Гастынгс як акупацыя Брытаніі

Брытанскім еўраскептыкам мала выхаду краіны са складу Еўрасаюзу. Яны патрабуюць перапісаць гісторыю з антыеўрапейкіх пазіцый. Першай ахвярай рэвізіяністаў стала славутая бітва пры Гастынгсе, якой сёлета споўнілася 950 гадоў.

Смерць Гаральда ў бітве. Малюнак з дывана Баё

Смерць Гаральда ў бітве. Малюнак з дывана Баё

14 кастрычніка 1066 года недалёка ад гарадку Гастынгс сустрэліся нарманы на чале з герцагам Вільгельмам Першым і войскі англійскага караля Гаральда. Англічане былі ўшчэнт разбітыя, а сам Гаральд, паводле легенды, быў смяротна паранены стралой у вока. Пасля перамогі пад Гастынгсам герцаг нармандскі Вільгельм стаў каралём Англіі, цалкам падпарадкаваўшы сабе краіну.

Заваёва нармандцамі — сапраўды важная старонка англійскай гісторыі, і ў падручніках яна падавалася цалкам нейтральна. Лічылася, што нармандская акупацыя прывяла да змены палітычнай эліты, аднак нармандцы дастаткова хутка асіміліяваліся. Акрамя негатыўных наступстваў прызнавалася прагрэсіўная роля акупантаў у мадэрнізацыі і паскарэнні эканамічнага і сацыяльна-палітычнага развіцця краіны, стварэння інстытутаў грамадскіх адносін і фармавання моцнай каралеўскай улады.

Палітычныя рэаліі Вялікабрытаніі выклікалі новыя трактоўкі. Палітыкі, якія падтрымлівалі Brexit, і блізкая да іх прэса прапануюць новую версію бітвы пры Гастынгсе і яе наступстваў. Калі ім верыць, нармандская заваёва на самай справе была катаклізмам для англійскага народу. «Пасля 1066 года ўся краіна была сціснутая ў кулак. Замкі, якія былі дагэтуль рэдкасцю, узнікалі паўсюдна. Іх будавалі не для абароны ад знешняга ворага, а як інструмент для ўнутраных рэпрэсій», — піша “Daily Telegraph”, нагадваючы, што 92 працэнты феадалаў і баронаў, якія тады фактычна кіравалі краінай, былі іншаземцамі.

Вільгельму Першаму медыя еўраскептыкаў прыпісваюць цэлы пакет злачынстваў — пачынаючы ад усталявання абсалютнай манархіі да замаху на прыватную ўласнасць праз інвентарызацыю ўсіх зямельных надзелаў у так званай «Кнізе Страшнага суда». Следствам акупацыі з кантыненту стала ўзмацненне феадальнай эксплуатацыі сялян, якім забаранілі без дазволу мяняць прапіску. Было ліквідавана права карыстацца публічнымі прыроднымі рэсурсамі, накшталт лясоў, статус былых вольных сялян стаў больш падобны да прыгонных. Узгадваецца, што непасрэдным следствам бітвы пры Гастынгсе стала масавая эміграцыя тубыльцаў. Англасаксы беглі абы-куды (Швецыя, Данія, Шатландыя) і нават у далёкую Візантыю.


Герцаг Вільгельм забівае караля Гаральда. Выява канца XIII стагоддзя.

Герцаг Вільгельм забівае караля Гаральда. Выява канца XIII стагоддзя.


Нарэшце, пасля прыходу нарманаў пачаўся і культурны генацыд. Любы літаратурны прадукт на англійскай мове аўтаматычна трапляў пад забарону. Усе афіцыйныя дакументы мусілі быць напісаныя выключна па-нармандску. Толькі праз два стагоддзі, у 1362 годзе, у адказ на петыцыю горада Лондана парламент Англіі пастанавіў, каб судовыя справы разбіраліся на англійскай мове. Цікавым прыкладам няроўнасці паміж акупантамі і мясцовымі з’яўляецца тагачасны слоўнік кулінарных тэрмінаў. Такія назвы, як «ялавічына», «свініна», «бараніна» існавалі толькі на французскай мове. Простыя англічане нават не ведалі, што азначае такое меню праз татальную галечу.

Адным словам, Гастынгс на самай справе быў еўрапейскай акупацыяй Брытаніі. Калі верыць еўраскептыкам, ідэя пазбавіцца нармандскага ярма была лейтматывам усіх сацыяльных рухаў Англіі на працягу наступных сямі стагоддзяў — аж да славутай англійскай рэвалюцыі. Таму, на думку еўраскептыкаў, сапраўдны патрыёт павінен святкаваць не Гастынгс, а Насебі — невялікая вёска ў цэнтральнай Англіі, дзе ў 1645 годзе парламенцкія войскі разбілі каралеўскую армію, жаўнераў якой у народзе называлі «лейтэнанты Вільгельма». Такую мянушку прыдумалі, каб пакрэсліць, што манархічная ўлада — рудымент нармандскай заваёвы.

Адначасова ў прэсе з’явіліся спекуляцыі наконт таго, што на нейкім аўтапарку знойдзены могілкі караля Гаральда. Іх знайшоў патрыёт, які заклікаў аднадумцаў правесці цырымонію перапахавання манарха. Юбілей бітвы пры Гастынгсе стаў падставай для тролінга спробаў праеўрапейскіх брытанцаў пераглядзець вынікі чэрвеньскага рэферэндуму пра выхад з ЕС. Зараз ідзе збор подпісаў за новы плебісцыт. У адказ еўрафобы запусцілі петыцыю за перагляд вынікаў бітвы пры Гастынгсе.

Тэзісы еўраскептыкаў выклікалі жах у прагрэсіўнай грамадскасці, якая назвала дыскусію вакол Гастынгсу «другім прыходам варвараў». Справа не толькі ў тым, што сярод гісторыкаў даўно дасягнуты кансенсус — тэорыя «нармандскага ярма» як радыкальнага знішчэння старажытнага «свабоднага» англасаксонскага грамадства іншаземнымі заваёўнікамі паўстала ў 17 стагоддзі пад уплывам усталявання ў Вялікабрытаніі парламенцкай манархіі. Такі дзяржаўны лад разглядаўся многімі сучаснікамі як вяртанне да традыцыйных англасакскіх свабодаў.

Праблема ў тым, што цяпер дыскусію вакол наступстваў бітвы пры Гастынгсе вядуць не гісторыкі, а карыстальнікі сацыяльных сетак. Прапанаваныя ідэолагамі Brexit прымітыўныя тэорыі мінулага лёгка заваёўваюць розумы падлеткаў. На інтэрнэт-форумах жоўтых медыя можна пабачыць нават каментары пра тое, што Вільгельм Першы быў ледзь не далёкім прашчурам ненавіснай еўрафобам Ангелы Меркель.

«Мы ўваходзім у эпоху цёмных часоў. Гэта эпоха ідзе ад святла, якое мільгаціць на экранах нашых айфонаў, а на самай справе асляпляе і ўцягвае ў чарнату. Наша цывілізацыя балансуе на мяжы прорвы», — сумна прызнае “The Guardian” у сваім каментары наконт дэбатаў пра Гастынгс.

З улікам таго, што Brexit не даў Вялікабрытаніі ніводнага пазітыву, спакуса кампенсаваць правалы за кошт гістарычных сенсацый сярод еўрафобаў будзе толькі ўзмацняцца.