйскія часткі, што можа ўзмацніць эскалацыю і, адпаведна, радыкалізаваць праграму маніфестантаў. У такім выпадку, падаецца, нас чакае другі Цяньаньмэнь. Яшчэ ў пачатку ліпеня прэзідэнт Сі Цзіньпін папярэдзіў Ганконг, каб ён не пераходзіў «чырвоную лінію» падрыву суверэнітэту Кітая.

У экспертным асяроддзі, сапраўды, дапускаюць абвяшчэнне незалежнага Ганконгу, аднак бачаць гэта як вынік вельмі складаных глабальных камбінацый. Вось тыя варыянты:

1) На азіяцкім кантыненце пачнецца вялікі міжнародны крызіс з удзелам Кітая, і Ганконг скарыстаецца слушным момантам.

2) У Пекіне пры ўладзе апынецца слабае кіраўніцтва, якое страціць кантроль над сітуацыяй.

3) Ганконг страціць у вачах Пекіна вялікую каштоўнасць, і той не будзе супраць абвяшчэння суверэнітэту горада.

4) Улады горада пераканаюць КНР у тым, што Ганконг са статусам незалежнай дзяржавы больш карысны для рэалізацыі кітайскіх інтарэсаў, і не пойдзе шляхам Паўднёвай Карэі — «марыянеткі ЗША».

Яшчэ адзін шанец стаць незалежным Ганконг можа атрымаць у 2047 годзе, калі заканчваецца згаданы вышэй брытана-кітайскі дагавор аб вяртанні горада ў склад Кітая. Пасля гэтага юрыдычны статус мегаполіса можна, на думку юрыстаў, аспрэчыць. Некаторыя фракцыі незалежнікаў ужо зараз заклікаюць рыхтавацца да 2047 года, распрацаваўшы для пачатку праект Канстытуцыі незалежнага Ганконга.