Харватыя стала чальцом Шэнгенскай зоны

Харватыя з 1 студзеня далучылася да Шэнгенскай зоны, стаўшы 27 краінай аб'яднання адкрытых межаў.

croatia_1611128_1280.jpg


У навагоднюю ноч Харватыя таксама развіталася са сваёй валютай куна і стала 20-м чальцом еўразоны, піша Еўрапейская праўда. З сённяшняга дня ў Харватыі еўра становіцца афіцыйнай валютай, якая павінна паступова замяніць харвацкую куну. Згодна з мясцовым заканадаўствам, куна будзе паступова выходзіць з абарачэння да 31 ліпеня 2023 года.
З верасня 2022 года ў Харватыі пачаўся пераход на цэны на тавары ў еўра, прычым у цэнніках паказваліся цэны і ў еўра, і ў кунах. А ў лістападзе харвацкі парламент ухваліў першы ў гісторыі бюджэт у еўра.
Міністр фінансаў Харватыі Марка Прымарац тады тлумачыў, што ўвядзенне еўра «ўмацуе нашу эканоміку, стане якарам стабільнасці, зробіць нас больш устойлівымі і абароненымі ад знешніх шокаў і крызісаў, а таксама будзе спрыяць паляпшэнню інвестыцыйнага клімату».
Важныя змены ў Харватыі адбыліся амаль праз 10 гадоў пасля яе ўступлення ў Еўрасаюз у 2013 годзе.
Уступленне Харватыі ў Шэнгенскую зону будзе спрыяць развіццю ключавой індустрыі турызму краіны, на якую прыпадае 20% яе ВУП. Аднак праз тэхнічныя праблемы памежны кантроль у аэрапортах скончыцца толькі 26 сакавіка.
Між тым, Харватыя захавае строгі памежны кантроль на сваёй усходняй мяжы з суседзямі, якія не ўваходзяць у ЕЗ — Босніяй і Герцагавінай, Чарнагорыяй і Сербіяй.